Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Натальля Радзіна, рэдактар Інтэрнэт-выданьня «Хартыя-97», аб'явілася ў Літве, дзе папрасіла палітычнага прытулку. Яна зьяўляецца адной з абвінавачаных па крымінальнай справе аб масавых беспарадках у Менску 19 сьнежня. Натальлю вызвалілі пад падпіску аб нявыезьдзе 28 студзеня 2011 году пасьля месячнага знаходжаньня ў турме КДБ "Амэрыканка". Пра тое, як яна апынулася ў Літве і пра свае пляны Натальля распавяла ў інтэрвію Свабодзе.

Радзіна: 30 сакавіка я выехала з Кобрына на допыт у Менск, куды мяне выклікалі сьледчыя. Сышла зь цягніка ў Лунінцы, там мяне сустрэлі сябры. Я села ў машыну і выехала з тэрыторыі Беларусі. 1 красавіка я ўжо была ў Маскве і занялася афармленьнем дакумэнтаў. Самай вялікай праблемай было тое, што ў мяне не было пашпарту, адсюль і такі маршрут. Акрамя Расеі я не магла нікуды выехаць. Каб легальна пакінуць Расею, мне патрэбныя былі дакумэнты. Я зьвярнулася ва ўпраўленьне вярхоўнага камісарыяту ААН у справах уцекачоў. Прайшлі ўсе працэдуры. Паколькі мая справа была добра дакумэнтаваная, яна была разгледжаная ў прыярытэтным парадку.

Вялікую дапамогу мне аказалі камітэт "Грамадзянскае садзеяньне", сябра рады пры прэзыдэнце РФ па правах чалавека Сьвятлана Ганушкіна. Таксама мне дапамагалі Freedom House, асобныя палітыкі, праваабаронцы, ну, і зразумела, мае сябры -- Натальля Каляда, Мікалай Халезін, Ірына Багданава, Ірына Красоўская, Павал Селін, Павал Марыніч, Фёдар Паўлічэнка.

Радыё Свабода: А чаму вы не засталіся ў Расеі?

Радзіна: Я ўдзячная расейскім уладам за тое, што яны ня выдалі мяне Беларусі. Але зараз існуе небясьпека працы ў Расеі, бо беларускія спэцслужбы адчуваюць сябе там дастаткова вальготна. І ў бясьпецы там ніколі ня будзеш сябе адчуваць.

Калі я была ў Расеі, я імкнулася выконваць усе правілы перасьцярогі, не зьяўляцца ў публічных месцах, нікому не тэлефанавала з Масквы.

Радыё Свабода: А наколькі бясьпечная ў гэтым сэнсе Літва? Справа Бяляцкага спараджае ў некаторых пэўныя сумневы ў гэтым.

Радзіна: Ёсьць пэўныя перасьцярогі, ёсьць пэўнае расчараваньне. Усё гэта пачалося значна раней, з адносінаў прэзыдэнта Літвы Далі Грыбаўскайтэ да рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Зараз -- гэты жахлівы выпадак з Алесем Бяляцкім. Але я прыехала ў Літву, бо мне больш функцыянальна працаваць зь Вільні. Тут знаходзіцца рэдакцыя сайту "Хартыя-97", тыя супрацоўнікі, якія здолелі пазьбегнуць арышту пасьля 19 сьнежня, пераехалі сюды. Працаваць з калектывам дыстанцыйна мне цяжка. Я нарэшце была рада аб'яднацца са сваім калектывам.
Да таго ж у Літве я не адчуваю такую адарванасьць ад сваёй бацькаўшчыны. Вільня - горад, дзе шмат беларусаў і беларускага.

Я ніколі б ня зьехала са сваёй краіны. калі б ня ўзьнікла сытуацыя, што на Радзіме проста немагчыма працаваць. Мяне ня столькі палохала турма, колькі немагчымасьць выконваць сваю працу.

Мы будзем працаваць, разьвіваць сайт, нарошчваць колькасьць наведнікаў. Асноўная мэта - як мага хутчэй вярнуцца ў Беларусь. Толькі гэтай мэтай я сёньня і жыву.

Я вельмі сумую па сваіх бацьках. Я не дарую рэжыму таго, што ў мяне цяпер няма магчымасьці сустракацца зь імі так часта, як мне хацелася б. Але я спадзяюся, што гэтая сытуацыя вельмі хутка выправіцца. Я ўпэўненая, цягам бліжэйшага году я вярнуся".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG