Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Баранавічах хочуць правесьці пікет у абарону Бяляцкага


Сяргей Гоўша

Сяргей Гоўша

Жыхар гораду Сяргей Гоўша падаў заяўку на пікет, які плянуе правесьці ў Старым парку 22 жніўня.

Мэта пікету — праінфармаваць грамадзянаў Баранавіч пра арышт Алеся Бяляцкага — кіраўніка Праваабарончага цэнтру "Вясна", віцэ-прэзыдэнта Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека (FIDH) — і запатрабаваць яго вызваленьня. Колькасьць удзельнікаў — да 10 чалавек, час правядзеньня — з 18:00 да 20:00, паведамляе баранавіцкая газэта "Intex-press".

У выпадку ўзьнікненьня перашкод для правядзеньня дадзенага мерапрыемства Сяргей Гоўша просіць прапанаваць яму альтэрнатыўны час альбо месца. Адначасова арганізатар пікету падаў заявы на складаньне дамовы з Баранавіцкім аддзелам унутраных спраў, са спэцаўтабазай і са станцыяй хуткай дапамогі.

Сяргей Гоўша прызнаўся "Intex-press", што мае слабую надзею на атрыманьне дазволу на пікет. "За чатыры апошнія гады ў Баранавічах дазволілі толькі два пікеты, — кажа ён, — Чарнавусу і Грыку, апошні да таго ж мусіў за гэта яшчэ і сплаціць грошы розным службам гораду".
XS
SM
MD
LG