Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзесяць інтэлектуалаў Літвы зьвярнуліся з адкрытым лістом да прэзыдэнта Далі Грыбаўскайце ў сувязі зь дзеяньнямі Літвы, якія паспрыялі затрыманьню беларускага праваабаронцы Алеся Бяляцкага. Пра гэта паведамляе інтэрнэт-партал DELFI.

«Службовыя асобы Літвы афіцыйна пацьвердзілі, што яны далі беларускаму рэжыму дадзеныя аб банкаўскіх рахунках грамадзкіх арганізацый Беларусі і іх чальцоў у Літве. Па іх сьцьвяржэньні, гэта «звычайная працэдура». Беларускі рэжым, абапіраючыся на дадзеныя, якія прадставілі ўладай Літвы, пачаў рэпрэсіі супраць сваіх грамадзян», - гаворыцца ў лісьце інтэлектуалаў. - Вядома, што і раней Беларусь запытвала такую інфармацыю. Але службовыя асобы Літвы яе не падавалі. Таму мы заклікаем патлумачыцца перад грамадзянамі Літвы, чаму зьмянілася пазыцыя нашай улады ".

У дакумэнце, які падпісалі Людвікас Якімавічус, Дарус Куоліс, Вітаўтас Ландсбэргіс, Гінтаўтас Мажэйкіс, Ромас Пакльніс, Валдас Папевіс, Карнэліюс Платэліс, Ромас Сакадольскіс, Арунас Сьвердэлас і Саўлюс Жукас, інтэлектуалы гавораць аб асабістай і палітычнай адказнасьці службовых асоб, адказных за прадстаўленьне інфармацыі аб Бяляцкім.

«У дзяржаве, якая паважае сябе, службовыя асобы, якія прынялі такое сумнае рашэньне, павінны быць названыя, а датычныя да гэтага палітыкі павінны ўзяць на сябе палітычную адказнасьць. Спадарыня прэзыдэнт, нам сорамна за дзеяньні ўладаў Літвы. А Вам?», -- завяршаюць свой ліст літоўскія інтэлектуалы.

***

Між тым, міністэрства юстыцыі Літвы паведаміла, што ня мае намеру пачынаць ўнутранае расьсьледаваньне ў сувязі з прадстаўленай уладам Беларусі інфармацыі аб банкаўскіх рахунках праваабаронцы Алеся Бяляцкага і цэнтру "Вясна".

«Унутранае расьсьледаваньне ў нас не распачатае, мы ня бачым неабходнасьці яго пачынаць", - сказала дарадца міністра юстыцыі Вайда Вінцявічутэ.

***

Адзін з аўтараў адкрытага ліста прэзыдэнту, эўрапарлямэнтар Вітаўтас Ландсбэргіс не выключае, што ў сытуацыі з арыштам беларускага праваабаронцы Алеся Бяляцкага на паводзіны афіцыйнага Менску паўплывала Масква — пасьля скандалу зь нявыдачай Літве падазраванага па справе аб камуністычным перавароце 13 студзеня 1991 году Міхаіла Галаватава. Пра гэта Ландсбэргіс заявіў у інтэрвію літоўскаму тэлебачаньню.

"Я мяркую, што ёсьць шмат палітычных сіл, якія хацелі б што-небудзь зрабіць [літоўскаму міністру юстыцыі] Рэмігіюсу Шымашусу, паколькі ён някепска вядзе справу, зьвязаную зь Міхаілам Галаватавым. Тут магчыма нават непрамая абарона", — заявіў Ландсбэргіс.
На пытаньне, ці зьяўляецца гэта абаронай Расеі, Ландсбэргіс адказаў: "Я мяркую, што Аляксандар Лукашэнка менш зацікаўлены ў Міхаіле Галаватаве. Ёсьць значна больш зацікаўленыя калегі з той жа ўстановы".

Міхаіл Галаватаў, камандаваў групай супрацоўнікаў падразьдзяленьня "Альфа", адпраўленых у студзені 1991 году ў Вільню. У Літве ён праходзіць падазраваным па справе аб падзеях 13 студзеня.

Галаватава затрымалі ў ліпені сёлета ў Аўстрыі па эўрапейскім ордэры на арышт. 16 ліпеня паведамлялася, што ён вярнуўся ў Расею. Літоўскі МЗС расцаніў дзеяньні Аўстрыі як вельмі грубае парушэньне прававых актаў Эўразьвязу.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG