Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьмітра Буланава прымушаюць напісаць прашэньне аб памілаваньні


Ад Мікіты Ліхавіда месяц няма ніякіх зьвестак. На Зьмітра Буланава ціснуць — прымушаюць падпісаць прашэньне аб памілаваньні. Дзьмітрыя Вуса ў пятніцу ўвечары разам з Буланавым этапуюць у Магілёўскую калёнію. Ільлі Васілевічу 6 жніўня спаўняецца 20 гадоў.

Ад Ільлі Васілевіча, які адбывае пакараньне ў Магілёўскай калёніі, два тыдні не было лістоў, і бацькі ўжо хваляваліся. А ў чацьвер прыйшло ажно тры лісты — Ільля піша маці, бацьку і сястры асобна. Маці Ільлі спадарыня Тамара распавяла:

"Бадзёрыя па настрою лісты, аж лягчэй на душы стала. А то мы ўжо тэлефанавалі ў калёнію, бо даўно не было лістоў. Піша, каб даслалі заказнымі бандэролямі падручнікі ангельскай мовы. То ён кінуў ужо пераклады, а цяпер зноў пачаў перакладаць з ангельскай. Піша, што пакуль не працуе, бо зь Менску яшчэ не дайшлі дакумэнты. Карантын скончыўся, паперы ў дарозе, спадзяецца, што з дня на дзень пачне працаваць. Суцяшае, што ўсё нармальна, што швайцарскі парлямэнтар Жан-Франсуа Штаерт даслаў ліст яму".

А вось маці Мікіты Ліхавіда, які тройчы пабываў у карцэры Наваполацкай калёніі, ужо месяц не атрымлівае зьвестак ад сына:

Алена Ліхавід

"6 жніўня будзе роўна месяц, як ад яго мне няма лістоў. У калёніі нічога ня кажуць па тэлефоне. Так выйшла, што разам з адвакаткай Дар'яй Ліпкінай нам давялося адкласьці паездку — мы ў чацьвер зьбіраліся ў Наваполацак, а менавіта на ўчора прызначылі паседжаньне кваліфікацыйнай камісіі. Адзіная добрая навіна — яна прайшла атэстацыю і працягвае працаваць. На наступным тыдні мы абавязкова паедзем да Мікіты".

Маці Зьмітра Буланава спадарыня Клаўдзія распавяла, што ў пятніцу ўвечары яе сына разам зь Дзьмітрыем Вусам павінны цягніком этапаваць зь менскай "Валадаркі" ў Магілёўскую калёнію. Спадарыня Клаўдзія кажа:

Ніякіх подпісаў Дзіма не паставіў. Бо ён не прызнае сваёй віны, бо нічога ён на плошчы не рабіў ...

"Піша, што яму прапанавалі напісаць прашэньне аб памілаваньні. Наваліліся, нават не патлумачыўшы, што гэта такое, не прадставіліся, хто яны, адкуль яны. Маўляў, давай, пішы. Ніякіх подпісаў Дзіма не паставіў. Бо ён не прызнае сваёй віны, бо нічога ён на плошчы не рабіў. А калі ён не вінаваты, яго трэба рэабілітаваць. А то атрымліваецца — калі ты просіш, то прызнаеш, што цябе правільна асудзілі паводле 293-га артыкула ".

Спадарыня Вольга, жонка Зьмітра Бандарэнкі, якому 10 дзён таму зрабілі складаную апэрацыю ў пятым клінічным шпіталі, кажа, што адсутнасьць навінаў — гэта ўжо вельмі добрая навіна:

Вольга Бандарэнка

"Кожны дзень пад'яжджаю са страхам да шпіталя, і калі бачу ахоўнікаў каля палаты, радуюся: значыць, Дзіма яшчэ тут. Яму прызначылі лячэньне, працэдуры, якіх, натуральна, няма ў турэмным шпіталі. Наагул, з нэўрахірургічнага аддзяленьня выпісваюць у Аксакаўшчыну, у адмысловы аднаўленчы цэнтар. То бок калі б ён быў на волі, так бы й было — ён адсюль паехаў бы ў Аксакаўшчыну. Напэўна, гэта неверагодна. Але пакуль ён тут, і гэта радуе".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG