Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Даляр на чорным рынку працягвае скараць новыя вышыні: за выходныя курс продажу амэрыканскай валюты перакрочыў мяжу ў 7000 рублёў. Паводле падлікаў, гэта амаль на 40% вышэй за афіцыйны курс Нацыянальнага банку, які ўтрымліваецца ў межах 5000 рублёў за даляр.

Ці можна чакаць, што пасьля ўзяцьця чарговай адзнакі суадносіны беларускага рубля да даляра прынамсі на нейкі час стабілізуюцца? Бальшыня экспэртаў сыходзяцца на думцы, што падстаў для гэтага практычна няма, бо ўлады нічога ня робяць, каб дасягнуць абяцанага раўнаважнага курсу.

Меркаваньне кіраўніцы групы аналітыкаў парталу infobank.by Кацярыны Сьмірновай:

Ня бачу ніякіх рэальных дзеяньняў, якія б вывелі рынак з таго стану, у якім ён цяпер

"Для таго каб рынак прыйшоў у раўнаважны стан і потым знаходзіўся ў ім адносна працяглы час, насамрэч неабходныя канкрэтныя захады, дзеяньні. Але што тычыцца мяне, то ў цяперашняй сытуацыі я ня бачу ніякіх рэальных дзеяньняў, якія б вывелі рынак з таго стану, у якім ён цяпер.

Канкрэтызую. Перадусім, наяўны рынак. Нейкая частка валюты яшчэ там ходзіць, але пры гэтым яна скупляецца банкамі і, па вялікім рахунку, гэтая наяўнасьць звужаецца. На ценявым чорным рынку таксама ходзіць пэўная частка валюты, але пры яе цяперашнім татальным дэфіцыце які курс ні пачынай прызначаць, людзі ўсё роўна будуць набываць валюту па любым курсе, у тым ліку і па вельмі высокім.

Тое ж самае тычыцца і безнаяўнага рынку. Існуе пэўны шэраг прадуктаў, якія імпартэры ўсё роўна будуць закупляць, таму што на іх у любым выпадку будзе попыт, які кошт ні вызначай. Найперш гэта тычыцца тавараў першачарговай неабходнасьці, якія ў Беларусі не вырабляюцца. Гэта ўсё, у сваю чаргу, таксама падштурхоўвае курс угару. Аднак на гэтым тле ніякіх дзеяньняў дзеля стабілізацыі ў валютнай сфэры, зноў жа, не прадпрымаецца. Таму ніякай нагоды для аптымізму ў гэтым зьвязку асабіста я ня бачу".

Нявырашанай праблемай застаецца і тое, што самастойнасьці ў прыняцьці рашэньняў, якія маглі б паспрыяць аздараўленьню сытуацыі, ня маюць ня толькі камэрцыйныя банкі, але і галоўная фінансавая ўстанова краіны — Нацыянальны банк. А жорсткае дзяржаўнае рэгуляваньне валютнай сфэры, на думку эканаміста Ўладзімера Карагіна, азначае толькі адно — працяг множнасьці курсаў на неакрэсьлены час:

"Пакуль я сам не да канца разумею: ёсьць насамрэч гэты прэсінг з боку ўладаў альбо гэта проста неўспрымальнасьць таго, што гавораць гэтыя прафэсіяналы банкаўскай сфэры, тых мадэляў, што яны прапануюць? Або гэта проста нейкі разрыў у зьвязцы ўзаемаадносінаў іншых галінаў улады? Па вялікім рахунку, тут досыць складана нешта канстатаваць, бо я не ўнутры гэтай уладнай піраміды, бо дзелавую супольнасьць улады трымаюць як бы звонку.

Мы цяпер вядзем інтэнсіўныя перамовы адносна валютнага ўрэгуляваньня, прынамсі, спрабуем гэта рабіць праз тыя перамоўныя пляцоўкі, якія існуюць. І, вядома, шмат у чым бачым нейкую разбалянсаванасьць у рамках саміх уладных структураў. Мы не заўсёды на свае пытаньні атрымліваем зразумелыя адказы. Нібыта зрабілі шмат слушных прапановаў, над якімі шчыльна папрацавалі, якія пралічылі, нясем адказнасьць за іх рэалізацыю. Але дакладнага і яснага адказу на гэтыя прапановы, як правіла, ня маем".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG