Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску за пустыя прылаўкі звольненыя 7 дырэктараў крам


Пра звальненьні, якое адбылося яшчэ на мінулым тыдні, паведамілі ў галоўным упраўленьні спажывецкага рынку Менгарвыканкаму.

Патрабаваньне па належным функцыянаваньні гандлёвых аб'ектаў сталіцы выказаў на нядаўнім паседжаньні Менгарвыканкаму яго старшыня Мікалай Ладуцька. Рэзкую рэакцыю мэра выклікалі факты паўпустых паліц ў некаторых крамах гораду.

"Калі ёсьць пустыя прылаўкі – трэба звальняць дырэктара крамы", – сказаў мэр сталіцы, падкрэсьліўшы, што магчымасьці для запаўненьня таварамі паліц крам горада сёньня ёсьць. Факты паўпустых паліц у некаторых крамах сталіцы ён расцаніў як нежаданьне кіраўніцтва гандлёвых аб'ектаў працаваць.

Мікалай Ладуцька адзначыў, што ў Менску шмат суб'ектаў гаспадараньня, якія жадаюць разьвіваць бізнэс, пашыраючы сетку гандлёвых аб'ектаў, пры гэтым кіраўніцтва некаторых дробных аб'ектаў не надае належнай увагі пытаньням запаўненьня таварамі крам у поўным аб'ёме. Дагаворы арэнды з такімі суб'ектамі гаспадараньня павінны быць скасаваныя, лічыць старшыня Менгарвыканкаму.

"Дамовы арэнды павінны быць скасаваныя ў адпаведнасьці зь дзеючым заканадаўствам, а плошчы перададзены ўстойлівым гандлёвым арганізацыям", – сказаў Мікалай Ладуцька. Ён падкрэсьліў, што ўся сфэра гандлю Менску павінна быць узорна-паказальнай.

Аб гэтым паведамляе БЕЛТА.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG