Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі МУС шукае экстрэмізм у Інтэрнэце


Рашыд Нургаліеў
Рашыд Нургаліеў
Расейскі міністар унутраных спраў папярэджвае пра небясьпеку экстрэмісцкіх праяваў у Інтэрнэце і прапануе зьмены ў закон. Блогеры ўстрывожаныя, а праваабаронцы лічаць, што расейскія ўлады ўспрымаюць усякае іншадумства як экстрэмізм.

Выступаючы ў Хабараўску на нарадзе аб процідзеяньні экстрэмізму, Нургаліеў папярэдзіў калег, што пры ўсіх станоўчых момантах распаўсюду інфармацыйных тэхналёгій “менавіта інтэрнэт стаў найбольш магутным каналам распаўсюду у тым ліку дэструктыўнай ідэалёгіі, сродкам сувязі арганізацыі і каардынацыі розных акцый”. Паводле Нургаліева, на сёньня ў глябальнай сетцы каля 7,5 тысяч экстрэмісцкіх сайтаў, і ў гэтай сувязі ён прапануе надаваць асаблівую ўвагу моладзі, бо “рукамі маладых зьдзяйсьняюцца найбольш дзёрзкія і цынічныя злачынствы па матывах нацыянальнай, расавай і рэлігійнай нянавісьці і варажнечы.”

Нургаліеў прапанаваў праводзіць маніторынг таго, што слухаюць, што чытаюць і што глядзяць маладыя.

Ці атрымаюць інтэрнэт-рэсурсы статус СМІ

Расейскі МУС таксама ініцыяваў унясеньне зьменаў і дапаўненьняў у фэдэральны закон “Аб сродках масавай інфармацыі” з тым, каб у пэўных выпадках інтэрнэт-рэсурсы заканадаўча адносіліся да сродкаў масавай інфармацыі.

Прапановы выклікалі занепакоенасьць блогераў, журналістаў і праваабаронцаў, што Расея, дзе Інтэрнэт ужываюць 53 мільёны чалавек, можа рыхтавацца да абмежавальных захадаў па прыкладзе Кітаю. “Няўжо ў Расею прыходзіць паліцыя нораваў?”, - напісаў адзін з блогераў.

Прапановы міністра Нургаліева прагучалі , дарэчы, неўзабаве пасьля магутнай кібэр-атакі на LiveJournal, самую папулярную ў Расеі плятформу блогераў (там жа мае свой блог і расейскі прэзыдэнт Дзьмітрый Мядзьведзеў).

Расейскі экспэрт Андрэй Салдатаў у выступе Нургаліева бачыць жаданьне праваахоўных сілаў прадухіліць хваляваньні напярэдадні сьнежаньскіх выбараў у Думу і прэзыдэнцкіх выбараў 2012 году. Спэцыяльная ўрадавая камісія ў барацьбе з экстрэмізмам была створаная ў Расеі ў канцы мінулага месяца, пасьля трагічных падзеяў у Нарвэгіі. Мядзьведзеў прызначыў кіраўніком камісіі 54-гадовага Рашыда Нургаліева. Пасаду міністра ўнутраных спраў гэты былы афіцэр КДБ займае ўжо сем гадоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG