Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікола Статкевіч пацьвердзіў факт катаваньняў у СІЗА КДБ


Міколу Статкевіча дапыталі ў справе катаваньняў у СІЗА КДБ. Алега Гнедчыка прымушаюць пісаць ліст аб памілаваньні. Алег Федаркевіч скардзіцца на пагаршэньне здароўя. Васіль Парфянкоў працуе на рамонце памяшканьняў турмы.

У шклоўскай турме днямі дапыталі былога кандыдата на прэзыдэнта Міколу Статкевіча ў справе расьсьледаваньня факту катаваньняў зьняволеных у СІЗА КДБ. Расьсьледаваньне праводзіць вайсковая пракуратура. Пра допыт "Свабодзе" паведаміла жонка палітвязьня Марына Адамовіч.

"Мы былі там у пятніцу разам з адвакатам, і яна была на допыце з гэтай нагоды — расьсьледаваньня фактаў катаваньняў у КДБ. Усе факты, выкладзеныя ягонымі папярэднікамі, ён пацьвердзіў. Выглядае ён добра: бадзёры, упэўнены ў сабе".

Таксама ў Шклове адбывае пакараньне яшчэ адзін асуджаны за ўдзел у акцыі пратэсту 19 сьнежня — Алег Гнедчык. Паводле маці, Валянціны Пятроўны, на яго і іншых палітвязьняў зноў ціснуць, каб пісалі заявы аб памілаваньні. Гаворыць Валянціна Гнедчык:

"На іх быў псыхалягічны ціск, каб яны пісалі лісты на памілаваньне — іх жа там, здаецца, пяць чалавек. Канечне, ніхто такіх лістоў пісаць і не зьбіраўся і, нібыта, усё перапынілася. Але пазьней ізноў пачалося гэтае ўзьдзеяньне, каб пісалі аб памілаваньні. У чым яно выяўлялася, гэтае ўзьдзеяньне — магчыма, не аддавалі лістоў, ці яшчэ як — ня ведаю. Хоць бы маё сэрца ўсё гэта вытрывала".

Валянціна Гнедчык таксама паведаміла, што лістуецца зь сябрам свайго сына — Васілём Парфянковым, які адбывае 4 гады турмы ў Воршы:

"Вася мне піша кожны тыдзень — ён малайчына, аптыміст. Піша, што ўсё ў яго добра, што працуе — робіць рамонты ў камэрах. Нават мяне яшчэ падтрымліваў. Калі лістоў ад Алега не было, я Васю пра гэта пісала. І ён мяне супакойваў, што, Валянціна Пятроўна, не хвалюйцеся, усё наладзіцца. Словам, Вася малайчына — ён ня нудзіцца".

Напрыканцы ліпеня ў магілёўскую турму быў пераведзены яшчэ адзін палітвязень Алег Федаркевіч. Падчас сустрэчы ён паведаміў сваякам, што ўмовы ўтрыманьня сталі лепшымі, чым у СІЗА, але за час зьняволеньня пагоршылася здароўе, кажа сваячка Вольга Ўладзіміраўна:

"Скардзіўся, што баліць сэрца. Гэта падчас сядзеньня ў зьняволеньні пачалося, бо раней ён на сэрца ніколі ня скардзіўся, толькі зараз. Нічога, акрамя вітамінаў зь мінэраламі, не прасіў, ніякіх лекаў, але на сэрца скардзіцца".

50-гадовы Алег Федаркевіч мусіць яшчэ заставацца ў турме амаль тры гады: за ўдзел у акцыі пратэсту 19 сьнежня яго асудзілі на 3,5 года зьняволеньня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG