Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аналітыкі прагназуюць магчымасьць новага глябальнага крызісу. Яго першая хваля ў 2008 годзе спаралізавала фондавыя рынкі, адкінуўшы назад эканоміку шмат якіх рэгіёнаў сьвету. Пасьля нядаўняга рашэньня агенцтва "Standard&Poor’s" зьнізіць доўгатэрміновы крэдытны рэйтынг ЗША, які краіна ўтрымлівала на вышэйшым узроўні апошнія 70 гадоў, экспэрты не выключаюць эфэкту даміно, калі вынікам недаверу да амэрыканскай эканомікі стане ланцуговая рэакцыя абвалаў каціровак на фондавых біржах. У якой ступені гэта паўплывае на эканоміку Беларусі, якая і без таго ў стане глыбокага фінансавага крызісу?

Найвышэйшых доўгатэрміновых крэдытных рэйтынгаў ужо ня маюць тры краіны "Вялікай сямёркі" — ЗША, Японія і Італія. Экспэрты трывожацца: калі ў шэраг "праблемных" трапілі вядучыя ўсясьветныя эканомікі, то чаго чакаць ад іншых? На гэтым тле пануюць трывожныя настроі: наймацнейшым з 2008 году падзеньнем галоўных індэксаў скончыў працу амэрыканскі фондавы рынак, на мяжы фондавай панікі балянсуюць азіяцкія пляцоўкі. Як вынік — узрушэньні на сыравінных і валютных рынках. Апроч падзеньня цэнаў на нафту, абясцэньваюцца так званыя сыравінныя валюты — грошы дзяржаў, у чыім экспарце значную долю складаюць вуглевадароды.

Кіраўнік Агенцтва дзелавых сувязяў Валянцін Лопан перакананы, што пры такім раскладзе сьвет наўрад ці пазьбегне новай крызіснай хвалі:

Глябальны крызіс ня скончыўся, цяпер усе ў чаканьні другой яго хвалі
"Глябальны крызіс ня скончыўся, цяпер усе ў чаканьні другой яго хвалі. І я б не займаўся самасуцяшэньнем: вось, маўляў, пражылі два-тры гады, і цяпер усё нармалізуецца. Марныя спадзяваньні. Поўнага вяртаньня ў дакрызісныя часы ня будзе. Сьвет зьмяніўся, рынкі зьмяніліся. Таго, "што раньш было", ужо ня будзе. Трэба проста зразумець: так, як цяпер, будзе надалей заўсёды, калі ня горш. Неабходна нарэшце ўсьвядоміць, што многае навокал зьмянілася да непазнавальнасьці, вяртаньня ў адносна спакойнае мінулае няма. Некаторыя, нават разумныя, людзі дагэтуль лічаць: быў глябальны крызіс, але ён мінуў, нарэшце мы вернемся на старыя пазыцыі і будзе ўсё як раней. Ня будзе!".

Наколькі пагроза новага фінансавага крызісу небясьпечная для Беларусі? З аднаго боку, краіна ня мае паўнавартаснага фондавага рынку, не інтэграваная ў сыстэму біржавых каціровак, ня можа нават ацаніць уласную маёмасьць паводле міжнародных стандартаў. Зь іншага боку, беларускія ўлады без прыкметнага посьпеху змагаюцца з унутраным валютным крызісам. Сытуацыю аналізуе фінансавы кансультант Сяргей Чалы:

"Што праўда, то праўда: фінансавы крызіс для нас асабліва вялікіх праблемаў не складае, таму што, уласна кажучы, ну што ён можа значыць? Пагаршэньне каціровак нашых эўрааблігацыяў і пагаршэньне ўмоваў зьнешніх запазычанасьцяў? Так, але там, папраўдзе, і так даходнасьці такія, што па іх разьмяшчацца ніхто ня будзе — ні аблігацыі сувэрэнныя, ні аблігацыі банкаў, ніхто. Так што больш балюча нам ужо ня зробяць. Але што тычыцца міжнароднага гандлю, то калі сытуацыя насамрэч прывядзе да эканамічнага крызісу, у тым ліку і ў Расеі, то так, зьніжэньне попыту будзе адчувальнае. Прынамсі, на нашу прадукцыю з высокім дабаўленым коштам — тыя ж машыны, трактары і г.д. То бок у гэтым сэнсе крызіс, безумоўна, на нашай эканоміцы адаб'ецца".

Расейскі аналітык, дэпутат Дзяржаўнай думы Сяргей Маркаў лічыць, што наўпрост Беларусь не пацерпіць ад новай навалы, але спаўна хопіць і таго гора, якое ёсьць цяпер. Апроч таго, ён згодны зь беларускімі экспэртамі, якія перакананыя: нэгатыўны ўплыў можа зрабіць Расея, якая застаецца асноўным эканамічным партнэрам Беларусі:

"Вядома, крызіс закране ўсіх без выключэньня, але ён закране ўсіх у рознай ступені. Найбольш, у прыватнасьці, ён зачэпіць тых, у каго разьвітыя фондавыя рынкі, разьвітая банкаўская сыстэма, адпаведна — моцная сувязь гэтага фондавага рынку і банкаўскай сфэры з рэальнай эканомікай. У Беларусі гэтага, як вядома, практычна няма, таму непасрэдна яе фондавы крызіс і не закране. Праз Расею ўскосна адаб'ецца, але ж у Расеі таксама фондавы рынак разьвіты значна горш, чым у краінах Эўразьвязу і ЗША. Банкаўская сыстэма вельмі дрэнна разьвітая. Увогуле гэта вельмі кепска, але ў дадзеным выпадку гэта аказваецца адноснай перавагай".

Любы эканамічны крызіс азначае згортваньне вытворчай актыўнасьці, зьмяншэньне спажывецкага попыту і, як вынік, вымушанае зьніжэньне дзелавой актыўнасьці. У гэтым сэнсе, мяркуюць незалежныя эканамісты, Беларусі трэба быць гатовай да таго, што аб'ёмы і без таго сьціплага беларускага экспарту будуць зьмяншацца. І найбольш адчувальна гэта ўдарыць якраз па тых галінах, якія стабільна прыносілі валюту ў бюджэт — пастаўка нафтапрадуктаў у краіны Заходняй Эўропы, гандаль калійнымі ўгнаеньнямі, грузавымі машынамі, трактарамі, сельгастэхнікай.
XS
SM
MD
LG