Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Удзельнікаў акцыі ў Брузгах асудзілі двойчы


Пратэст на беларуска-польскай мяжы. Брузгі, 12 чэрвеня
Пратэст на беларуска-польскай мяжы. Брузгі, 12 чэрвеня
36 удзельнікаў несанкцыянаванай акцыі ў Брузгах паводле рашэньня суду Ленінскага раёну Горадні павінны выплаціць 4 277 334 рублі і дзяржпошліну ў даход дзяржавы паводле пазову УУС Гарадзенскага аблвыканкаму і 52 443 рублі — паводле пазову Гарадзенскай рэгіянальнай мытні.

Пастанова суду стала вядомая пасьля абеду. На прыступкі суда выйшлі адказчыкі з адвакатам — відавочна без настрою. Адвакат Аляксандар Бірылаў патлумачыў журналістам рашэньне суду:

"Усе довады, якія мы прыводзілі на карысьць нашай пазыцыі, суд адрынуў, і было прынята рашэньне спагнаць усю суму з адказчыкаў. Мы нязгодныя і будзем абскарджваць рашэньне суду ў вышэйшых інстанцыях".

Адказчыкі таксама выказвалі нязгоду з рашэньнем. Шмат хто зь іх казаў, што гэта наагул рашэньне палітычнае і па судовых інстанцыях, маўляў, трэба ісьці да канца.

"Я заявіў і ў судзе, што гэта рашэньне палітычнае. Як сказаў адзін мой сябра, усіх 300 чалавек не хацелі судзіць, бо баяліся рэзанансу, а абралі гэтых 36 чалавек, каб другім не хацелася болей рабіць акцый. Нашы довады ў судзе ня браліся пад ўвагу", - распавядае адзін з адказчыкаў, спадар Ігар.

"Я думаў яшчэ на пачатку працэсу, што гэтым і скончыцца, яны мяне не зьдзівілі сваім рашэньнем, - кажа іншы адказчык, спадар Васіль. - У мяне ж ёсьць і вочы, і вушы, і я бачу, якая палітычная абстаноўка ў краіне — беззаконьне паўсюль. Гэта азначае, што і для нас ніякіх выключэньняў ня будзе".
Абралі гэтых 36 чалавек, каб другім не хацелася болей рабіць акцый.

Першапачаткова УУС Гарадзенскага аблвыканкаму выставіла ўдзельнікам акцыі ў Брузгах пазоў на шэсьць з паловай мільёнаў рублёў, на другім паседжаньні павялічыла суму да дзесяці з паловай мільёнаў, а на трэцім ізноў зьнізіла. І гэта пасьля таго, што ўдзельнікі акцыі ўжо былі асуджаныя на сумы ад 30 да 80 базавых велічынь.

Увечары 12 чэрвеня на памежным пераходзе "Брузгі" ў Гарадзенскай вобласьці каля 200 чалавек перакрылі дарогу, абураныя тым, што мытнікі не выпускалі на тэрыторыю Польшчы кіроўцаў, якія выяжджалі туды другі дзень запар.

Мытнікі матывавалі свае дзеяньні рашэньнем ураду пра абмежаваньне і забарону вывазу за мяжу аўтамабільнага паліва і шэрагу спажывецкіх тавараў. Інцыдэнт доўжыўся тры гадзіны. Стыхійную акцыю спыніў спэцназ. 22 чалавекі былі затрыманыя і асуджаныя.

Суд над удзельнікамі акцыі ў Брузгах быў закрытым.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG