Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У севазварот у Беларусі плянуецца ўвесьці каля 10—15 тыс. гектараў зямель, якія раней з-за радыяцыі не выкарыстоўваліся ў сельскагаспадарчай вытворчасьці. У прыватнасьці, у адным толькі Брагінскім раёне гаворка йдзе пра магчымасьць перадаць сельгасвытворцам у сталае карыстаньне блізу 3 тысяч гектараў палеткаў. Да якіх наступстваў гэта можа прывесьці?


Мясцовы спэцыяліст у пытаньнях сельскай гаспадаркі, які не пажадаў афішаваць сваё імя, так выказаўся наконт "чарнобыльскай ініцыятывы" ўладаў:
З пункту гледжаньня радыяцыі — нельга іх уводзіць ...


"З пункту гледжаньня радыяцыі — нельга іх уводзіць, з эканамічнай — так, патрэбна кармавая база для жывёлы. Меркаваньні дваістыя. На харчовыя мэты — ні ў якім разе, толькі на кармавыя мэты. Але й малочнай жывёле такі корм нельга даваць. Хіба толькі жывёле на адкорме даваць у першы й другі пэрыяды — гэта яшчэ можна. Я заяўляў, што супраць усяго гэтага, а мне кажуць: "Давай!".

Блізу выселеных пасьля Чарнобылю вёсак Астрагляды, Глухавічы, Савічы сёлета ўжо засеялі сотні гектараў кукурузай ды ячменем. Гэта так званыя экспэрымэнтальныя ўчасткі, за якімі назірае Інстытут радыялёгіі. Але практыкі й без таго ведаюць, што нават так званую нарматыўна чыстую прадукцыю на заражаных радыяцыяй землях атрымаць складана.

Брагінскі аграном гэтак кажа пра новы ўраджай збожжа, уборка якога дасягнула тут свайго піку:
Стронцый, цэзій ёсьць у нас — яны ж прысутнічаюць ...


"Мы ж ня можам рэалізаваць збожжа на харчовыя мэты. Стронцый, цэзій ёсьць у нас — яны ж прысутнічаюць".

У суседнім Хойніцкім раёне сёлета наагул ніводная правераная партыя збажыны новага ўраджаю не прайшла кантроль па стронцыі. Усё збожжа тут "сьвеціцца". Аналізы выяўляюць у ім стронцыю звыш 11 бэкерэляў на кіляграм:

"Усё пробы, якія адбіраліся, усе з перавышэньнем стронцыю. Сваё слова павінна сказаць аграхімічная служба, дэталёвае абсьледаваньне — ачысьціліся землі ці не".

Інстытут радыялёгіі паводле дамовы цяпер дасьледуе прадукцыю, якую брагінскія сельгаспрадпрыемствы вырошчваюць на землях, выведзеных з абароту пасьля Чарнобылю.

Намесьнік дырэктара інстытуту ў пытаньнях навукі Аляксандар Падаляк кажа, што ацэнка магчымасьці выкарыстаньня заражаных зямель вядзецца ня толькі з улікам іх заражанасьці радыяцыяй, але й запусьценьня, прыроднай урадлівасьці:

"Нельга так сказаць, што вось зямля — яна сто адсоткаў непрыдатная з прычыны радыяцыі, і давайце яе ня будзем выкарыстоўваць. Павінны быць канкрэтныя прапановы. Калі мы можам там вырошчваць насеньне, перакрыем ланцужок пераходу яе з прадукцыі наўпрост да чалавека, то можна такія землі выкарыстоўваць. Але толькі з улікам тэхналёгіяў, якія рэкамэндуе навука".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG