Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У "палітычных" шанцы на апраўданьне – мінімальныя


Канстанцін Каплін

Канстанцін Каплін

9 жніўня Гарадзенскі абласны суд разглядаў скаргу Канстанціна Капліна, які 3 ліпеня быў затрыманы на Савецкай вуліцы нібыта за ўдзел у "маўклівай" акцыі. Канстанцін – інвалід, у яго замест аднае рукі — пратэз. Сьведка-міліцыянт паказаў, што ён разам зь іншымі браў удзел у несанкцыянаваным шэсьці і пляскаў у далоні. Скаргу інваліда суд не задаволіў.

Канстанцін яшчэ раз тлумачыў суду, што ня браў удзелу ў акцыі, проста збоку яе фатаграфаваў, і ў далоні пляскаць ня мог, бо ў яго замест аднае рукі — пратэз.

Судзьдзя Анатоль Заяц, выслухаўшы ўсе довады Капліна, абвясьціў, што скаргу не задавальняе. Канстанцін Каплін кажа, што чакаў іншага, бо ўсё было відавочна.

Каплін: "Калі я пагаварыў перад гэтым у Ленінскім судзе з судзьдзёй Козел, у мяне склалася ўражаньне, што зьбіраюцца апраўдаць, і сёньня, калі ўвайшоў судзьдзя Заяц і павёў сябе так, мне здалося, што намёткі ёсьць, а тут на табе — і ўсё… Буду пісаць скаргу вышэй".

У абласным судзе разглядалася скарга Аляксандра Таскаева, якога затрымалі 6 ліпеня на Савецкай вуліцы за паўгадзіны да пачатку акцыі. Чалавек у цывільным, прадставіўшыся міліцыянтам, запрасіў яго праехаць у пастарунак для высьвятленьня асобы, бо, маўляў, ён вельмі падобны да рабаўніка крамы.

У пастарунку на Аляксандра склалі пратакол, а пазьней асудзілі на 10 сутак за нецэнзурную лаянку ў грамадзкім месцы. Аляксандар Таскаеў прадставіў суду нават раздрукоўку перамоваў з мабільнага тэлефона, бо ён размаўляў па тэлефоне, калі яго забіралі, але суд і гэтага ня ўзяў пад увагу.

Сёньня Аляксандар быў у судзе з жонкай, маці і нават наняў адваката. Ён засмучаны тым, што суд не бярэ пад увагу ніякіх довадаў, і кажа, што будзе далей адстойваць свае правы. Яшчэ дадае, што на працы, а працуе ён машыністам цеплавоза на "Гродна Азоце", у яго з-за гэтага пачаліся праблемы.

Ужо цікавяцца, ці можна мяне за нешта звольніць
Таскаеў: "Ужо цікавяцца, ці можна мяне за нешта звольніць. Але паколькі ў мяне прамых парушэньняў працоўнай дысцыпліны няма, то пакуль працую. Праўда, адчуваю, што ў хуткім часе яны нешта прыдумаюць, каб усё ж мяне пазбавіцца".

Канстанцін Каплін кажа, што таксама мае дрэнныя прадчуваньні пасьля гэтых прысудаў, хоць ён пакуль часова беспрацоўны і толькі зьбіраецца пайсьці на курсы бухгальтараў ад Цэнтру занятасьці.

Каплін: "Хутчэй за ўсё, такім напорыстым націскам улада спрабуе нас пазбавіцца. Я так разумею, яны хочуць выштурхнуць нас з краіны, так тупа і без варыянтаў".

За судовымі працэсамі ў залі суду назіраў гарадзенскі праваабаронца ад БХК Раман Юргель. Вось што ён думае наконт рашэньня суду.

Юргель: "Яшчэ ніводная палітычна матываваная справа, заведзеная міліцыяй і разгледжаная ў раённых судах, не была адменена ў вышэйшых інстанцыях. Гэтыя справы — не выключэньне. Думаю, што і ў абласным, і ў Вярхоўным судзе праўды знайсьці ў дадзеным выпадку ня ўдасца".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG