Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ініцыятары Ўсенароднага сходу пайшлі ў народ па подпісы


Віктар Івашкевіч

Віктар Івашкевіч

Роўна праз два месяцы мае прайсьці Ўсенародны сход, прызначаны на 8 кастрычніка. Пра тое, на якой стадыі падрыхтоўка да гэтай падзеі, "Свабодзе" распавёў сустаршыня аргкамітэту па правядзеньні Ўсенароднага сходу Віктар Івашкевіч.

Івашкевіч: "Па-першае, ідзе кампанія ў СМІ, пэрыядычна зьяўляюцца артыкулы, якія тлумачаць гэтую ініцыятыву і даюць адказы на пытаньні людзей. Па-другое, друкуюцца агітацыйныя матэрыялы, якіх на сёньня выдадзена звыш 150 тысяч асобнікаў. Гэта, лічу, даволі шмат, калі ўлічваць, што пакуль ніякай дапамогі няма ані з боку арганізацыяў, якія спрыяюць дэмакратыі ў Беларусі, ані з боку асноўных беларускіх палітычных партыяў.

З гэтага тыдня пачалася кампанія па зборы подпісаў жыхароў Беларусі пад ініцыятывай правядзеньня сходаў. Нагадаю, што паводле заканадаўства для таго каб сабраць легальны сход, які прадугледжаны Канстытуцыяй і законам аб мясцовых сходах, неабходна сабраць 10 працэнтаў подпісаў жыхароў дадзенай адзінкі. Мінімальная тэрытарыяльная адзінка — гэта двор, далей — вуліца, мікрараён, жыльлёвы комплекс, раён, горад. І ад сёньняшняга дня нашы актывісты пачалі зьбіраць подпісы".

Карэспандэнт: "Вы сказалі, што на сёньняшні дзень не адчуваеце ніякай дапамогі з боку палітычных партыяў. А якія палітычныя сілы падтрымалі ідэю Ўсенароднага сходу?".

Івашкевіч: "Падтрымліваюць усе. Усе грамадзкія і палітычныя дэмакратычныя сілы заявілі, што вітаюць гэтую ініцыятыву. Іншая справа — розная ступень актыўнасьці ў рэалізацыі гэтай ідэі. Большасьць партыяў, акрамя БНФ, даслалі ў аргкамітэт сваіх прадстаўнікоў, але пераважна гэтым і абмяжоўваюцца. Тым часам людзі ў рэгіёнах, незалежна ад рашэньня сваіх партыяў, далучаюцца да працы, і кожны канкрэтны актывіст вырашае гэтае пытаньне сам за сябе".
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG