Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Варшаве адзначаюць угодкі паўстаньня супраць нямецкай арміі. Армія Краёва разам з жыхарамі гораду ў 1944 годзе два месяцы — жнівень і верасень змагалася са зброяй у руках. Вэрмахт зламаў супраціў толькі 3 кастрычніка.

У Варшаўскім паўстаньні ўдзельнічалі разам з дарослымі, са сваімі бацькамі, падлеткі, дзеці. Ля адбудаванай сьцяны Старога гораду — бронзавы помнік хлопчыку-паўстанцу ў касцы нямецкага жаўнера. 7 жніўня на плошчы перад Каралеўскім палацам турысты назіралі за сцэнкамі з часоў паўстаньня, якія разыгрывалі дзеці. Дарослыя ў форме паўстанцаў дэманстравалі зброю, распавядалі пра тагачасныя падзеі.



У цэнтры польскай сталіцы на сьценах дамоў — мноства памятных дошак, якія сьведчаць пра гераізм і трагічны лёс паўстанцаў. Іх нельга не заўважыць. На пачатку жніўня да іх ускладаюць кветкі, вянкі, запальваюць зьнічы.

Для турыстаў гэта незабыўнае відовішча. Гасьцей гораду ўражвае ня толькі тое, што варшавякі так прагнулі вызваліць свой горад ад акупантаў, але й тое, што памяць пра тысячы палеглых, трапяткое стаўленьне да іх не змалелі нават праз 67 гадоў.
  • 16x9 Image

    Сяргей Астраўцоў

    Нарадзіўся 11 красавіка 1959 г. у Менску. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускага пэн-цэнтру, выдаў сем кніг прозы і публіцыстыкі.

XS
SM
MD
LG