Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Куры – у Маскву, вантробы – беларусам


У многіх харчовых крамах Беларусі апошнім часам значна звузіўся асартымент мясных й малочных вырабаў. Дэфіцытам робяцца нават прадукты са сьпісу сацыяльна значных тавараў. Чаму так адбываецца?




ГОМЕЛЬШЧЫНА: заўважна скараціўся асартымэнт малочных і мясных вырабаў зь іншых рэгіёнаў

Гаворыць спадарыня Алена, гомельская пэнсіянэрка, якая яшчэ й працуе:

"Даўно няма. Для нас гэта кепска: вечарам ідзеш — адно дарагое малако. Я купляю малако тлустасьцю 2,5 адсотка, але яго амаль ніколі няма. Для пэнсіянэра гэта ўсё-ткі прадукт першай неабходнасьці. А купіць яго проста так немагчыма. Вечарам наагул можна не заходзіць у краму".

Суразмоўца карыстаецца найчасьцей унівэрсамам "Родная старонка" акцыянэрнага таварыства "Дабрабыт" — ён месьціцца ў густанаселеным мікрараёне "Стары аэрадром".

Гэтай жа крамай карыстаецца й пэнсіянэр Уладзімер:

"Я звычайна малако бяру толькі "Савушкін прадукт", а гомельскае мне не падабаецца: на смак не такое. Сьмятана "Брэст-Літоўская" таксама надзвычай добрая. Але яе амаль не завозяць — перабоі нейкія".

Прадавачка малочнага аддзелу ўнівэрсаму пацьвярджае, што раней і ААТ "Савушкін прадукт" зь Берасьця, і ААТ "Малочны сьвет" з Горадні, і розныя іншыя вытворцы выконвалі замовы гандлёвых прадпрыемстваў на пастаўку і малака, і масла, і сьмятаны, і тварагу, а цяпер заяўкі проста карэктуюць:
Яны нашы заяўкі проста не выконваюць. Кажуць, што ў першую чаргу
забясьпечваюць свае вобласьці

"Па заяўцы — колькі мы заказвалі, столькі й прывозілі. А цяпер яны самі зьмяншаюць. Відаць, аддаюць на экспарт у Расею, я ж ня ведаю".

Шырокую сетку харчовых крамаў "Асарці" мае ў абласным цэнтры гандлёвае прадпрыемства "Аблгандальсаюз". Аднак і тут назіраюцца перабоі з прадукцыяй іншых рэгіёнаў. Гараджанам прапануюць пераважна малочныя й мясныя вырабы тутэйшых вытворцаў, у якіх сыравінная база — заражаныя радыяцыяй раёны.

Замовы розьнічнага гандлёвага цэнтру "Асарці" берасьцейскія, менскія ды іншыя вытворцы з "чыстых" рэгіёнаў краіны наўпрост не выконваюць.

Гаворыць прадстаўніца гандлёвага цэнтру спадарыня Аляксандрава:

"Яны нашы заяўкі проста не выконваюць. Кажуць, што ў першую чаргу
забясьпечваюць свае вобласьці. Нам ужо рэшту — адсоткаў на 50, іншы раз на 30, на 10, іншы раз наагул не выконваюць. Не адмаўляюць катэгарычна, а проста зьмяншаюць заяўкі. "Малочны сьвет" з Горадні калі бярэ заяўку, а калі — не. Іншы раз ідзе іхняя машына ў Гомель, іншы раз — не. "Савушкін" неяк наагул не даваў прадукцыю некалькі дзён".

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:59 0:00
Наўпроставы лінк



МАГІЛЁЎШЧЫНА: У рэгіёне — перабоі зь мясам птушкі


Нястача кураціны адчуваецца нават у фірмовых крамах. Людзі сюды прыходзяць, каб набыць таньнейшае мяса, але не заўжды гэта ўдаецца:

"У нас ёсьць фірмовая крама, і яна практычна заўжды стаіць пустая. У асноўным ляжаць нейкія вантробы, у лепшым выпадку могуць быць кураняты. Прадаўцы рукамі разводзяць. У іх адно слова: чакайце, чакайце, прывязем. Нават на цэнтральным рынку ўжо няма ранейшага выбару", скардзіцца жыхарка магілёўскага мікрараёну "Юбілейны".

Куры — у Маскву, супавыя наборы — месьцічам
На "Юбілейным" некалькі фірмовых мясных крамаў. Іх паліцы і праўда ня дужа цешаць разнастайнасьцю. Пры ўключаным мікрафоне прадаўцы агучваць прычыны нястачы кураціны адмаўляюцца. У прыватных жа гутарках заяўляюць, што ім яе недапастаўляюць вытворцы.

Каля адной з такіх крамаў гутару з наведнікамі:

Спадарыня: "Курэй тут няма. Ёсьць толькі такія, як мы называем, "доўгаграючыя" супавыя. Так ёсьць грудкі й сёе-тое, але цэлых курэй не відаць".

Карэспандэнт: "А можа, цікавіліся, чаму іх няма?".

Спадарыня: "Яны кажуць, што не даюць іх нам".

Яшчэ адна спадарыня заявіла, што пасьпела аббегаць амаль увесь раён, каб набыць кураціны, але марна:

Калі іх не абмежаваць, то расьцягнуць усю Беларусь…
"Вось цяпер іду ў гэты во ларок, дзе прыватнік — туды іншым разам прывозяць. А так няма курэй. Усё на Расею ідзе. І памідоры нашы ідуць на Расею. А цэны — вы ж самі ведаеце, якія ў нас цэны высокія. А даляр які!".

У тым, што ў нястачы мясных прадуктаў вінаватая Расея, перакананыя амаль усе, з кім давялося пагутарыць. Некаторыя нават вітаюць падаражэньне харчоў. Як гэты пэнсіянэр:

"Калі б таго не рабілася, то расейцы б парасьцягнулі ўсю Беларусь. І калі не абмежаваць, дык расьцягнуць, а потым там будуць перапрадаваць і спэкуляваць".

Марголін: "Цяперашні дэфіцыт прывядзе да чарговага падаражэньня"


Незалежны эканаміст Леў Марголін перакананы, што сытуацыя на харчовым рынку Беларусі прывядзе да чарговага падаражэньня мясных і малочных прадуктаў: "Калі раней буйныя прадпрыемствы мяса-малочнай прамысловасьці шукалі для збыту сваёй прадукцыі рэгіянальныя рынкі ў Беларусі, то цяпер вывозяць усю прадукцыю ў Расею па вышэйшым кошце. Толькі давай! Колькі дасі, столькі і зьядуць!".

Карэспандэнт: "У Беларусі цэны на малочную прадукцыю й мяса былі падвышаныя апошні раз 3-га жніўня, у сярэднім на 5 працэнтаў. Цяпер, верагодна, трэба чакаць новага падаражэньня?".

Марголін: "Я лічу, што так. Бо ў дадзеным становішчы іншыя захады ніякага выніку не дадуць. Хоць страляйце ў дырэктара мясакамбінату, але яшчэ Карл Маркс папярэджваў, што калі прыбытак будзе 300 працэнтаў, то хоць так, альбо гэтак ён будзе знаходзіць дарогу. У Расею, каб там збываць свой тавар.

І цяперашнія беларускія чыноўнікі гэта добра разумеюць, бо намесьнік прэм'ер-міністра Сяргей Румас ужо неаднойчы казаў, што "мы так ці інакш, але мусім выраўняць кошты ў Беларусі з тымі, якія ў суседзяў".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG