Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бітва паміж Масквой і Дэлі за «Беларуськалій»


Беларуськалій, Салігорск

Беларуськалій, Салігорск

Пра спаборніцтва Расеі і Індыі за галоўны прамысловы актыў Беларусі піша расейскае выданьне gazeta.ru.

На «Беларуськалій», цікавасьць да якога праяўляе Расія, зьявіўся новы прэтэндэнт - Індыя. Расейскае кіраўніцтва адрэагавала апэратыўна: «Сбербанк» РФ у альянсе з Deutsche Bank гатовы даць «Беларуськалію» крэдыт у $ 2 млрд. «Гэта вельмі моцна дапаможа эканоміцы Беларусі ў пераадоленьні крызісу», - адзначыў Герман Грэф, кіраўнік «Сбербанку». Сродкі пойдуць на папаўненьне золатавалютных рэзэрваў краіны, кажуць крыніцы.

Паводле гэтых крыніцаў, «фактычна крэдыт на $ 2 млрд. бярэ ўрад. Актывы «Беларуськалія» выступаюць забесьпячэньнем крэдыту з улікам раней паніжанага сувэрэннага рэйтынгу Беларусі».

Грэф у гутарцы з расейскім прэм'ерам Уладзімерам Пуціным паведаміў, што ў якасьці забесьпячэньня па крэдыце будуць прадстаўленыя экспартныя кантракты («Беларуськалій» экспартуе 90% прадукцыі, зьяўляючыся найбуйнейшым пастаўшчыком валюты ў краіну), а таксама 35% акцый прадпрыемства ў заклад.

«Уралкалій» раней прапаноўваў «Беларуськалію» крэдыт у $ 1 млрд, - нагадвае Марына Аляксеенкава з Газпрамбанку. - Але кампаніі, відавочна, не змаглі дамовіцца, і зараз пытаньне крэдыту выйшла на дзяржаўны ўзровень".

Індыя зацікаўлена ў набыцьці пакета акцый «Беларуськалія». У мінулы чацьвер перад сустрэчай з прэм'ер-міністрам Беларусі Міхаілам Мясьніковічам пра гэта заявіў пасол Індыі ў Беларусі Манодж Кумар Бхарці. «Мы зь нецярпеньнем чакаем рашэньня ўраду Беларусі і «Беларуськалія», - сказаў пасол.

Індыя - найбуйнейшы імпарцёр калійных угнаеньняў і, разам з Кітаем і Бразыліяй, асноўны пакупнік прадукцыі «Беларуськалія».

У той жа чацьвер ЗАТ «Беларуская калійная кампанія» (БКК, прадстаўнік «Беларуськалія» на сусьветным рынку) заключыла кантракт з буйнейшым індыйскім імпарцёрам мінэральных угнаеньняў Indian Potash Ltd на пастаўку 1,2 млн тон хлёрыстага калію ў жніўні 2011 - сакавіку 2012 года па цане $ 490 за тону. У рамках папярэдняга кантракту беларускі калій абышоўся індыйцам на траціну таньней - па $ 370 за тону.

Набыцьцё пакету акцый «Беларуськалія» дазволіць пакупніку ўплываць на цэны паставак. Раней прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка казаў аб плянах прадаць да 25% «Беларуськалія» за $ 6-7 млрд. У пачатку чэрвеня зьявілася інфармацыя, што «Нафта Масква», падкантрольная расейскаму бізнэсмэну Сулейману Керымаву, блізкая да заключэньня ўгоды па куплі кантрольнага пакету «Беларуськалія» за $ 15 млрд. Меркавалася, што «Беларуськалій» павінен узмацніць пазыцыі Керымава ў хімічным бізнэсе (прадпрымальнік кантралюе «Уралкалій», які пасьля нядаўняга зьліцьця з кампаніяй «Сільвініт» стаў адным з вядучых сусьветных гульцоў на рынку калійных угнаеньняў).

Але ў канцы чэрвеня Менск заявіў, што зьбіраецца прадаць 10-15% акцый кампаніі на біржы.

«Я даў даручэньне канцэрну «Белнафтахім», дырэктару «Беларуськалія» рыхтаваць прадпрыемства да разьмяшчэньня акцый на адной з фондавых біржаў, - расказаў першы віцэ-прэм'ер Уладзімер Сямашка. - Мы ацэньваем «Беларуськалій» ў суму ня менш чым $ 30 млрд, і гэтая цана будзе расьці ад месяца да месяца ».

«Каму беларускія ўлады вырашаць у выніку прадаць «Беларуськалій,» - сказаць складана: гэта ў большай ступені палітычнае пытаньне, - кажа аналітык Райфайзэнбанку Канстанцін Юмінаў. - Гэтая кампанія - найбуйнейшы ў Беларусі пастаўшчык даляравай выручкі, таму яе пастараюцца прадаць як мага даражэй». Юмінаў нагадаў, што ў апошні час зьяўляецца ўсё больш жадаючых набыць «Беларуськалій», напрыклад, кітайцы. Але для галіны прынцыпова, каб спажывец угнаеньняў не атрымаў доступ да вытворчасьці, інакш ён пачне ўплываць на цэны і ўмовы паставак, што парушыць усю эканоміку сэктару, дадае экспэрт. «Менавіта таму «Сбербанк» і Deutsche Bank гатовы даць «Беларуськалію» крэдыт, атрымаўшы ў заклад 35% акцый кампаніі, - паказвае Юмінаў. - Гэта спроба не дапусьціць продажу актыву Індыі ці Кітаю».

Калі «Ўралкалій» Сулеймана Керымава набудзе пакет беларускага прадпрыемства, ён стане бясспрэчным сусьветным лідэрам, адзначае Аляксеенкава. На яе думку, гэта найбольш відавочны партнэр для «Беларуськалія»: «Уралкалій» працуе з гэтай кампаніяй з 2005 году праз БКК, так што бакі добра ведаюць адзін аднаго. Індыя ж, як і Кітай, зацікаўлена ў першую чаргу ў прадукцыі кампаніі, у насычэньні ўгнаеньнямі ўласнага рынку, прычым па коштах ніжэй за рынкавыя.

Але перш, чым ацэньваць кампанію, трэба ўсталяваць доўгатэрміновыя правілы гульні, у першую чаргу па падатках, экспартных пошлінах і ПЗКВ, дадае экспэрт:

«Ва ўмовах калі гэтыя фактары ў любы момант могуць зьмяніцца па рашэньні аднаго чалавека, рызыкі для інвэстараў вельмі вялікія".

Між тым, цяпер самому «Беларуськалію» пагражае аварыя, якая адбылася на прадпрыемстве 24 чэрвеня. У гэты дзень у адну з шахт (а яны ўсё ўзаемазьвязаныя) прарвалася вада: працякло цэлае падземнае возера, пра існаваньне якога ў гэтым раёне беларускія геолягі раней не падазравалі. Працёк ня спынены па цяперашні дзень. Больш за тое, з-за прасяданьня глебы пачалі разбурацца дамы ў вёсцы Крывічы, разьмешчанай прама над падземнай выпрацоўкай.

Беларускае кіраўніцтва запэўнівае, што здабыча калійнай солі «ідзе ў штатным рэжыме». Але ў Беларусі створана ўрадавая міжведамасная камісія па ліквідацыі пагрозы затапленьня радовішчаў «Беларуськалію». Камісію ўзначаліў першы віцэ-прэм'ер Уладзімер Сямашка, што пацьвярджае сур'ёзнасьць праблемы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG