Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літоўскія кансэрватары заяўляюць, што тлумачэньні Міністэрства юстыцыі Літвы адносна кіраўніка Праваабарончага цэнтра "Вясна" Алеся Бяляцкага несур'ёзныя.

Пра гэта гаворыцца ў распаўсюджанай заяве парлямэнцкай фракцыі Саюз айчыны - Хрысьціянскія дэмакраты Літвы.

"Тлумачэньні літоўскага Міністэрства юстыцыі, што просьба пра так званую прававую дапамогу аб сродках у літоўскіх банках, прызначаных для дзейнасьці вядомага дысыдэнта Алеся Бяляцкага, ня выклікала падазрэньня ў работнікаў міністэрства, несур'ёзныя. Няўжо яшчэ ня ўсім у міністэрстве вядома, што рэжым Лукашэнкі ў адносінах да абаронцаў правоў чалавека і свабодаў фабрыкуюе крымінальныя справы? Няўжо складана просьбу аб «прававой дапамозе» спачатку праверыць па сьпісе шырока вядомых беларускіх дысыдэнтаў?», - цытуе DELFI заяву кансэрватараў.

Паводле парлямэнцкай фракцыі, супрацоўнікі міністэрства «у сувязі з гэтым выпадкам дэманстрацыі сумнай абыякавасьці» павінны ўзяць на сябе асабістую адказнасьць.

Фракцыя таксама асудзіла арышт Алеся Бяляцкага, назваўшы гэта палітычнай расправай зь вядомым праваабаронцам.

Паводле кансэрватараў, літоўскі ўрад павінен абмеркаваць гэты выпадак і забясьпечыць у будучыні, каб у сувязі з дзеяньнямі і іх адсутнасьцю літоўскіх службовых асобаў "не пацярпеў давер беларускіх дысыдэнтаў і дэмакратычных сілаў у літоўскую салідарнасьць".

Намесьнік міністра юстыцыі Літвы Томас Вайткявічус (Tomas Vaitkevičius) паведаміў на адмысловай прэсавай канфэрэнцыі з нагоды арышту беларускага праваабаронцы Алеся Бяляцкага, што міністэрства перадало беларускім ўладам інфармацыю пра банкаўскія рахункі ў Літве 400 грамадзян Беларусі. Сярод іншага Беларусі была перададзеная і інфармацыя аб прыватных рахунках, адкрытых на імя правабаронцы Алеся Бяляцкага і некаторых іншых беларускіх праваабаронцаў у літоўскіх банках "DnB NORD" і "SEB".

Вайткявічус сказаў, што паміж Беларусьсю і Літвой існуе дамова, паводле якой такая інфармацыя прадастаўляецца паводле запыту кожнай з краінаў.

9 жніўня Камітэт па міжнародных адносінах Сэйму Літвы правядзе экстраную нараду, якая будзе цалкам прысьвечаная скандалу зь перадачай літоўскім Міністэрствам юстыцыі зьвестак аб банкаўскіх рахунках 400 грамадзянаў Беларусі, сярод якіх бальшыню складаюць прадстаўнікі апазыцыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG