Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арыштаваны за пікет салідарнасьці выйшаў на волю


Пасьля пяці сутак адміністрацыйнага арышту з турмы ў Дрыбіне выйшаў на волю актывіст грамадзянскай кампаніі “Эўрапейская Беларусь” Раман Паншын.

2 жніўня Горацкі раённы суд пакараў хлопца за ўдзел у акцыі салідарнасьці са зьняволеным лідэрам “Маладога фронту” Зьмітром Дашкевічам. Раман і яшчэ каля сарака моладзевых актывістаў патрабавалі ад кіраўніцтва папраўчай калёніі №9, каб яно дало дазвол на сустрэчу адваката з палітзьняволеным. Пасьля адмовы моладзь зладзіла пікет з плякатам “Спыніце перасьлед” і партрэтамі Дашкевіча пад вокнамі адміністрацыйнага будынка турмы. Міліцыя разагнала акцыю й арыштавала 15 яе ўдзельнікаў.

2 жніўня дзесяцярых актывістаў позна ўвечары з Горак перавезьлі ў Дрыбінскі ізалятар часовага ўтрыманьня. 4 засталіся ў Горацкім ізалятары. Паводле міліцыянтаў, у Горках ізалятар быў перапоўнены, таму й перавезьлі. 3 жніўня Горацкі раён наведваў Аляксандар Лукашэнка.

3 жніўня пасьля 18 гадзінаў над арыштаванымі ўдзельнікамі акцыі адбыліся суды. Раману Паншыну далі найменшы тэрмін зьняволеньня – 5 сутак. У Горках хлопца затрымалі ў першы раз. У першы й асудзілі:

“Мяне зьдзівіў суд. Непрыгожа яны ўсё зрабілі. Сказалі, што вашай віны мы не даказалі, але гэта лёс. І паколькі вы там знаходзіліся мы даём вам пяць сутак. Гэта мне дужа не спадабалася. Навошта так зь людзьмі абыходзіцца: віну не даказаўшы садзіць. Я не шкадую, што ўдзельнічаў у акцыі. Такое трэба рабіць. І змагацца”, адзначыў адразу пасьля вызваленьня Раман Паншын.

Паводле пастановы суда, супраць актывіста сьведчылі супрацоўнікі папраўчай калёніі №19. Яны заявілі, што ён удзельнічаў у пікеце. Судзіў хлопца судзьдзя Горацкага суду Віктар Ясковіч.

Раману Паншыну дзевятнаццаць гадоў. Сам ён зь Віцебску. Да кампаніі “Эўрапейская Беларусь” далучыўся нядаўна.

У Дрыбінскім ізалятары ўтрымліваюцца яшчэ восем актывістаў. Чатыры зь іх дзяўчыны – Наста Палажанка, Юлія Міхайлава, Ганна Шаруба, а таксама незалежная журналістка Тацяна Шапуцька. У Горках пад вартай утрымліваецца Максім Сямёнаў. Трое ўдзельнікаў акцыі чакаюць суда. Іх разгляд спраў адкладзены Горацкім судом, бо актывісты запатрабавалі адвакатаў. Яшчэ аднаго пікетоўца пакаралі штрафам у 30 базавых велічынь.
XS
SM
MD
LG