Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Актывіста руху "За свабоду" Мікіту Ліхавіда пакаралі 3 месяцамі знаходжаньня ў памяшканьні камэрнага тыпу. З Андрэем Саньнікавым сустрэліся адвакаты. Зьміцер Бандарэнка напісаў ліст вядомай расейскай акторцы Чулпан Хаматавай. Фёдар Мірзаянаў ня мае магчымасьці накіраваць дамоў ліст. Ільля Васілевіч адзначае ў калёніі 20-годзьдзе.

Сёньня асуджанаму за удзел у Плошчы Ільлі Васілевічу спаўняецца 20 гадоў. Малады чалавек адзначае гэтае сьвята ў магілёўскай калёніі № 19, сярод новых сяброў. Маці Ільлі Тамара Васілевіч сказала, што настрой сына цяпер стаў лепшым.

"Мы паслалі яму тэлеграмы, паштоўкі, бандэроль з падручнікамі ангельскай мовы, як ён прасіў. Думалі, што паедзем да яго, але аказалася, што ён яшчэ ня быў у ведамстве Магілёўскай управы. Цяпер ужо сказалі, што дакумэнты адправілі, але яны яшчэ не пасьпелі дайсьці, таму дазволу на сустрэчу не далі. Ён напісаў ліст, піша, што "нічога, сяджу паціху". Чытае кнігі. Трэба яму яшчэ кніг даслаць".

Карэспандэнт: "Як звычайна вы і ён адзначалі ягоны дзень народзінаў?".

"Звычайна, як кажуць, сярод сям'і. Але летась нас не было, і ён адзначаў свой дзень народзінаў зь лепшым сябрам, Фёдарам Мірзаянавым, якога цяпер трымаюць у калёніі "Ваўчыныя норы".

Як стала вядома, Фёдар Мірзаянаў паспрабаваў павіншаваць свайго сябра. Маці палітвязьня Людміла Мірзаянава распавяла:

Людміла Мірзаянава

"Перад этапам Фёдар напісаў яму паштоўку і перадаў яе. Вось яе тэкст: "Кожны дзень у чалавека можа быць апошні, але гэтага дня ня будзе для нас з табой, Ільля, лепшы мой сябра. Гэты апошні дзень будзе для гэтай антынароднай улады". І намаляваў тварыкі некалькіх людзей, якія ўсьміхаюцца".

Людміла Мірзаянава кажа, што даўно ня мае зьвестак ад сына: тэлефанаваць дамоў яму не дазваляюць, лісты ад яго не прыходзяць. Нібыта турэмны цэнзар пайшоў у адпачынак і няма каму чытаць пошту.

Мікіта Ліхавід з адвакаткай Дар'яй Ліпкінай падчас суду

Пасьля амаль месяца перапынку прыйшоў ліст дамоў ад Мікіты Ліхавіда. Маці вязьня Алена паведаміла, што яе сына зьмясьцілі на 3 месяцы ў ПКТ — гэта так званае "памяшканьне камэрнага тыпу". Туды зьмяшчаюць тых, хто шмат разоў парушаў нейкія турэмныя правілы і, як лічыць турэмшчыкі, ня стаў на шлях выпраўленьня. На будучым тыдні ў Наваполацкую калёнію паедзе адвакат Ліхавіда Дар'я Ліпкіна, якая 4 жніўня пасьпяхова прайшла пераатэстацыю і далей зможа па-ранейшаму выконваць свае адвакацкія абавязкі. "Пасьля гэтай сустрэчы распавядзем пра Мікіту больш падрабязна", — паабяцала маці палітвязьня.

5 жніўня экс-кандыдата на прэзыдэнта Андрэя Саньнікава наведалі ў Наваполацкай калёніі адвакаты. Жонка палітыка, журналістка Ірына Халіп распавяла:

Ірына Халіп

"Ён ні на што ня скардзіцца, стаўленьне да яго нармальнае, нават з павагай — і з боку адміністрацыі, і з боку іншых зьняволеных. У якім ён будзе атрадзе, пакуль ня ведае, бо пакуль у карантыне. Самае сумнае, што ён пагаліўся, ён ужо без барады".

Паводле зьвестак, нядаўна Андрэй Саньнікаў зноў бачыўся ў калёніі зь Мікітам Ліхавідам. "Перадаў, што ў таго былі праблемы са страўнікам, але яму аказалі мэдычную дапамогу, і цяпер стала лепей", — кажа Ірына Халіп.

Зьміцер Бандарэнка

Каардынатар "Эўрапейскай Беларусі" Зьміцер Бандарэнка пасьля апэрацыі яшчэ знаходзіцца ў Рэспубліканскім турэмным шпіталі. Жонка вязьня атрымала ад яго ліст. Таксама Зьміцер перадаў ёй тэкст ліста, які ён даслаў вядомай расейскай кінаакторцы Чулпан Хаматавай — нядаўна тая публічна падтрымала беларускіх палітвязьняў. "Сілы для выжываньня дае падтрымка нашых родных і думкі пра тое, што пра нас не забыліся, нас ня кінулі, што наша супрацьстаяньне кандовай машыне "аднадумства", прага быць вольнымі творчымі людзьмі далі штуршок хоць камусьці на волі", — напісаў з-за кратаў Зьміцер Бандарэнка.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG