Лінкі ўнівэрсальнага доступу

8 жніўня — дзень народзінаў грэка-каталіцкага сьвятара Аляксандра Надсана. Апостальскаму візытатару для беларусаў-каталікоў замежжа, дырэктару Беларускай бібліятэкі і музэю імя Францішка Скарыны ў Лёндане сёньня спаўняецца 85.

Будучы сьвятар, навуковы і грамадзкі дзеяч нарадзіўся ў мястэчку Гародзей (цяпер Гарадзея) на Нясьвіжчыне ў сям’і настаўнікаў і сам скончыў Нясьвіскую настаўніцкую сэмінарыю. Пераняць сямейную прафэсію перашкодзіла вайна, пасьля якой ён апынуўся ў Брытаніі. Лёнданскі ўнівэрсытэт, Грэцкая калегія ў Рыме, высьвячэньне на сьвятара, вяртаньне ў Лёнданскую беларускую каталіцкую місію і больш як паўвека служэньня Беларусі.

Пра айца Аляксандра Надсана гаворыць доктарка багаслоўя Ірына Дубянецкая: "Айцец, калі ён застаўся адзін у Лёндане, ён у Марыянгаўзе ў капліцы Пятра і Паўла кожны дзень служыў літургію за беларускі народ, за Беларусь, і служыў па-беларуску. І ён знаёмы з усімі людзьмі, якія штосьці робяць для Беларусі. Усе беларусісты сьвету яго ведаюць, і ведаюць часта дзякуючы таму, што ён іх навярнуў у беларускасьць. Альбо проста яны прыяжджалі ў ягоную бібліятэку, бібліятэку імя Скарыны ў Лёндане, якая ў значнай ступені ягонымі намаганьнямі была сабраная, прыяжджалі, каб пазнаёміцца зь літаратурай, атрымаць кансультацыі, і атрымлівалі шырэй, чым яны спадзяваліся. Мы маем некалькі ў розных культурных галінах доктарскіх дысэртацый, у якіх выказана падзяка Скарынаўскай бібліятэцы і асабіста айцу Аляксандру. Ён сапраўды дапамог у разуменьні сьветам Беларусі вельмі моцна. Нездарма ён на сваё пяцідзесяцігодзьдзе сьвятарства атрымаў ганаровы дактарат Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту, і там адна з фармулёвак была — "За пашырэньне веды пра Беларусь у сьвеце".

Скарыназнаўства, старадрукі, трансьлітарацыя аль-кітабаў, гісторыя беларускай рэлігійнай думкі, гісторыя грэка-каталіцкай царквы, літаратуразнаўства — гэта толькі нязначная частка навуковых зацікаўленьняў айца Аляксандра. Нездарма гісторык Анатоль Сідарэвіч параўнаў яго з цэлым інстытутам.

"Ёсьць асобы, якіх можна называць інстытутамі. Гэта людзі, якія ні да кога не падобныя, якія ва ўсім першыя, якія задаюць тон, за якімі ўжо наступнікі ідуць. Пры ўсёй павазе да ўсіх папярэднікаў — і да айца Язэпа Германовіча, і да айца Андрэя Цікоты ды іншых — яны заставаліся ў традыцыі. Напрыклад, біскуп Сіповіч скептычна ставіўся да перакладаў на сучасную беларускую мову літургічных тэкстаў. А Аляксандар Надсан гэтую традыцыю паламаў, і вось бачыце — беларуская мова загучала ў цэрквах уніяцкіх і нават патрошку пачала гучаць у праваслаўных".

Айцец Надсан служыць Беларусі ня толькі малітвай і навуковымі штудыямі. Ён быў першым чалавекам Заходняга сьвету, які прывёз у Беларусь гуманітарны груз пасьля чарнобыльскай катастрофы, і ўсе гэтыя гады ён ахвярна дапамагае дзецям з радыяцыйных раёнаў. Дзякуючы яму ў замежных унівэрсытэтах вывучыліся многія суайчыньнікі і зьдзейсьніліся дзясяткі гуманітарных праектаў.

У дзень свайго 85-годзьдзя айцец Аляксандар Надсан мае тую ж мару, што і дзесяць, і дваццаць, і пяцьдзясят гадоў таму:

"Безумоўна, што мне хацелася б, каб усе беларусы сябе адчувалі беларусамі, і на душы сумна, што многія гэтага не адчуваюць, але судзіць іх я не магу".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG