Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Трэба зрабіць высновы і абыходзіцца зь беларускай дзяржавай як з дыктатурай"


У сэйме Літвы на пазачарговым пасяджэньні Камітэту па замежных справах абмяркоўваліся дзеяньні Літвы ў сувязі зь перадачай афіцыйнаму Менску інфармацыі пра рахункі беларускіх апазыцыянэраў. Вырашана стварыць міжведамасную камісію і распрацаваць мэханізм, які дапаможа пазьбегнуць такой сытуацыі ў будучыні. Як ставяцца да такіх крокаў літоўскага боку ў беларускай апазыцыі? Якія высновы неабходна зрабіць з гэтага інцыдэнту?

Міністар юстыцыі Літвы Рэмігіюс Шымашус выказаў шкадаваньне з прычыны раскрыцьця фінансавай інфармацыі адносна Алеся Бяляцкага і паабяцаў дапамагаць беларускім апазыцыянэрам, якія церпяць перасьлед. Пасьля пасяджэньня камісіі Шымашус заявіў, што афіцыйны Менск зламысна скарыстаўся інструмэнтам прававой дапамогі для палітычнай расправы. У выніку гэтага, адзначыў міністар, неабходна карэктаваць як сам мэханізм аказаньня прававой дапамогі, так і супрацоўніцтва ўстаноў Літвы ў гэтай галіне.

Старшыня руху "За свабоду" Аляксандар Мілінкевіч вітае цяперашнія захады літоўскага боку.

"Вельмі важна вызначыць, як такое магло атрымацца ў Літве, якая столькі часу падтрымлівала дэмакратызацыю ў Беларусі, спрыяла выбару эўрапейскага шляху разьвіцьця — і раптам выдача актывістаў-праваабаронцаў, фактычна — здрада з боку афіцыйных літоўскіх уладаў. Трэба разабрацца, каб такое не паўтаралася і каб іншыя краіны гэтага не зрабілі. Бо так можна зьнішчыць дэмакратычную супольнасьць, якая столькі гадоў змагаецца за правы чалавека".

Мілінкевіч называе выпадак зь перадачай банкаўскіх рахункаў праваабаронцаў "трагічнай памылкай".

"Трэба зрабіць высновы, каб абыходзіцца зь беларускай дзяржавай як з дыктатурай. Насамрэч, калі мы возьмем адносіны да дыктатураў, то ў дэмакратычных краінах не рэагуюць на лісты, якія просяць пра інфармацыю, не рэагуюць на лісты, якія патрабуюць экстрадыцыі людзей, якія змагаюцца за свабоду. А гэтак можна рэагаваць, нібыта ў Беларусі ўжо грамадзтва жыве вольна, мы маем вольныя выбары і наша дзяржава ў эўрапейскай супольнасьці. Не, гэта дыктатура".

Старшыня АГП Анатоль Лябедзька адзначае, што справа Бяляцкага актуалізавала дыскусію ў глябальным маштабе: якія павінны быць суадносіны паміж каштоўнасьцямі і прагматызмам? Палітык выключае, што такая сытуацыя магла б узьнікнуць пры прэзыдэнце Валдасу Адамкусу.

"Патрэбнае вырашэньне пытаньня на стратэгічным узроўні. Што каштоўнасьці — гэта першаснае, а прагматызм — яму калі і ёсьць месца, то вельмі вузкае і лякальнае. Вось калі па выніках справы Бяляцкага мы ў памерах Эўропы выйдзем на такое разуменьне праблемы Беларусі, то я буду лічыць, што апраўдана знаходжаньне Алеся за кратамі. Трэба фармуляваць стратэгію, якая базуецца на каштоўнасьцях".

Лябедзька спадзяецца, што справа Бяляцкага стане прадметам абмеркаваньня ня толькі ў Літве, а і ў некаторых іншых эўрапейскіх краінах, дзе прагматызм у значнай ступені выцесьніў каштоўнасьці.

"Цяпер задача для нас, для грамадзянскай супольнасьці, унесьці гэтую праблему ў эўрапейскі парадак дня, у парадак дня Брусэля. А ня толькі лякалізавацца сытуацыяй па Літве".

Старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч адзначае, што справа Бяляцкага дае падставы для перагляду мэханізмаў дапамогі грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі.

"Наступствы гэтых падзеяў будуць адбівацца на рэпутацыі літоўскага ўраду яшчэ доўга. І зараз цяжка прадбачыць, якія гэта будзе мець наступствы ў пэрспэктыве. Цяжка сказаць, ці дастатковыя зробленыя высновы, бо я думаю, што гэтая справа яшчэ ня скончаная. У самой Літве палітычныя працэсы вакол гэтай справы будуць яшчэ доўга працягвацца".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG