Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тры гады па вайне: якой будзе цана прымірэньня Масквы і Тбілісі?


Тбілісі. Акцыя памяці ахвяраў грузіна-расейскай вайны

Тбілісі. Акцыя памяці ахвяраў грузіна-расейскай вайны

Праз тры гады пасьля пяцідзённай вайны паміж Расеяй і Грузіяй адносіны паміж краінамі застаюцца ў палітычнымі тупіку. Расейскі прэзыдэнт і грузінскі экспэрт вяртаюцца да асэнсаваньня канфлікту.

У выніку ўзброенага канфлікту, які пачаўся 8 жніўня 2008 году, Грузія згубіла свае рэгіёны: Абхазія і Паўднёвая Асэтыя абвясьцілі незалежнасьць, якую неўзабаве прызнала Расея. За прыкладам Масквы пайшлі толькі лічаныя дзяржавы, такія як Вэнэсуэла ці Нікарагуа. Нядаўна паўднёваасэтынскі лідэр Эдуард Какойты выказаў пажаданьне стаць трэцім у саюзнай дзяржаве Расеі і Беларусі, аднак такі крок відавочна застанецца яго фантазіяй: той жа Менск тры гады ўзважвае выгады-нявыгады прызнаньня незалежнасьці Цхінвалі і Сухумі.

Тры гады нічога ня зьмянілі і ў пазыцыі Захаду. Днямі амэрыканскі сэнат прыняў рэзалюцыю, у якой назваў спрэчныя рэгіёны “акупаванымі тэрыторыямі”. Расейскі прэзыдэнт Дзьмітрый Мядзьведзеў заявіў, што такія фармулёўкі - справа густу і асабістых сымпатый асобных “састарэлых членаў” Сэнату. У сваім працяглым інтэрвію расейскім і грузінскім журналістам Мядзьведзеў прызнаўся, што рашэньне пра пачатак вайны прымаў сам і лічыць сваё рашэньне правільным. Ён дагэтуль не дараваў свайму грузінскаму калегу шматлікіх ахвяраў і лічыць, што Саакашвілі павінен адказваць перад міжнародным трыбуналам. “Ён увогуле павінен быць мне ўдзячны, што я ў пэўны момант проста спыніў войскі, сказаў Мядзьведзеў. – Калі б яны ўвайшлі ў Тбілісі, то хутчэй за ўсё, сёньня ў Грузіі быў бы іншы прэзыдэнт”.

Тым ня менш, гэтым разам Мядзьведзеў ускосна дапусьціў магчымасьць супрацоўніцтва зь цяперашнім кіраўніцтвам Грузіі. Умова – калі яно “праявіць мудрасьць” і ня будзе блякаваць уступленьне Расеі ў Сусьветную гандлёвую арганізацыю. Што да далучэньня Паўднёвай Асэтыі, то, у адрозьненьне ад Пуціна, Мядзьведзеў заявіў, што пакуль ня бачыць для гэтага “ні юрыдычных, ні фактычных перадумоваў”.

На думку прафэсара Тбіліскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Гіга Зэданіі, інтарэсы Расеі ў канфлікце ня столькі былі зьвязаныя зь “мяцежнымі рэгіёнамі”, колькі з жаданьнем зьмяніць празаходні накірунак разьвіцьця Грузіі ў цэлым. “Расейскай мэтай было перашкодзіць грузінскаму праекту”, - кажа прафэсар. На яго думку, цяпер палітычная эліта Грузіі разглядае працэс эўраатлянтычнай інтэграцыі як больш доўгатэрміновы . Зэданія таксама адзначае, што з заканчэньнем вайны ў Грузіі зьніклі ілюзіі, што праблему Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі можна вырашыць раз і назаўсёды.
XS
SM
MD
LG