Лінкі ўнівэрсальнага доступу



Відэакамэры ў турэмных прыбіральнях. Каму патрэбнае такое кіно?


Сярод тэмаў праграмы:

Зваротная сувязь. Навошта з асуджаных робяць нелюдзяў? Рэакцыя на падзеі ў Глыбоцкай калёніі.

Ізноў пра плянку турэмнай жорсткасьці. Меркаваньне слухачкі .

Беларускія турмы: гісторыя і сучаснасьць. Сяброўкі Пуліхава і арыштанткі менскіх астрогаў — сётры Ізмайловіч

Турма і здароўе. Відэакамэры ў турэмных прыбіральнях. Каму патрэбнае такое кіно і ці не катаваньне гэта?


Зваротная сувязь


Нам можна напісаць на адрас: 220005, Менск-5, паштовая скрынка 111, або патэлефанаваць на аўтаадказьнік: +375 17 2 663952. Дзякуем усім, хто напісаў або патэлефанаваў нам.






Навошта з асуджаных робяць нелюдзяў?


Паведамленьні пра брутальнае зьбіцьцё асуджаных Глыбоцкай калёніі № 13, якое ўчыніла адміністрацыя ўстановы, і пра экстрэмальны сродак абароны сваіх правоў — спробу суіцыду, якую зрабілі пасьля гэтага некаторыя вязьні, выклікалі вялікі розгалас сярод нашых слухачоў ды чытачоў

Наведніца нашага сайту Марына Каліноўская напісала на форуме "Свабоды":

"Няма слоў... і гэта толькі малая доля тых жахаў, якія там адбываюцца...

Турэмная сыстэма — месца рэалізацыі для вырадкаў, ад ахоўнікаў да начальнікаў. А чалавек і нават асуджаны за злачынства, якое зьдзейсьніў, застаецца чалавекам і заслугоўвае чалавечага стаўленьня".


А вось меркаваньне наведніка сайту Свабоды Андрэя:

"Чалавек трапіў у турму, каб стаць на шлях выпраўленьня, і гэта таксама правільна. Так у цывілізаваным сьвеце.

У нас жа людзей у турмах калечаць і фізычна, і маральна, у выніку зь іх выходзяць азлобленыя на ўвесь сьвет людзі, зь якімі сапраўды небясьпечна сустрэцца ў цёмным завулку.

Чым лепшыя за іх тыя турэмнікі, якім дазволена зьдзекавацца з гэтых людзей за кратамі, або тыя гопнікі, якія сёньня пасярод дня ў цэнтры гораду хапаюць удзельнікаў мірных акцый?

А ўсе яны калісьці былі людзьмі ці маглі імі стаць. Навошта зь іх робяць нелюдзяў?".


Зваротная сувязь

А цяпер пра званок у праграму ад нашай слухачкі зь Менску Надзеі. Надзея ня згодная з удзельнікамі перадачы"Плянка турэмнай жорсткасьці" Паўлам Севярынцам, Сяргеем Дубаўцом ды іншымі, а таксама з аўтарам сюжэту Тацянай Поклад наконт таго, як вызначаць катаваньні. У перадачы гаварылася: "Тое, што сёньняшні беларус назаве катаваньнямі, яго бацькі і дзяды, бадай, не лічылі б вялікімі пакутамі ў параўнаньні з тым, праз што даводзілася прайсьці" . Паводле палітвязьня Паўла Севярынца, некаторым арыштантам значна цяжэй пераносіць маральныя катаваньні (тую ж адмову ў спатканьні), чым рэчы кшталту "расьцяжак".

Што адбываецца ў Беларусі з плянкай жорсткасьці

Вось што мяркуе ў гэтай сувязі наша слухачка:

"Ваша перадача "Свабода ў турмах" у цэлым падабаецца. Аднак у апошняй (http://www.svaboda.org/content/article/24275380.html) яе трэці разьдзел сёньня ня надта спадабаўся.

Па-першае, пры чым тут Кірыла Тураўскі? Калі ў чалавека была ўласная патрэба сябе замураваць, каб вызваліць дух, гэта цалкам зразумела. Аднак незразумела, якое дачыненьне гэта мае да тэмы перадачы. А па-другое, навошта ставіць пытаньне адносна таго, што розныя людзі па-рознаму ўспрымаюць катаваньні? Ёсьць агульначалавечыя нормы. Ня маюць яны права зьбіваць вязьня ў турме, прымушаць яго бегаць з матрацамі на галаве, выкручваць рукі ў кайданках, саджаць на ланцуг. Гэтыя падонкі невыпадкова надзяюць маскі. Яны выдатна ведаюць, што іхныя дзеяньні падпадаюць пад артыкул Крымінальнага кодэксу аб перавышэньні ўлады і службовых паўнамоцтваў. Па-трэцяе, навошта параўноўваць цяперашнія турмы са сталінскімі? Што гэта за крытэр, ці мала што калі было?

21-е стагодзьдзе! І калі параўноўваць, то толькі з сучаснымі эўрапейскімі краінамі. Такія ж параўнаньні нібыта апраўдваюць наш рэжым, што ён недастаткова жорсткі, што яшчэ больш можна зь людзей зьдзекавацца. Бо Сталін быў яшчэ горшы. Дзякуй Богу, што ёсьць адрозьненьне. Але ж у мяне такое адчуваньне, што і падабенстваў багата. Вось цяпер якраз чытаю кнігу Галіны Руднік "Птушкі пералётныя". Што ўражвае: падабенстваў болей. Дзякуй за ўвагу. Да пабачэньня. Надзея. Горад Менск".

Надзеі зь Менску адказвае журналістка Тацяна Поклад:

"Паважаная Надзея, дзякуй вам, што ўважліва слухаеце. Хацелася б спадзявацца, што ні вы, ні вашы родныя ды блізкія ня зьведалі, што такое плянка турэмнай цярплівасьці па-беларуску. У апошняй нашай праграме гэтая тэма стала падставай для абмеркаваньня, да якога далучыліся і колішнія турэмныя сядзельцы.

Калі самі вязьні па-рознаму ацэньваюць катаваньні, калі азначэньні таго, ці ўжываюцца катаваньні ў Беларусі, ці не, дасюль ня зробленыя, то, на вялікі жаль і боль, спадарыня Надзея, гэта яшчэ адзін доказ таго, што тыя "агульначалавечыя нормы", пра якія вы кажаце, патрабуюць удакладненьня. А чаму вы лічыце, што яны існуюць і ўсім аднолькава зразумелыя? На якой падставе? Добра б было, калі так. Але ці вы сапраўды мяркуеце, што аўтары турэмных інструкцыяў і такі чалавек, як вы, аднолькава разумеюць гэтыя нормы?

Калі б гэтыя агульначалавечыя нормы былі зразумелыя для ўсіх у нашым грамадзтве, не абураліся б беларусы нібыта занадта шыкоўнымі ўмовамі нарвэскай турмы, дзе будзе адбываць пакараньне тэрарыст, які забіў сотню чалавек у Нарвэгіі, а задумаліся над параўнаньнямі. Турма — люстэрка стану грамадзтва, сытуацыі ў краіне. А ў Беларусі прынята лічыць, і гэта падмацавана законамі, якія не выклікаюць пратэсту шырокага грамадзтва, што проста пазбавіць волі — недастатковае пакараньне, трэба яшчэ і пакуты, фактычна — катаваньні да гэтага дадаць.

Ня дзеля апраўданьня сёньняшніх турэмных жорсткасьцяў згадваюцца сталінскія катаваньні. А дзеля чаго? Каб разам з вамі, шаноўныя слухачы паслухаць думкі былых вязьняў і актывістаў і паспрабаваць знайсьці адказы: што ж адбываецца ў Беларусі з гэтай самай плянкай жорсткасьці — уздымаецца яна ці паніжаецца, як турэмнае жыцьцё ўзаемадзейнічае з жыцьцём на волі, — і праз параўнаньні знайсьці дакладныя азначэньні для катаваньняў, каб спыніць іх ва ўсёй краіне".

Беларускія турмы: гісторыя і сучаснасьць


У гэтай рубрыцы мы расказваем пра мінуўшчыну і цяпершчыну беларускіх астрогаў, а таксама пра іх вядомых сядзельцаў.

Пасьля падзеяў 1905 году вязьняў у турмах Расейскай імпэрыі істотна паболела. Менская "Валадарка", тады "Пішчалаўка", а таксама жаночая філія гэтага астрогу, якая месьцілася непадалек, на вуліцы Дабрамысьленскай, не былі выключэньнем. Кантынгент асуджаных з кожным годам папаўняўся так званымі "палітычнымі" ды падазраванымі ў бамбізьме. Характэрна, што сярод апошніх было нямала жанчын, якія належалі пераважна да партыі сацыялістаў-рэвалюцыянэраў (эсэраў). Зь іх трэба найперш вылучыць дзьвюх дачок менскага генэрала Адольфа Ізмайловіча — Аляксандру ды Кацярыну. Старэйшая зь сясьцёр — Аляксандра Ізмайловіч, удзельніца рэвалюцыі 1905—1907 гадоў, член лятучага баявога атраду Паўночнай вобласьці, у студзені 1906 году праходзіла па адной справе — замаху на менскага губэрнатара Паўла Курлова — з тэрарыстам Іванам Пуліхавым.

Пісьменьнік Уладзімер Арлоў, які вывучаў тэму беларускага тэрарызму, заўважае:

"У цені асобы Івана Пуліхава незаслужана застаецца ягоная паплечніца Аляксандра Ізмайловіч, якая разам з Пуліхавым рыхтавала замах на Курлова, а потым гэтаксама беспасьпяхова страляла ў паліцмайстра Норава. Дарэчы, Аляксандра Ізмайловіч ваенным судом таксама была асуджаная на сьмерць. Але ёй, як дачцэ царскага генэрала, сьмерць замянілі бестэрміновымі катаржнымі работамі ў Сыбіры".

На пазыцыях усталяваньня справядлівасьці праз гвалт і тэрор стаяла і малодшая сястра Аляксандры — Кацярына.

Пра сясьцёр-тэрарыстак Аляксандру і Кацярыну Ізмайловіч — Іна Студзінская.

Ідэйныя пераўтваральніцы сьвету былі прыгажунямі і мелі багата паклоньнікаў


Дочкі генэрал-лейтэнанта артылерыі Адольфа Ізмайловіча, Аляксандра і Кацярына, былі прыгажунямі і мелі багата паклоньнікаў з вышэйшых слаёў грамадзтва. Прыгожыя, вытанчаныя, бліскуча выхаваныя, адукаваныя, яны маглі ўдала выйсьці замуж, заняць высокае месца ў грамадзтве. Але прыгажосьць і талент гэтых дзяўчат знайшлі іншы ўжытак — перамагла папулярная на той час сярод моладзі ідэя справядлівага пераўтварэньня сьвету...

З успамінаў Рыгора Нястроева, эсэра-максымаліста, які сядзеў на Валадарцы ў адзін час з Пуліхавым і Ізмайловіч:

"З дня прыезду ў Менск у кастрычніку 1905 году да майго арышту я часта наведваў сясьцёр Ізмайловіч, дзе ў той час была штаб-кватэра эсэраў... Цэлымі днямі тут таўкліся "таварышы" па партыі, абмяркоўваліся пляны замахаў на паліцмайстра Норава і губэрнатара Курлова, тут стаялі вялікія кашы зь літаратурай, тут жа рыхтаваліся бомбы...".


Распавядае доктар гістарычных навук, прафэсар Захар Шыбека:

"Эсэры зьбіраліся пад дахам генэральскага дома. Там патаемныя сходы адбываліся, абмеркаваньні, прапаганда вялася. Яны былі такія апантаныя, актыўныя дзеячы партыі эсэраў. Я апісваю ў сваёй кніжцы дзёрзкія ўцёкі іх з жаночай турмы. Справа ў тым, што, акрамя Пішчалаўскага замку, было яшчэ жаночае аддзяленьне турмы — яно знаходзілася на Дабрамысьленскай вуліцы".

Уцячы з астрогу малодшай Ізмайловіч дапамог Пуліхаў

Калі пачаўся сьнежаньскі страйк 1905 году, малодшая сястра Аляксандры Кацярына дапамагала, як магла: бегала ў друкарню, пераносіла бомбы, выконвала ролю патруля ў дзень меркаванага замаху на Норава. У ноч на 15-га сьнежня яе арыштавалі. У Пішчалаўскім астрогу яна трымалася мужна, зь нянавісьцю выказвалася пра турэмшчыкаў. Калі начальнік турмы зрабіў ёй заўвагу за ігнараваньне турэмных правілаў, яна адказала: "За грубасьць на першы раз дару вас сваёй пагардай"...

На пачатку студзеня 1906 году Кацярына зьдзейсьніла ўцёкі, адным з арганізатараў якіх быў Іван Пуліхаў.

З архіўных дакумэнтаў:

"Да брамы жаночага аддзяленьня турмы пад'ехала трое саней, з адных саскочыў малады чалавек у фуражцы з кукардай. Наглядчык, убачыўшы праз вочка знаёмую кукарду, адчыніў дзьверы. У гэты момант раздаўся стрэл... Так была вызвалена Кацярына Ізмайловіч".

Пазьней эсэры накіравалі яе ў Севастопаль, каб забіць віцэ-адмірала Чухніна, які расстрэльваў рэвалюцыйна настроеных матросаў. Паранены чатырма кулямі, Чухнін пасьпеў загадаць расстраляць Кацярыну без суду і сьледзтва на месцы замаху. "Страляйце, я сваю справу зрабіла...", — такія былі апошнія словы Кацярыны Ізмайловіч.

Пра сьмерць сваёй сястры Аляксандра Ізмайловіч даведалася ў турме.
прыкладна ў той самы час, што і пра павешаньне Івана Пуліхава.

Аляксандра страляла з браўнінга, заплюшчыўшы вочы

З матэрыялаў сьледзтва:

"14 студзеня 1906 году Аляксандра Ізмайловіч разам з Іванам Пуліхавым падышлі да Петрапаўлаўскага сабору. Пуліхаў кінуў у Курлова бомбу — яна ня выбухнула. Тады Ізмайловіч стрэліла ў паліцмайстра Норава. Ня трапіла — толькі прадзіравіла паліто. Гарадавыя Трафім Лебедзеў і Сьцяпан Хацяновіч адразу ж схапілі іх...".


З успамінаў партыйнага паплечніка Пуліхава і Ізмайловіч — Рыгора Нястроева:

"Аляксандра была апранута ў доўгае чорнае паліто. Чорная хустка адцяняла яе бледны, бяскроўны, але прыгожы твар. Страляла яна з браўнінгу, загорнутага ў белую насоўку, заплюшчыўшы вочы.

Аляксандру жорстка зьбілі... Калі зьбітая жанчына паспрабавала падняцца зь зямлі, паліцмайстар Нораў два разы ва ўпор стрэліў у Аляксандру. Потым ён вельмі саромеўся за гэты ўчынак — ня трапіў!"
.

Судовы працэс 16 лютага 1906 году ў Менску:

"У тэрарызьме абвінавачваюцца трое: Іван Пуліхаў, Аляксандра Ізмайловіч, а таксама малады рабочы менскай булачнай Рыгор Аксэнкруг. Але апошні ня меў дачыненьня да замаху — ён адмовіўся, хоць на яго выпаў кон. Гэтаксама як Пуліхава і Ізмайловіч, Аксэнкругу прысудзілі пакараньне сьмерцю. І толькі пасьля актыўных пратэстаў лібэральнай грамадзкасьці яму замянілі шыбеніцу катаржнымі працамі".

З прамовы Аляксандры Ізмайловіч у ваенным судзе 16 лютага 1906 году:

"Блізкі мне чалавек намаляваў мне яскрава з усімі падрабязнасьцямі карціну расстрэлу 18 кастрычніка. Кроў стыла ў мяне ў жылах, калі я слухала гэты расповед. Мірныя, радасныя грамадзяне сабраліся разам адсьвяткаваць дзень даўно жаданай свабоды. Яны ішлі шчасьлівыя, з радаснымі ўсьмешкамі на вуснах, а вярталіся... Вярталіся далёка ня ўсе — шмат каго выносілі адтуль трупамі бяз духу, іншых — з прастрэленымі рукамі, нагамі. Я бачыла ў шпіталях параненых на гэтым сьвінцовым сьвяце... Я чула расповеды відавочцаў расстрэлу, якім пашанцавала застацца ў жывых, пра тое, як з засады, без папярэджаньня, стралялі ў натоўп, які ўжо мірна разыходзіўся. І, як сябра Партыі эсэраў, я не магла маўчаць. 14 студзеня я па выраку баявой дружыны менскага камітэту страляла ў менскага паліцмайстра Норава як у аднаго з натхняльнікаў бойні 18 кастрычніка. Страляла, на жаль, няўдала. Як стралялі ў мяне — не адчувала... Мяне гарадавыя зьбівалі нагамі. Пры кожнай спробе ўстаць мяне зноў кідалі на зямлю і калацілі нагамі...

Аляксандра Ізмайловіч: “У пастарунку мяне зьбівалі чалавек 15”

З прамовы ў ваенным судзе 16 лютага 1906 году:

“Калі мяне везьлі ў пастарунак, гарадавому прыйшло ў галаву, што ў мяне можа быць рэвальвэр. Зь мяне садралі спадніцу... У пастарунку працягвалі зьбіваць чалавек 15. Потым мяне пачалі абшукваць. Вобшук быў мярзотны, жахлівы. Калі я паспрабавала падняць з падлогі раскіданую бялізну, на мяне зноў пачалі сыпацца ўдары. Памятаю, ад аднаго ўдару ў мяне моцна засьвісьцела ў галаве — верагодна, у вуху лопнула барабанная перапонка — цяпер я нічога ня чую гэтым вухам. Нарэшце гарадавыя стаміліся і выдумалі новую забаву: яны пачалі пляваць мне ў твар, пры гэтым брудна лаяліся і цынічна жартавалі... Потым адзін з прыставаў некалькі разоў прыклаў да майго твару запаленую цыгарэту. Адыходзячы ад мяне, сказаў: "Забіць яе трэба было на месцы, сабаку"...


Падчас свайго выступу Аляксандра Ізмайловіч некалькі разоў падкрэсьліла: ніколькі не шкадуе, што страляла, шкадуе толькі, што прамахнулася...

Справа ўнізе: Марыя Сьпірыдонава і побач у шалі Аляксандра Ізмайловіч

Толькі дзякуючы сувязям бацькі-генэрала сьмяротнае пакараньне замянілі катаржнымі працамі. Пісьменьнік Уладзімер Арлоў кажа:

"Аляксандры Ізмайловіч, якая бачыла павешаным на браме Пішчалаўскага замку Пуліхава, наканавана было завяршыць свой жыцьцёвы шлях на 63-м годзе. За царскім часам яе пакінулі ў жывых, але ў 1941-м годзе, пасьля некалькіх арыштаў і зьняволеньняў, яе расстралялі бальшавікі. Дарэчы, Аляксандра Ізмайловіч пасьпела ў 1918-м годзе выдаць кнігу "Пасьлякастрычніцкія памылкі".

Аляксандру Ізмайловіч пасьля рэвалюцыі рэпрэсавалі, саслалі ў Ташкент, потым ва Ўфу. У 1941 годзе пад Арлом яе расстралялі..
.

Іншыя беларускія тэрарысты канца ХІХ-га — пачатку ХХ стагодзьдзяў


Дагэтуль застаецца па-за ўвагай гісторыкаў тая акалічнасьць, што талерантныя і памяркоўныя беларусы бралі актыўны ўдзел у тэрарыстычнай дзейнасьці пры канцы ХІХ-га — на пачатку ХХ стагодзьдзя. Хрэстаматыйны прыклад — Ігнат Грынявіцкі, які 1 сакавіка 1881 году, выконваючы прысуд "Народнай волі", страляў у цара Аляксандра II. Менш вядома пра ўраджэнца Слуцку Іпаліта Младзецкага, які ў 1880-м страляў у графа Лорыс-Мелікава. Беларус Барыс Кавэрда ў 1927 годзе ў Варшаве застрэліў паўнамоцнага прадстаўніка СССР у Польшчы Пятра Войкава, удзельніка забойства імпэратарскай сям'і.

Беларускія карані мела і яшчэ адна вядомая рэвалюцыянэрка, сьцьвярджае пісьменьнік і гісторык Уладзімер Арлоў:

"І паплечніца Ігната Грынявіцкага, які рыхтаваў замах на імпэратара Аляксандра І, адна з кіраўніц "Народнай волі" Соф'я Пяроўская таксама мае беларускае паходжаньне: яе маці родам з Магілёва, з роду Весялоўскіх".

Турма і здароўе


Сёньня ў гэтай рубрыцы размова пойдзе на такую сорамную і адначасна важную з гледзішча здароўя тэму, як спраўленьне натуральных патрэбаў у турмах.

“Турэмныя прыбіральні можна прыраўняць да катаваньняў”

Падказаў загаварыць пра гэта адзін з нашых віленскіх слухачоў Юрась.

У турэмных вагонах жанчыны саромеліся спраўляць патрэбу пры мужчынах

"Я студэнт, тэма маёй дыплёмнай працы — сталінскія рэпрэсіі і дэпартацыя. Вывучаючы матэрыял, наткнуўся на сьведчаньні, што калі людзей дэпартавалі ў Сыбір у таварных вагонах, не абсталяваных туалетамі, былі жанчыны, якія саромеліся спраўляць патрэбу ў прысутнасьці мужчын, а везьлі іх вельмі доўга. Жанчыны цярпелі. Хоць і маглі б рабіць тое, што робяць іншыя. Аднак не хацелі пераступаць мяжы, якая аддзяляе чалавека ад жывёлы. Былі нават выпадкі сьмерці ад інтаксыкацыі арганізму — урэміі або ад разрыву мачавога пухіра. Наколькі ведаю, і цяпер з турмаў у калёніі этапуюць у аўтазаках, часам не дазваляючы прыпыняцца, каб справіць патрэбы. Людзей такім чынам вымушаюць усё рабіць туды. Больш за тое, возьмем камэры ў розных СІЗА ды ШЫЗА, дзе параша ўсярэдзіне, нічым не абгароджаная. Сытуацыя ўнікальная для цывілізаваных краін, калі людзі вымушаныя рабіць усё напаказ. А хто ня можа? Няўжо так дорага абгарадзіць гэтыя прыбіральні, зрабіць элемэнтарныя ўмовы, каб спраўляць натуральныя чалавечыя патрэбы? У якім стагодзьдзі мы жывем?".
Сярод падстаўленых слухачом пытаньняў магу адказаць бадай што пра стагодзьдзе, у якім жывем: 21-е. А вось у сярэдзіне мінулага, 20-га стагодзьдзя на першым кангрэсе ААН па прадухіленьні злачыннасьці і абыходжаньні з правапарушальнікамі былі прынятыя "Мінімальныя стандартныя правілы абыходжаньня са зьняволенымі". Згодна з дакумэнтам, які меў рэкамэндацыйны характар, "санітарнае абсталяваньне (прыбіральні) павінна быць прыдатнае для таго, каб кожны зьняволены мог задавальняць свае натуральныя патрэбы, калі яму гэта трэба, ва ўмовах чысьціні і прыстойнасьці". Ужо ў 1960-я гады ў пэнітэнцыярных установах заходніх краін зьявіліся адмысловыя санвузлы, асобныя ад памяшканьняў, дзе стала знаходзіліся, спалі ды елі зьняволеныя.

Відэакамэры над прыбіральнямі ў ШЫЗА


Тым часам у беларускіх СІЗА і ШЫЗА прыбіральні знаходзяцца ў саміх камэрах, яны ніяк не абгароджаныя, і, такім чынам, інтымны працэс выстаўлены ўсім напаказ. Прыкметы 21-га стагодзьдзя, праўда, відаць і тут, але, як паведаміў нам на аўтаадказьнік вязень Івацэвіцкай калёніі № 5, праявы іх досыць спэцыфічныя.

Вязень: "У нашу папраўчую калёнію прыехалі рабочыя, каб усталяваць камэры відэаназіраньня. Паводле размоваў, іх дзесьці ад 100 да 150. Усё гэта нятанна і, напэўна ж, фінансуецца за кошт падаткаплатнікаў. Мноства кантралёраў пры немалых акладах, аднак, застаецца. Ужо ўсталяваныя відэакамэры ў ШЫЗА і ПКТ. Самае цікавае, што ў фокусе здымкаў — прыбіральня. Раней за тым, як мы ходзім па сваіх патрэбах, кантралёры назіралі праз вочка ў дзьвярах. Цяпер гэта фіксуецца для больш адкрытага паказу. Не кажу ўжо пра тое, што апошнім часам у ШЫЗА і ПКТ пастаянна знаходзяцца па дзесяць чалавек і ўсе яны адчуваюць сябе як у адным агульным грамадзкім туалеце. Каб вы лепш уяўлялі сабе камэру ШЫЗА: малая каморка з шурпатай пабелкай, так званай "шубай", на сьценцы. У куце пасярод лужыны — унітаз, зьверху адзін кранік, каб памыць рукі, побач другі, каб змыць. Яшчэ прышпілены драўляныя нары да сьцяны, нанач яны адшпіляюцца і на іх можна спаць. Аднак народу зашмат. І ўсе 10 чалавек сьпяць на падлозе. Думаеш: ну хоць бы начальства ШЫЗА зрабіла адпаведна, каб самому было больш прыемна глядзець гэтае кіно. Даводзілася чуць ад тых, хто прыйшоў да нас, напрыклад, з Акрэсьціна, што там таксама ўсталяваныя відэакамэры. Аднак у іх прыбіральня хоць адгароджаная дзьвярыма. Можна хадзіць па інтымных справах, не адчуваючы такога прыніжэньня, як гэта ўсё ў ШЫЗА ды ПКТ калёніяў. Ці нармальны вось такі адкрыты паказ з выкарыстаньнем заходняй тэхнікі?".


У турме на Аркэсьціна

Ужо пазьней, калі праграма была гатовая, нам патэлефанаваў яшчэ адзін асуджаны з гэтай жа калёніі і сказаў, што вязьні зламалі тры відэакамэры, а іх за гэта зьбілі.

“Сытуацыя з прыбіральнямі залежыць ад заканадаўцаў”

Сытуацыя з прыбіральнямі ў пэнітэнцыярнай сыстэме Беларусі лічаць ненармальнай і не адпаведнай часу ня толькі зьняволеныя. Колішні начальнік "Валадаркі" Алег Алкаеў прыроўнівае яе да катаваньняў і лічыць, што ўсё залежыць не ад турэмнікаў, а ад заканадаўцаў.

Алкаеў: "Чалавек ад першага дня знаходжаньня ў турме мусіць спраўляць натуральныя патрэбы. Прычым я ведаў нямала людзей, якія не маглі гэтага рабіць на вачох прынамсі дзесяці сваіх сукамэрнікаў. Быў патрэбны працяглы час, каб яны прызвычаіліся да гэтага. І гэта было сапраўдным катаваньнем. Катаваньнем, якое ідзе не ад адміністрацыі турмы, а ад людзей, якія складаюць ды прымаюць законы.

Перагледзьце ўвесь Крымінальна-выканаўчы кодэкс, і вы ня знойдзеце ані слова, дзе б гаварылася пра тое, што прыбіральні павінны быць агароджаныя, таксама ані слова ня знойдзеце вы і пра туалетную паперу. Законы ў нас прымаюцца і прымаліся людзьмі, якія маюць пра Крымінальна-выканаўчы кодэкс такое ж уяўленьне, што і пра космас".

“Прасіць, каб вывелі, — гэта зьвязана з прыніжэньнямі”

Журналістка Ірына Халіп, фігурантка падзеяў 19 сьнежня і жонка кандыдата на прэзыдэнта, палітвязьня Андрэя Саньнікава, цягам некалькіх месяцаў сядзела ў найбольш "прасунутым" з гледзішча побытавых умоў СІЗА КДБ — "амэрыканцы".

Халіп: "Ведаеце, я сядзела ў камэры, дзе ў цэнтры быў унітаз. Якраз побач са сталом — усяго адзін крок паміж прыбіральняй і "кухняй". А вось Натальля Радзіна сядзела ў камэры, дзе не было туалета. І я ня ведаю, што тут горш, што лепш. Ці рабіць тое, што робіцца інтымна ў прыбіральні, на вачох сукамэрніц, ці, як Наташа, эканоміць уласныя сілы, выпіваць мінімум вады ў дзень, бо, паводле правілаў, такія камэры выводзяць у туалет толькі двойчы ў дзень — а 6-й раніцы і а 6-й вечара. Вядома, дзяўчаты прасіліся, іх выводзілі, але кожны раз гэта было зьвязана зь нейкімі прыніжэньнямі. Разумееце, пастаянна прасіць кантралёраў: выведзіце, мне вельмі патрэбна — гэта цяжка".

Як кажа Ірына, у яе камэры знайшлі пэўнае выйсьце.

Халіп: "Як мне здаецца, жанчыны ўвогуле ў любой сытуацыі могуць прыдумаць штосьці такое, каб было лягчэй. Вось мы, напрыклад, адну з прасьцінаў ужывалі як занавеску-шырму. Каму было трэба, тая проста завешвала маленькі праход паміж нарамі, а ўсе астатнія ў гэты момант, прабачце, пачыналі гучна размаўляць, сьмяяцца, каб у чалавека быў нейкі гукавы фон, каб не было нейкай няёмкасьці. Мы гэтае прыстасаваньне, вядома, мылі. Мы часта ўзгадвалі такую папулярную ў савецкія часы прымаўку: "унітаз — твар гаспадыні". Вось у нас гэты "твар" быў бялюткі, чысьцюткі. Мы заўсёды прасілі сваякоў, каб яны перадавалі нам розныя сродкі, каб чысьціць, мыць, каб усё было добра і цудоўна. І ніякіх дрэнных пахаў у камэры".

Такі падыход да прыбіраньня месца, якім карыстаецца ўся камэра, дарэчы, цалкам адрозны ад пазыцыі турэмнай большасьці. Многія зьняволеныя лічаць падобныя працы прыніжэньнем сваёй годнасьці і адмаўляюцца ад іх, нягледзячы на жорсткія пакараньні з боку адміністрацыі (зьбіцьцё, утрыманьне ў ШЫЗА і г.д.).

Мэдык: "Стрымліваньне найперш адбіваецца на псыхіцы”

"Як доўга можна адмаўляць сабе ў ажыцьцяўленьні натуральных патрэбаў, цярпець? Ці існуюць нейкія мэдычныя нарматывы па наведваньні прыбіральняў ва ўмовах зьняволеньня?" — такія пытаньні задаю вядомаму менскаму клініцысту Барысу.

Барыс: "Стрымліваньне адбіваецца найперш на псыхіцы — чалавек толькі пра гэта і думае. Да таго ж — гэта верагоднасьць нейкіх інфэкцыяў, таму што мача застойваецца. Таксама затрымка мачы выклікае расьцягненьне сьценак мачавога пухіра, якое суправаджаецца моцнымі болямі ў жываце, а гэта, у сваю чаргу, рэфлекторна можа парушыць функцыі іншых органаў (кішэчніка, сэрца, лёгкіх). У спэцыяльнай клінічнай літаратуры таксама апісаныя выпадкі, калі людзі ўстрымліваліся да таго, што ў іх лопаўся мачавы пухір. З гледзішча мэдычных паказчыкаў, у прыбіральню трэба вадзіць па неабходнасьці. І ўвогуле ў прыбіральню трэба хадзіць самому. З унівэрсытэцкага курсу ўралёгіі вядома, што сярэдняя дзённая норма мочаспусканьня ў чалавека — гэта дзесьці 8 разоў. А можа і болей. Уначы дапушчальна схадзіць у прыбіральню дзеля гэтай патрэбы двойчы. Плюс хаця б адзін раз на дзень — дзеля іншай патрэбы. І калі такога няма, гэта ўжо ненармальна. І лекар у турме проста абавязаны задаваць зьняволенаму пацыенту падобныя пытаньні падчас скрынінгу”.

Сытуацыю з прыбіральнямі ў турэмных камэрах, калі міліцыянты адмаўляюць арыштаваным і нават проста затрыманым у годным ажыцьцяўленьні натуральных патрэбаў, менскі лекар лічыць непрымальнай і нават злачыннай.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG