Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пазачарговае пасяджэньне Камітэту міжнародных адносінаў літоўскага сэйму будзе прысьвечана сытуацыі з перадачай уладам Беларусі інфармацыі пра банкаўскія рахункі прадстаўнікоў беларускай апазыцыі.

"Мы павінны абавязкова высьветліць, хто зрабіў такі сорам Літве і перадаў рэжыму ў Беларусі інфармацыю пра дэмакратаў гэтай краіны", — заявіў напярэдадні пасяджэньня старшыня міжнароднага камітэта Эмануэліс Зінгерыс.

5 жніўня стала вядома, што Мін’юст Літвы ў межах дзейнай з Беларусьсю дамовы перадаў у Менск зьвесткі аб рахунках 400 беларускіх грамадзянаў, у тым ліку праваабаронцы Алеся Бяляцкага, што і стала нагодай для яго арышту.

"Мы не лічым, што парушылі заканадаўства, — заявіў на прэс-канфэрэнцыі ў Вільні калега Бяляцкага Валянцін Стэфановіч. — Гэтыя сродкі зьбіраліся не ў якасьці прыбытку". За гады сваёй дзейнасьці беларускія праваабаронцы падтрымалі тысячы грамадзянаў, чые правы былі парушаныя, дадаў Стэфановіч.

Раней намесьнік міністра юстыцыі Літвы Томас Вайткявічус заявіў БелаПАН, што ў справе пра рахункі беларускіх праваабаронцаў Беларусь злоўжыла мэханізмам прававой дапамогі. "Пазыцыя Міністэрства юстыцыі Літвы і літоўскай дзяржавы такая: мы лічым непрымальным тое, што мэханізм прававой дапамогі па дамове паміж Літвой і Беларусьсю быў выкарыстаны ў неправавых, палітычных мэтах", — падкрэсьліў Вайткявічус.

Ён паведаміў, што гэты мэханізм будзе прыпынены. "Пакуль мы не будзем упэўненыя, што ён не будзе выкарыстаны ў непрымальных па дагаворы мэтах, мы не будзем па гэтым мэханізьме працаваць", — сказаў Вайткявічус.

У сваю чаргу МЗС Літвы сцвярджае, што ў чэрвені і ліпені былі арганізаваныя міжведамасныя нарады, на якіх ён рэкамэндаваў іншым ведамствам не даваць Беларусі інфармацыю, якую можна выкарыстоўваць супраць апазыцыі.

Прэзыдэнт Літвы Даля Грыбаўскайце 8 жніўня назвала тое, што адбылося, "сумным адзінкавым інцыдэнтам" і заявіла, што "адказныя за даваньне Беларусі інфармацыі службовыя асобы Міністэрства юстыцыі не могуць застацца беспакаранымі". "Урад даручыў міністэрствам юстыцыі і замежных спраў даць інфармацыю адносна перадачы Беларусі інфармацыі пра банкаўскія даныя кіраўніка няўрадавай арганізацыі "Вясна" Бяляцкага. Гэтыя ведамствы павінны высьветліць, чаму гэта адбылося, і не дапусьціць падобных сытуацый у будучым", — заявіла Даля Грыбаўскайце.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG