Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лябедзьку працягнулі расьсьледаваньне ў справе 19 сьнежня


Анатоль Лябедзька пасьля вызваленьня з турмы КДБ

Анатоль Лябедзька пасьля вызваленьня з турмы КДБ

"Усе прававыя магчымасьці вырашэньня пытаньня вычарпаныя… Зьвяртацца да нашых праваахоўных органаў у маім выпадку — усё роўна што да тэлеграфнага слупа", — заяўляе лідэр АГП.

Начальнік сьледчага ўпраўленьня папярэдняга расьсьледаваньня спадар Казакевіч праінфармаваў Анатоля Лябедзьку, што "папярэдняе расьсьледаваньне па крымінальнай справе № 10011110362 адноўлена першага жніўня 2011 году. Аб прынятым працэсуальным рашэньні Вы будзеце апавешчаны дадаткова".

Таксама ў адказе Казакевіча зьмяшчаецца рэакцыя на факт невяртаньня лідэру АГП пашпарта і асабістых рэчаў. "Паўторна інфармую, што копія Вашага звароту ад 10/06. 2011 накіраваная для разгляду ў КДБ Рэспублікі Беларусь у частцы вяртаньня пашпарта і асабістых рэчаў".

Анатоль Лябедзька пракамэнтаваў сытуацыю наступным чынам:

Сілавыя структуры рыхтуюцца да восені і даюць зразумець, што гатовыя заводзіць у адкрытую справу новых фігурантаў
"На жаль, з адказу Казакевіча ня ясныя матывы і прычыны аднаўленьня расьсьледаваньня. Гэта дае падставы меркаваць, што падаплёка палітычная, а не прававая. Сілавыя структуры рыхтуюцца да восені і даюць зразумець, што гатовыя заводзіць у адкрытую справу новых фігурантаў. Для мяне гэта азначае, што я буду заставацца ў статусе палітычнага закладніка няпэўны час.

Што тычыцца пашпарта і асабістых рэчаў, дык тут МУС адкрыта тыкае пальцам у КДБ, які клеіць дурня і атрымлівае асалоду ад свайго маленькага паскудзтва. Я не магу ня толькі абмяняць правы кіроўцы, але нават атрымаць паштовую карэспандэнцыю. Але гэта і ёсьць узровень інтэлектуальнага разьвіцьця нашых спэцслужбаў".

МУС адкрыта тыкае пальцам у КДБ, які клеіць дурня і атрымлівае асалоду ад свайго маленькага паскудзтва
Лідэр Аб'яднанай грамадзянскай партыі адзначыў, што "ўсе прававыя магчымасьці вырашэньня пытаньня вычарпаныя. Я маю намер зачахліць ручку і больш не адцягваць увагу на паператворчасьць. Зьвяртацца да нашых праваахоўных органаў у маім выпадку — усё роўна што да тэлеграфнага слупа".

Увечары 6 красавіка Лябедзька быў вызвалены зь СІЗА КДБ, дзе ён знаходзіўся ад 20 сьнежня, калі пасьля падзеяў на Плошчы быў затрыманы ў сваёй кватэры. Як паведаміў сам лідэр АГП, фактычна ў яго не было ніякіх допытаў 3 месяцы. Яму выставілі абвінавачаньне ў арганізацыі масавых беспарадкаў.

Падчас выбарчай кампаніі Лябедзька быў даверанай асобай кандыдата ў прэзыдэнты Яраслава Раманчука.
XS
SM
MD
LG