Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гісторыя ня скончылася. Курапаты


Бальшыня рэчаў у журналістыцы не дажывае да заўтрашняга дня, але некаторыя зь цягам часу вырастаюць у значэньні і выклікаюць ужо пытаньне: а як гэта ўвогуле можа было зрабіць?

Дзесяць год таму “Свабода” вяла незвычайны рэпартаж -- больш за восем месяцаў штодня з аднаго месца з нагоды адной падзеі. Унікальная зьява, якая была была вынікам дзвюх дзеяньяняў: улады, узброеныя шматтоннай тэхнікай магутнасьцю ў тысячы конскіх сіл, пачалі прабіваць дарогу праз месца пахаваньня ахвяраў сталінскіх растрэлаў у Курапатах, а невялікая група людзей, узброеная памяцьцю і сумленьнем, стала на шляху тупой і жорсткай сілы.

Яны пратрымаліся даўжэй чым абаронцы Полацка ў ХVI ст., Смаленска ў ХVII ст., Берасьцескай крэпасьці ў ХХ-м. Кніга аднаго рэпартажу “Дарога праз Курапаты” стаіць у адным шэрагу з гісторыямі абароны сябе й свайго ад варожага і чужога. Гісторыя, якая ня скончылася.

Аляксандар Лукашук
Дырэктар Беларускай службы Радыё Свабода





19 красавіка, 2002

УНАЧЫ ЗГАРЭЎ НАМЁТ ВАЛАНЦЁРАЎ

Адзін з актывістаў Алесь Поклад атрымаў моцныя апёкі і цяпер знаходзіцца ў аддзяленьні рэанімацыі Менскага шпіталю хуткай дапамогі.


Прыехаўшы раніцай у Курапаты, я ўбачыла асмаленыя рэшткі вайсковага намёту, які прастаяў ва ўрочышчы больш за пяць месяцаў — захавалася толькі «буржуйка» й мэталічныя прадметы. У валанцёраў Ірыны Вяткінай і Васіля Парфянкова твары былі ў сажы, яны разгублена стаялі побач з рэшткамі намёту. Распавядае Васіль:

— Уначы засталося толькі тры чалавекі, таму мы ня выставілі начную варту. Каля трох гадзінаў ночы прачнуліся ад дыму. Я адразу выскачыў з гасьніцай, пабачыў, што гарыць вось гэты вугал намёту, і полымя пераходзіць далей, на дах. Некалькі разоў зьбілі полымя гасьніцай, але яна скончылася. Пачалі шукаць Алеся, ён увечары лёг на адно месца, потым перавярнуўся, апынуўся на другім месцы. Мы падумалі, што ён выбег. Выбеглі з Ірынай на вуліцу й пачулі крыкі. Давялося парваць фортку, намёт і выцягнулі яго. Ён вельмі моцна абгарэў — шыя, рукі, ногі.

— Выклікалі міліцыю?

— Выклікалі. Адразу прыехалі міліцыянты, хвілін празь дзесяць. Потым прыехала «хуткая» праз 40 хвілінаў, потым пад’ехалі пажарныя. Ім засталося толькі вугольле заліць.

Працягвае Ірына Вяткіна:

— Прачнулася ад дыму. Штурханула Васіля, што гарым...Потым сядзелі ля намёту, калі Васіль успомніў, што там былі балёны з прапанам... Міліцыянты казалі, маўляў, вы самі падпалілі намёт.

Раніцай, даведаўшыся пра падпал намёту, у Курапаты адразу прыбег Сяржук Высоцкі, крыху пазьней прыехалі Павал Севярынец, Вячаслаў Сіўчык, Яўген Скочка ды іншыя актывісты. Гаворыць Сяржук Высоцкі:

— Калі ўсе прыёмы аказаліся неэфэктыўнымі — ад пагрозаў, ад шантажу, розных зьбіваньняў, ад арыштаў, ад таго,што пачалі скрадаць людзей — цяпер вось да гэтага дайшлі. Ня трэба вялікай мужнасьці й вялікай падрыхтоўкі,каб падкрасьціся ўначы, трошкі лінуць на намёт і падпаліць яго.

Паводле Паўла Севярынца, гэтая акцыя адбылася невыпадкова менавіта зараз, бо да заканчэньня земляных работаў засталося зусім мала часу.

СЕВЯРЫНЕЦ: Варта ў Курапатах будзе працягвацца. У якой форме, мы гэта вырашым. І абавязкова знойдзем тых людзей, якія гэта зрабілі. Наконт гэтага няхай дараваньня не чакаюць. Тое, што робіцца — падпальваньне жывых
людзей у намёце — так гітлераўцы рабілі падчас вайны. Так рабілі энкавэдэшнікі.

А вось меркаваньне Вячаслава Сіўчыка:

— Відавочна, што сам Лукашэнка ставіў задачу зьнішчыць мэмарыял, і гэтая трагедыя, якая адбылася сёньня пад раніцу — гэта ўжо заключны этап.

Я зьвярнулася ў Менскі раённы аддзел міліцыі, каб высьветліць пункт гледжаньня міліцыянтаў на гэтае здарэньне.

— Скажыце, калі ласка, ці ўзбуджаная крымінальная справа ў сувязі са спаленьнем намёту?

ДЗЯЖУРНЫ: Праводзіцца праверка, справа яшчэ не ўзбуджалася.

Варта заўважыць, што апошнімі днямі многім абаронцам Курапатаў пагражалі невядомыя асобы, якія называлі сябе арганізацыяй «Сумленьне Курапатаў». Яны патрабавалі, каб валанцёры сышлі з урочышча. Дарэчы, учора нехта, прадставіўшыся сябрам арганізацыі «Сумленьне Курапатаў», патэлефанаваў асабіста мне на мабільны тэлефон і папрасіў аб сустрэчы. Я дамовілася стэлэфанавацца пазьней, але больш званкоў не было.

Што да іншых вэрсіяў здарэньня. Валанцёры часам палілі ў намёце, пэўную небясьпеку ўяўляла і старая «буржуйка», якой ацяпляўся намёт. Раней было некалькі выпадкаў, калі ад іскраў «буржуйкі» запальваўся дах. Але гэта — толькі вэрсіі.


15 студзеня, 2002

У КУРАПАТАХ АДНАВІЛІ ЛАВУ КЛІНТАНА

Сюды прыехаў амбасадар ЗША, шмат іншых дыпляматаў высокага ўзроўню.

Дарога да ўрочышча была пазначаная бел-чырвона-белымі стужкамі — гэта будаўнікі агарадзілі шлях па Менскай кальцавой дарозе да ляснога масiву. А 13-й гадзіне ў Курапатах было ўжо некалькі соцень чалавек — валанцёраў, сяброў апазыцыйных партыяў і рухаў, дыпляматаў, навукоўцаў, шараговых грамадзянаў.
Цырымонію адкрыцьця адрэстаўраванага мэмарыяльнага знаку «Ад народу Злучаных Штатаў Амэрыкі народу Беларусі» распачаў амэрыканскі амбасадар Майкл Козак.

КОЗАК: Сёньняшняя імпрэза як мага лепш пасуе для таго, каб аддаць даніну павагі пахаваным у гэтай сьвятой зямлі. Шмат нявінных людзей былі забітыя ў гэтым месцы. У асноўным беларусы, але й расейцы, палякі, літоўцы, украінцы ды іншыя. Хаця Беларусь больш за іншыя краіны пакутавала ад замежных захопнікаў і катастрафічных катаклізмаў, тыя, што тут пахаваныя, не былі ахвярамі падобных пакутаў. Калі дакладней, яны былі ахвярамі ўраду. І многія з тых, што
тут пахаваныя, самі працавалі на той урад. Выдатны беларускі паэт Янка Купала адметна адлюстраваў гэтую ідэю ў сваім вершы:

І прыйдзе новых пакаленьняў
На наша месца грамада
Судзіці суд, ці мы сумленна
Жыцьцё прайшлі, ці чарада
Зьняваг мінулых нас ня зьела,
Пакінуўшы свой дым і чад,
І мы па-даўняму нясьмела
Жылі ня ў лад і неўпапад?

А ўжо свой выдасьць непадкупны
Аб нас гісторыя прысуд,
Калі аглядам гляне рупным
І разьбярэ, ў чым справа тут.

Як і восем гадоў таму, калі амэрыканскі прэзыдэнт Біл Клінтан ушаноўваў памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў, сёньня ў Курапатах быў Станіслаў Шушкевіч, тагачасны старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі. Афіцыйныя беларускія ўлады прадстаўляў намесьнік міністра замежных справаў Аляксандар Сычоў. Станіслаў Шушкевіч параўноўвае сёньняшнюю падзею з 1994 годам:

— Сёньня, я лічу, на вельмі нізкім узроўні прадстаўленыя ўлады — на ўзроўні намесьніка міністра. Калі ўсталёўвалася гэтая лава, тады Хвастоў, цяперашні міністар, быў перакладчыкам у нас. І сёньня мог бы прыехаць. Тады тут прымаў усіх Пазьняк. У нас была вельмі складаная сытуацыя. Было вялікае супрацьстаяньне візыту амэрыканскага прэзыдэнта наогул, і яшчэ найвялікшае супрацьстаяньне было ягонай паездцы ў Курапаты.

У часе сваёй прамовы амэрыканскі амбасадар выказаў падзяку скульптару Алесю Шатэрніку, які адрэстаўраваў лаву Клінтана.

ШАТЭРНІК: Трэба было пераасэнсаваць. Проста склеіць было нецікава. Менавіта тое месца, дзе яна была расколатая на дзьве паловы, — я яго як бы пакінуў, зрабіў сымбалічным, і на гэта месца адліў з мэталю жалобны вянок.

У Курапаты прыехала шмат дыпляматаў. Пасьля цырымоніі я падышла да польскага амбасадара Марыюша Машкевіча. Ён стаяў ля крыжа, усталяванага ў памяць палякаў, якіх расстралялі ў Курапатах.

МАШКЕВІЧ: Сёньняшні дзень паказаў, што цэлы цывілізаваны сьвет супраць таталітарызму, супраць тэрарызму, і ахвяры, каторыя там ляжаць у гэтых магілках, ахвяры НКВД, ахвяры таталітарнай сыстэмы — ушанаваныя, і гэта самае галоўнае. Для мяне як для польскага амбасадара важна тое, што такім чынам ушанавалі таксама й палякаў, якія тут спачываюць.

Марыюш Машкевіч разам зь літоўскім амбасадарам Ёнасам Паслаўскасам наведалі намёт, у якім жывуць абаронцы Курапатаў.

Сябры Беларускай Партыі Свабоды ў часе цырымоніі заставаліся ў намёце. Паводле лідэра БПС Сержука Высоцкага, гэта было выклікана тым, што яны не атрымалі запрашэньня на цырымонію, тады як былі запрошаныя ўсе астатнія апазыцыйныя палітыкі, і нават тыя, хто ўвогуле ня браў удзелу ў абароне Курапатаў, тыя, хто не наведваў урочышча апошнія месяцы.

Тым часам урачыстасьці працягваліся. Айцец Леанід Акаловіч асьвяціў адноўлены мэмарыяльны знак. І, як і восем гадоў таму й шмат разоў за апошнія амаль чатыры месяцы, што ідзе вартаваньне Курапатаў, ва ўрочышчы сьпявалі «Магутны Божа».

Ганна Соўсь, Радыё Свабода


1 студзеня, 2002

ЯК АБАРОНЦЫ СУСТРАКАЛІ НОВЫ ГОД

Першую ноч 2002 году ў Курапатах правялі 15 чалавек.

Але людзей, што наведалі ўрочышча ў навагоднюю ноч, было значна больш. А 12-й гадзіне валанцёры выйшлі на дарогу і выпілі шампанскага — дзьве бутэлькі на ўсіх (нагадаю, што ва ўрочышчы алькагольныя напоі ўжываць нельга). Распавядае Аляксей Капэлян:

— Праводзілі стары год, сустрэлі новы. Пажадалі адзiн аднаму ўсяго найлепшага. Прыходзілі й Дзед Мароз, і Сьнягурка.

— А хто быў Дзедам Марозам?

— Нехта з КХП БНФ. У сапраўдным убраньні — вось палку нават забыўся сваю. Павіншаваў нас. Прынес цёплыя коўдры й ежу. АМОНу не было.

Учора ўвечары карэспандэнты Радыё Свабода хацелі ў апошнія хвіліны 2001 году паразмаўляць у жывым этэры з абаронцамі Курапатаў, але гэтага не адбылося з тэхнічных прычынаў. Сытуацыю тлумачыць Аляксей Капэлян:

— Тут былі тры мабільныя тэлефоны, але да нас не маглі датэлефанавацца, і я таксама ня мог датэлефанавацца. Здолеў гэта зрабіць толькі а 4-й гадзіне раніцы. Усе людзі адзін аднаго віншавалі, і сетка была перапоўненая.

Аляксей Капэлян частуе мяне тортам, які падаравалі ўчора абаронцам. Былі й іншыя падарункі — у намёце цяпер вісіць карціна мастака Сяргея Нядбальскага ды ва ўрочышчы зьявілася новая шыльда «Курапаты — дарога сьмерці».

Геадэзіст Уладзімер Лыско нядаўна адзначаў у Курапатах Каляды. Новы год ён таксама сустракаў разам з валанцёрамі.

ЛЫСКО: Нарыхтавалі дровы, потым сядзелі, слухалі музыку, размаўлялі. Я будзільнік на сотавы запісаў, і як падышла 12-я гадзіна, выйшлі на дарогу, сталі кругам. Як мой будзільнік зацікаў, выпілі па чарцы шампанскага, і сказалі тосты за лепшае жыцьцё.

А вось як адзначыў новы 2002 год Лявон Ачапоўскі.

АЧАПОЎСКІ:
Недзе а 2-й гадзіне выйшаў на вуліцу. Каля нас пабудавалі 12-павярховы дом, я залез на яго і з даху намаляваў бел-чырвона-белы сьцяг. А 3-й гадзіне паехаў у Курапаты — да сяброў і нашым продкам пакланіцца.

Сёньня з самага ранку ў Курапаты прыходзяць людзі. Яны віншуюць валанцёраў з Новым годам і жадаюць ім мужнасьці.

Ганна Соусь, Радыё Свабода


8 лістапада, 2001

ЛЯГЕР АБАРОНЦАЎ РАЗАГНАНЫ. ЯК ГЭТА АДБЫВАЛАСЯ

Дзесьці а 16-й гадзіне ў Курапаты прыехалі міліцыянты. Да валанцёраў падышоў намесьнік начальніка міліцыі Менскага раёну Яўген Абакунчык.


АБАКУНЧЫК: Ёсьць заключэньне і дырэктара Інстытуту гісторыі прафэсара Сташкевіча, і кіраўніка работ Іова. Калі вы за дзесяць хвілін не прыбераце ўсіх перашкодаў, што замінаюць работам, мы вымушаныя будзем зрабiць захады прымусовага характару. Вось — час пайшоў.

ХЛОПЕЦ: Чакайце, калі мы нічога не прыбіраем, то што здарыцца?

АБАКУНЧЫК: Ёсьць адміністрацыйная адказнасьць — за пікетаваньне.

У тую хвіліну ў Курапатах ужо знаходзілася некалькі соцень міліцыянтаў. Усё, што адбывалася далей, яны здымалі на відэакамэры. Да Курапатаў падагналі будаўнічую тэхніку. Празь дзесяць хвілінаў будаўнікі пачалі прыбіраць крыжы. Адразу за імі ехалі бульдозэры.

На той момант у Курапатах было ўсяго зь дзясятак людзей. Многія былі разгубленыя. Каця Карпенка проста плакала:

КАЦЯ: Ну як яны маглі гэта зрабіць? Я не разумею... Як у іх магло сумленьня хапіць? Няўжо яны не разумеюць, тут людзі пахаваныя...

Я падышла да будаўнікоў, што валілі крыжы

-- Што вы адчувалі, калі крыжы здымалі?

-- А нічога, нам сказалі — у нас работа.

Сябар руху «Зубар» Яраслаў Сьцешык спрабаваў спыніць будаўнікоў, ён узяўся за крыж, на які ехаў бульдозэр і не адыходзіў ад яго. Яраслава Сьцешыка адразу схапілі нейкія людзі ў цывільным, заламілі рукі, кінулі тварам у зямлю ды пачалі біць. Ад некаторых зь іх сыходзіў пах сьпіртнога.

Спрабаваў спыніць тэхніку й сябар КХП БНФ Уладзімер Юхо.

ЮХО: Мой дзед пахаваны тут!

ЛЮДЗІ: Ды пусьціце яго, што вы яго трымаеце! Пусьціце чалавека!

ЮХО: Вось тут я паставіў свайму дзеду крыж! Мой бацька інвалід вайны, у 1941-м прыняў бой пад Беластокам! Дзед мой пахаваны тут, я паставіў яму крыж!

МІЛІЦЫЯНТ: Усе адышлі!

ЛЮДЗІ: Адпусьціце яго! Што вы робіце! Фашысты! Вас усе праклянуць! Дзеці, унукі праклянуць!

Уладзімера Юхо амонаўцы зьбілі і занесьлі ў міліцэйскі аўтобус.

Я паспрабавала зьвярнуцца да міліцыянтаў па тлумачэньні й атрымала наступны адказ:

МІЛІЦЫЯНТ: Ды мы ня слухаем вас — мы глуханямыя.

На гэты момант у Курапатах ужо знаходзілася каля ста чалавек. Сюды прыехалі апазыцыйныя палітыкі, грамадзкія дзеячы, простыя людзі. Але хутка міліцыянты перагарадзілі дарогу, і трапіць у Курапаты было ўжо немагчыма. Неўзабаве некалькі дзясяткаў чалавек выйшлі на дарогу і зрабілі жывы ланцуг, каб не дазволіць праехаць будаўнічай тэхніцы. У ланцугу былі Вячаслаў Сіўчык, Зьміцер Бандарэнка, Ірына Жыхар, Павал Севярынец, сябры Беларускай Партыі Свабоды, Маладога Фронту і «Зубра».

ГАЛАСЫ: Жыве Беларусь! Жыве! Жыве Беларусь! Рукі прэч
ад Курапатаў!

Адразу пасьля гэтага амонаўцы пачалі зьбіваць гэтых людзей. Я бачыла, як білі й кідалі тварам у бруд мастака Рыгора Кійка, а потым яго, усяго ў крыві, вялі да міліцэйскага аўтобуса. Зьбілі Зьмiтра Бандарэнку, Глеба Вязоўскага ды іншых. Затрымалі некалькі дзясяткаў чалавек.

Далей амонаўцы пачалі валіць вайсковы намёт, а каб ім не перашкаджалі людзі, што яшчэ заставаліся ў Курапатах, выкарысталі атрутны газ. Сымбалічна, што ў 1988 годзе ўсё пачыналася ў Курапатах з газу «Черёмуха», а ў 2001-м менавіта газам скончылася змаганьне за Курапаты.

Кругласутачнае дзяжурства ў Курапатах доўжылася 46 дзён.

Ганна Соўсь, Радыё Свабода


13 кастрычніка, 2001

КУРАПАТЫ: НАШЧАДКІ КАТАЎ СУПРАЦЬ НАШЧАДКАЎ АХВЯРАЎ

Аляксандар Лукашук гутарыць з Васілём Быкавым.

Улетку 1988 году ў газэце «Літаратура і мастацтва» зьявілася адна з самых значных публікацыяў беларускай гісторыі ХХ стагодзьдзя – артыкул Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва «Курапаты – дарога сьмерці». З таго моманту, ужо 13 гадоў, ідзе барацьба за Курапаты. З аднаго боку – нашчадкі тых, хто расстрэльваў, з другога – нашчадкі тых, каго расстрэльвалі. У публікацыі, якую мужна зьмясьцілі ў сваім выданьні кіраўнікі рэдакцыі Мікола Гіль і Анатоль Вярцінскі, быў яшчэ адзін аўтар – Васіль Быкаў, які напісаў прадмову. Аўтарытэт і вядомасьць Быкава праломвалі сьцяну страху, баранілі аўтараў і газэту і адначасна надавалі публікацыі ўсясьветную значнасьць. Я пазваніў у Франкфурт-на-Майне і папрасіў аўтара прадмовы ўзгадаць, што яго тады ўразіла больш за ўсё ў старонках рукапісу, якія перадаў яму Пазьняк. Гаворыць Васіль Быкаў:

— Канечне, уразіла ня тое, што ў той час – 30-я гады – адбываліся рэпрэсіі і вынішчэньне людзей, бо гэта было агульнавядома. Я якраз у той час на ўласную ініцыятыву займаўся рэабілітацыяй шмат якіх рэпрэсаваных пісьменьнікаў, дзеячоў культуры, меў справу зь Вярхоўным Саветам. Усё гэта было вядома. Не вядома было толькі тое – і гэта было адкрыцьцём Пазьняка і Шмыгалёва –
што ў такіх маштабах рэпрэсіі, па сутнасьці – вынішчэньне, адбывалася ў ваколіцах Менску, што ўсё гэта пахавана зусім блізка, за кальцавой дарогай. Вось гэтага ніхто ня ведаў. І вось празь некалькі дзесяцігодзьдзяў тое ўпершыню адкрылася, стала вядома грамадзкасьці.

— Васіль Уладзімеравіч, неўзабаве пасьля публікацыі была створаная так званая дзяржаўная камісія ў справе Курапатаў, і ў яе складзе былі прадстаўнікі тагачаснага кіраўніцтва Беларусі, у першую чаргу, партыйнага кіраўніцтва Беларусі, але таксама і ўрадавага. Былі ў яе складзе і Вы. Скажэце, як прадстаўнікі тагачаснай намэнклятуры ўспрымалі сваю працу ў камісіі?

— Старшынёй камісіі, наколькі я памятаю, была спадарыня Мазай. Яна тады была віцэ-старшынёй ураду. Адносіны былі ўвогуле насьцярожаныя, бо ўсё ж розныя людзі і па-рознаму да гэтага адносіліся. Я памятаю, што ў гэтую камісію ўваходзілі і генпракурор Тарнаўскі, і таксама старшыня КГБ. Памятаю, аднойчы мы засядалі нават у памяшканьні КГБ, у кабінэце старшыні, які нам даказваў, што дакумэнтаў ніякіх няма, усё зьнішчана, і таму нічога, што прасьвятліла б тыя факты, знайсьці немагчыма. Тым ня менш, большасьць камісіі тады прыняла рашэньне пачаць раскопкі, якія і былі распачатыя пад кіраўніцтвам археоляга (як тады гаварылі) Зянона Пазьняка.

— Васіль Уладзімеравіч, неўзабаве пасьля таго, як праўда пра Курапаты была пацьверджаная, была створаная камісія ў справе ўвекавечаньня памяці ахвяраў рэпрэсіяў, і Вы таксама бралі ўдзел у той камісіі. Маё пытаньне такое – чаму не ўдалося паставіць помнік у Курапатах?

Вельмі проста. Па-першае, мяняўся час. Пасьля першага вялікага спалоху камуністы апамяталіся і зразумелі, што яны ня толькі могуць захавацца, але і ўзяць рэванш. Сапраўды, тады была створаная камісія пераважна зь дзеячоў мастацтва. Яе ўзначальваў мастак Васіль Шаранговіч. У якасьці прапановы было прадстаўлена ці не 15 праектаў помніка, якія разглядаліся, абмяркоўваліся. Яны былі розныя па мастацкіх якасьцях, але нешта там адабраць можна было. Аднак жа я вельмі хутка зразумеў, што гэты помнік з удзелам прынамсі гэтай камісіі пастаўлены ня будзе. Таму што сама камісія, і асабліва яе старшыня – хоць ён аб гэтым не гаварыў – адчулі на сабе прэсінг партый нага кіраўніцтва, якое сабатавала гэтае ўвекавечаньне. Для гэтага выкарыстоўваліся розныя сродкі. Найперш сьцьвярджалася, што мастацкія якасьці праектаў недасканалыя, што трэба ўдасканальваць, перарабляць, трэба, маўляў, адкласьці на наступны раз, прычым гэтыя адкладаньні рабіліся ўсё больш доўгімі. І ўрэшце ўсё і пайшло, як вада ў пясок.

— Апроч камісіяў, пра якія расказвае Васіль Быкаў, існавала яшчэ адна – камісія Вярхоўнага Савету, куды таксама быў абраны і я, як прадстаўнік Мартыралёгу Беларусі. У асноўным мы займаліся справамі рэабілітацыі, кампэнсацыяў, ініцыявалі перагляд справаў. Але аднойчы зайшла гаворка пра Курапаты. Напярэдадні я быў у Курапацкім лесе і бачыў сьвежыя кастрышчы, пустыя бутэлькі, бляшанкі і выступіў з прапановай як найхутчэй паставіць агароджу вакол Курапатаў, як гэта звычайна робіцца на вясковых могілках. Ніхто ня быў супраць, пачалі абмяркоўваць дэталі, вырашылі даручыць гэтую справу Васілю Шаранговічу, які таксама быў у той камісіі Вярхоўнага Савету. Тады ён выступіў і сказаў, што спатрэбіцца недзе паўгода – як мінімум месяцы тры, каб распрацаваць праект агароджы. Для мяне гэта быў сапраўдны шок – тры месяцы на тое, што любы вясковы дзядзька зробіць за паўдня!.. Тыя тры месяцы цягнуцца ўжо дзясятак гадоў. Як сёньня Васілю Быкаву бачыцца адказ на пытаньне – хто вінаваты ў тым, што сёньня робіцца з Курапатамі?

— Найперш, канечне, вінаватая ўлада. Таму што ўлада па сутнасьці сваёй была камуністычная з самага пачатку адкрыцьця Курапатаў і працягвае цяпер быць – яна ня можа пайсьці на прызнаньне злачынстваў камуністычнай улады ў 30-я гады. І гэта нягледзячы на тое, што прадстаўнікі той улады, якія былі ў камісіі афіцыйна, пацьвердзілі факт гэтага ўдзелу ў вынішчэньні людзей. Вядома, напрыклад, што генэральны пракурор Беларусі Тарнаўскі са сьледчымі выдаў у Маскве кніжку пра Курапаты, дзе вельмі дакладна, выкарыстоўваючы вялізны фактычны матэрыял, у тым ліку і вынікі раскопак, і сьведчаньні сьведкаў (нават тых сьведкаў, якія ўдзельнічалі ў расстрэлах – былі і такія!) — гэта ўсё там прыводзілася, – паказаў праўду пра Курапаты. Ну і пасьля ўлады зрабілі выгляд, што нічога гэтага няма, пачалі аспрэчваць сам факт адкрыцьця гэтага злачынства. Тады стала зразумела, што яны ня хочуць прызнаць, прынамсі ўзяць на сябе адказнасьць, бо прыйшлося б адказваць, калі не пэрсанальна, дык камуністычнай партыі, якая тады кіравала, а таксама органам дзяржаўнай бясьпекі – яны адчувалі адказнасьць за свой удзел у гэтым генацыдзе. Таму яны не маглі пагадзіцца, каб прызнаць гэта ўсё. Я ведаю, што тады некаторыя зь сяброў гэтай камісіі выйшлі афіцыйна са складу камісіі, надрукавалі свае асобныя меркаваньні, як, напрыклад, «гераіня» беларускага народу Осіпава, якая першая пачала, так бы мовіць, гуляць у інтарэсах органаў бясьпекі 30-х гадоў і цяперашніх. Ну і некаторыя іншыя… І вось пачалі ствараць новыя камісіі, ініцыяваць новыя раскопкі… Гэта было зроблена для таго, каб праўду пра Курапаты схаваць назаўсёды. Ну а цяпер, як бачым, яе канчаткова закопваюць падасфальт помнік з удзелам прынамсі гэтай камісіі пастаўлены ня будзе. Таму што сама камісія, і асабліва яе старшыня – хоць ён аб гэтым не гаварыў – адчулі на сабе прэсінг партыйнага кіраўніцтва, якое сабатавала гэтае ўвекавечаньне. Для гэтага выкарыстоўваліся розныя сродкі. Найперш сьцьвярджалася, што мастацкія якасьці праектаў недасканалыя,што трэба ўдасканальваць, перарабляць, трэба, маўляў,адкласьці на наступны раз, прычым гэтыя адкладаньні рабіліся ўсё больш доўгімі. І ўрэшце ўсё і пайшло, як вада
ў пясок.

— Васіль Уладзімеравіч, хіба нас ня можа зьдзівіць пазыцыя беларускіх уладаў – ні мінулых, камуністычных, ні цяперашніх іх спадкаемцаў… Але вось пазыцыя грамадзкасьці – ці ёсьць падставы для папрокаў на адрас беларускай грамадзкасьці?

— Ну, грамадзкасьць можна папракаць, канечне. Але гэтыя папрокі, як заўсёды, будуць павісаць у паветры. Бо што такое грамадзкасьць? Гэта нешта вельмі няпэўнае…Апроч таго, тут справа яшчэ ў адным моманце, а менавіта ў адносінах грамадзкасьці да Беларускага Народнага Фронту і, у прыватнасьці, да яго лідэра Зянона Пазьняка. Паколькі менавіта ён быў ініцыятарам адкрыцьця Курапатаў, то яго праціўнікі і палітычныя апанэнты не маглі пагадзіцца на яго авангардную ролю ў гэтай справе. Магчыма, яны хацелі самі ўдзельнічаць у гэтым, або наадварот замаўчаць.

— Што можа азначаць для беларускай нацыі страта Курапатаў?

— У маральным сэнсе страты ня будзе. Таму што незалежна ад таго, ці будзе ў Курапатах пампэзны ці шыкоўны мэмарыял, ці яны будуць закатаныя пад асфальт, усё-ткі праўда ўжо выйшла з падзямельля, яна жыве, і ў гісторыі Беларусі яна ўжо прапісаная навек. Але было б вельмі добра, каб гэтая праўда знайшла нейкае матэрыяльнае ўвасабленьне, каб людзі бачылі нейкі знак, сымбаль таго,што там адбывалася ў 30-я гады і задавалі сабе пытаньне – хто вінаваты? Але, відаць, гэтага ня будзе, і ў тым страта для грамадзтва. Але для гісторыі Беларусі яны знойдзеныя і ўпісаныя ў яе, я думаю, навек.

Кожны сам стварае сабе помнік – будаўніцтва дарогі праз Курапаты стане помнікам і ўладам Беларусі на мяжы стагодзьдзяў. Чым лепшую дарогу яны пабудуюць, тым даўжэй яна будзе нагадваць пра вечную спрэчку ахвяраў
і катаў.





28 верасьня, 2001

«…Я САМ БЕЛАРУС, І ХАЧУ, КАБ НАС БОЛЬШ
НЕ СТРАЛЯЛІ Ў КУРАПАТАХ…»


Пяты дзень Курапаты вартуюць сябры Маладога Фронту і Беларускай Партыі Свабоды. Надоечы міліцыянты прымусілі абаронцаў зьняць з
дрэва бел-чырвона-белы сьцяг.

З учорашняга дня ў Курапатах паболела крыжоў. Самы вялікі быў усталяваны ўчора ўвечары побач з дарогай на пагорку, бліжэй да месца пахаваньняў.

Каля курапацкай указальнай шыльды цяпер знаходзіцца вялікі стэнд, зь якога можна даведацца пра гісторыю гэтага месца — тут ёсьць падборка газэтных публікацыяў пра Курапаты, фотаздымкі, што рабіліся ў часе археалягічных раскопак. На стэндзе ёсьць здымак Біла Клінтана ў Курапатах, а таксама мэмарыяльнай пліты «Ад народу Злучаных Штатаў Амэрыкі», якую месяц таму разбурылі.

У Курапатах па-ранейшаму гараць вогнішчы, стаяць намёты, але няма ўжо на дрэве бел-чырвона-белага сьцяга. Распавядае сябар Кальварыйскай рады Маладога Фронту Сяржук Мацкойць:

— Пад’ехаў спачатку маёр гарадзкой міліцыі. Пачаў чапляцца да людзей: «Што вы тут сядзіце? Што паліце вогнішча? Што за сьцяг вісіць?» Проста не пайшлі зь ім на канфлікт, і каб не раздражняць міліцыянтаў, прыйшлося зьняць сьцяг. А так больш тут канфліктаў не адбывалася. Сёньня мы плянуем паставіць яшчэ некалькі крыжоў, прайсьціся па пэрымэтры Курапатаў, паглядзець. Учора,
калі ўсталёўвалі крыж, літаральна ў мэтрах 10—15 ад дарожнага пакрыцьця адшукалі месца, дзе было раскапанае пахаваньне. Гэта зрабілі ня больш як год таму.

У Курапатах начаваў і Зьміцер Ядчэня. Ён гаворыць, што абаронцы адчуваюць вельмі моцную падтрымку жыхароў мікрараёну і кіроўцаў, што праяжджаюць мiма.

— Пад’яжджаюць людзі, якія даведваюцца пра гэта з Радыё Свабода альбо з газэтаў, яны выказваюць сваю падтрымку нам — тым, хто тут знаходзіцца і ўдзень, і ўначы.

— Ці прыходзілі да вас прадстаўнікі афіцыйнай улады, вядомыя людзі Беларусі, пісьменьнікі, палітыкі?

— На жаль, нікога зь вядомых палітыкаў альбо грамадзкіх дзеячоў за гэтыя дні тут не было, на вялікі жаль. І начальства таксама.

У 1937 годзе ў мяне бацьку забралі. Можа, ён тут ляжыць. Вось хаджу, сьвечкі стаўлю. Трэба ж захаваць памяць пра гэтых людзей

А што да падтрымкі простых грамадзянаў, дык сёньня я неаднойчы на свае вочы бачыла яе. Каля Курапатаў спынілася вялікая фура зь берасьцейскімі нумарамі. З кабіны выйшаў кіроўца, ён аднёс абаронцам Курапатаў пакунак з харчамі.

— Вядома, падтрымліваю. Я ж сам беларус. І хачу, каб нас больш не стралялі... У Курапатах...

Пэнсіянэрка Аляксандра цяпер прыходзіць у Курапаты штодня.

— Гляджу — вогнішча, хлопцы сядзяць. Я думала, яны проста гуляюць. Але яны мне ўсё распавялі...

— Вы хвалюецеся за іх?

— Вельмі. Я першы раз бачу такіх людзей. Гэта сапраўды героі. Яны любяць Беларусь.

Падтрымаць абаронцаў Курапатаў сёньня прыйшоў і пэнсіянэр спадар Васіль разам са сваім сябрам.

— У 1937 годзе ў мяне бацьку забралі. Можа, ён тут ляжыць. Вось хаджу, сьвечкі стаўлю. Трэба ж захаваць памяць пра гэтых людзей. Дай Бог, каб хлопцы трымаліся... А так... Вядома, якая наша краіна. Прыйдуць амонаўцы ды ўсё гэта разьвярнуць, крыжа на іх няма...

Хлопцы й дзяўчаты, што бароняць Курапаты, ні на што ня скардзяцца, спадзяюцца толькі, што бліжэйшым часам надвор’е значна не пагоршыцца й ня пойдзе дождж.

Адзінае, што часам абаронцам Курапатаў не хапае пітной вады. І яны папрасілі мяне праз Радыё Свабода зьвярнуцца з просьбай да тых, хто неўзабаве пойдзе ў Курапаты, узяць з сабой некалькі бутэлек вады.

Ганна Соўсь,
Радыё Свабода
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG