Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Беларуськалій" у закладзе


"Сбербанк" Расеі і нямецкі "Deutsche Bank" выдзеляць "Беларуськалію" крэдыт у памеры 2 мільярдаў даляраў пад заклад 35% акцый прадпрыемства і забесьпячэньне экспартных кантрактаў. Разам з тым на мінулым тыдні пра выдзяленьне значнай пазыкі на мадэрнізацыю руднікоў заявіў Азэрбайджан, а ўлады Індыі, са свайго боку, выказалі гатовасьць набыць пакет акцыяў "Беларуськалія" на дамоўных умовах. Якія мэты перасьледуюць улады, распачаўшы таргі на некалькі франтоў?

Аналітыкі сыходзяцца на думцы: стратэгічнае прадпрыемства, якое і без таго стабільна прыносіць валюту ў бюджэт, улады аддаюць у заклад ад безвыходнасьці. У сытуацыі глыбокага фінансава-эканамічнага крызісу эканоміцы краіны патрабуюцца значныя ўліваньні, рабіць якія патэнцыйныя донары не сьпяшаюцца. У выніку, як кажа эканаміст Леў Марголін, кіраўніцтва Беларусі гатовае аддаць "фамільнае срэбра" фактычна за бесцань:

Леў Марголін

"Пакуль што пытаньне аб продажы не стаіць, бо крэдыт пад заклад — гэта ня продаж. Але варта зьвярнуць увагу на іншую акалічнасьць. Калі пералічыць вартасьць "Беларуськалія" па аддадзеных у заклад акцыях, то выходзіць, што прадпрыемства каштуе не 30 мільярдаў даляраў, як казаў Лукашэнка, а ўсяго толькі 5,7 мільярда. І калі ўжо расейцы папрасілі 35% акцый у заклад, то любы іншы, хто будзе даваць крэдыт пад заклад акцыяў "Беларуськалія", будзе зыходзіць з гэтага кошту. І гэта вельмі непрыемны момант, бо тое, што ўлады разьлічвалі на нейкае наша "сталовае срэбра", як яны самі казалі, то гэтыя спадзяваньні ня спраўджваюцца. Крызіс ёсьць крызіс, і ўсе чакаюць, што калі сёньня ня даць 5 мільярдаў, дык заўтра пагодзяцца і на 3 мільярды. Такое разьвіцьцё падзеяў — самае непрыемнае ў нашым выпадку".

Сытуацыя вакол "Беларуськалія" выглядае ўсё больш заблытанай. Пра намер прадаць 50% ягоных акцый расейскай кампаніі "Ўралкалій" за 15 мільярдаў даляраў кіраўніцтва Беларусі казала яшчэ ў чэрвені. Нават абяцала, што неўзабаве будзе атрыманы мільярдны аванс пад будучыя пастаўкі ўгнаеньняў. Аднак перамовы з уласьнікам кампаніі Сулейманам Керымавым нечакана былі згорнутыя: беларускі бок перадумаў прадаваць "залатую курыцу" часткамі, а новая сума ў 30 мільярдаў даляраў за ўвесь пакет акцый, на думку алігарха, аказалася завышанай.

Пасьля непрацяглай паўзы вакол "Беларуськалія" зноў пачаўся торг. Урад Азэрбайджану абвясьціў пра выдзяленьне прадпрыемству крэдыту ў суме 300 мільёнаў даляраў, а ўлады Індыі пацьвердзілі зацікаўленасьць у набыцьці акцый. Як паведаміў амбасадар гэтай краіны ў Беларусі Манодж Кумар Бхарата, афіцыйны Дэлі купіць пакет акцый на дамоўных умовах, калі такая зьдзелка будзе прапанаваная. І зазначыў, што індыйскі бок "зь нецярпеньнем чакае рашэньня беларускага ўраду".

На самім "Беларуськаліі" сытуацыю з прыцягненьнем сродкаў ніяк не камэнтуюць. У адміністрацыі зазначылі, што да падобных рашэньняў ня маюць ніякага дачыненьня, бо 100% акцый вытворчага аб'яднаньня належаць дзяржаве і ўсе рашэньні адносна будучыні прадпрыемства прымаюцца на ўзроўні вышэйшага кіраўніцтва краіны.

Тым часам самі работнікі "Беларуськалія" зазначаюць: дзяржаўных сродкаў на мадэрнізацыю вытворчасьці бракуе, і таму аб'яднаньне працуе не на поўную моц. Адна з супрацоўніц распавяла, што частковая загружанасьць вядзе да прастояў, а абяцаньне пабудаваць другі калійны камбінат, каб падвоіць прыбыткі, застаецца толькі на паперы:

"Становішча ўвогуле дрэннае, пастаяннае адчуваньне нейкай трывогі. І
з гледзішча занятасьці, прыбыткаў настроі ня вельмі добрыя ...

гэта небеспадстаўна: шмат фірмаў, якія раней праводзілі на "Беларуськаліі" рамонтныя працы, працавалі як падрадчыкі на рудніках, яны цяпер наагул стаяць. А гэта значыць, што людзі фактычна страцілі працу ці працуюць толькі час ад часу, сядзяць без заробкаў. Вольнага часу стала куды больш. Таму, вядома ж, з гледзішча занятасьці, прыбыткаў настроі ня вельмі добрыя. Людзі прападаюць на лецішчах, на гародах. Зеляніна, гародніна, бульба — гэтым практычна ўсе пачалі займацца. Бо разумеюць, што гэта дапаможа хоць нейкім чынам зьменшыць выдаткі на ежу, на паходы ў краму".

Чаму ўлады Беларусі, якія адпачатку ацэньвалі "Беларуськалій" у 30 мільярдаў даляраў, гатовыя аддаць яго фактычна за бесцань? Ды яшчэ так, што ў выпадку невяртаньня 2-мільярднага крэдыту "Сбербанк" і "Deutsche Bank" аўтаматычна становяцца гаспадарамі больш чым траціны актываў прадпрыемства. Сваю думку выказвае эканаміст Леў Марголін:

"Таму што крызіс. У крызіс ніхто маёмасьць не прадае. Наадварот, усе
прыпрэ, дык прадасі і за 3 мільярды тое, што можна было б у добрых абставінах прадаць і за 10 мільярдаў ...

стараюцца яе купіць, але па заніжаных коштах. У дадзеным выпадку ўсе ў сьвеце ведаюць, што Лукашэнку як паветра патрэбныя грошы. А калі табе так неабходныя грошы, то тады ўсё зразумела: гэта як той алькаголік, які цягне з дому тэлевізар ці гадзіньнік і прадае яго за бесцань, каб зараз жа, адразу хоць нешта атрымаць на бутэльку. Так і тут: калі, як кажуць, прыпрэ, дык прадасі і за 3 мільярды тое, што можна было б у добрых абставінах прадаць і за 10 мільярдаў".

Экспэрты не выключаюць: значныя сродкі, выдзеленыя на мэтавыя праекты, да "Беларуськалія" могуць нават і не дайсьці. Кіраўніцтва калійнага камбінату ня мае рычагоў уплыву на валютныя плыні, а ў беларускім бюджэце безьліч фінансавых дзірак, якія трэба тэрмінова латаць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG