Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спачатку – будаўнікі, потым -- праграмісты і навукоўцы


Сьледам за будаўнікамі і сэзоннымі рабочымі замежжа асвойваюць прадстаўнікі сфэры высокіх тэхналёгій, дакладных навук, мэнэджэры сярэдняга і вышэйшага зьвяна. Яны мелі нядрэнныя па беларускіх мерках заробкі, аднак востры фінансава-эканамічны крызіс прымусіў іх шукаць працу за межамі Беларусі.

Менскі праграміст Іван Катляроў зьехаў у Маскву на пачатку лета — адразу пасьля таго, як ягоная фірма дала зразумець, што давядзецца тужэй зацягнуць паясы. Кажа, што досыць хутка знайшоў вакантнае месца, за гэты час збольшага адаптаваўся, у заробках выйграў амаль удвая. Палову кошту здымнай кватэры аплачвае фірма:

"Афіцыйна ніводная кампанія ў Беларусі не прызнае вам уплыў крызісу. Публічна, для піяру, для СМІ будуць гаварыць што заўгодна, абы ня праўду. Крызісу як бы і няма, маўляў, расьцём і разьвіваемся, хоць насамрэч лавіць у Беларусі няма чаго. Гэта адназначная мэнэджэрская пазыцыя нават у буйных ІТ-кампаніях. Як мне падаецца, нейкія станоўчыя зрухі калі і будуць, то не раней за наступны год, магчыма, нешта зьменіцца да лета наступнага году. Гэта абсалютна маё меркаваньне, ня ведаю, наколькі яно ў дадзенай сытуацыі апраўдаецца ўвогуле. Можа, вясна-лета. Але пакуль ня позна, раіў бы тым, хто яшчэ спадзяецца на цуд, на хуткія зьмены асабліва не разьлічваць".

Па словах спадара Андрэя, супрацоўніка адной з буйнейшых ІТ-кампаній Беларусі, унутраны крызіс праверыў на вытрымку перадусім невялікія фірмы, бальшыня якіх не дала рады новым умовам. Пачаўся працэс натуральнага адбору: калі каштоўных кадраў рознымі мэтадамі яшчэ намагаюцца ўтрымаць, то астатнім даводзіцца нешта шукаць самастойна:
Пакуль ня позна, раіў бы тым, хто яшчэ спадзяецца на цуд, на хуткія зьмены асабліва не разьлічваць

"Ёсьць такая праблема, але так заўсёды было, калі дзесьці адбываўся нейкі крызіс. І пра тое, каб зьехаць за мяжу, напэўна, кожны разважаў, шчыра кажучы. Магчыма, проста ня кожны падыходзіў да гэтага сур'ёзна. Прыкладам, ёсьць знаёмыя, якія працуюць у Маскве. Заробкі там, сапраўды, нашмат большыя, але ж, зь іншага боку, яны і на жыцьцё больш трацяць. Увогуле, буйныя канторы, якія маглі арыентавацца ня толькі на адзін рынак ці больш граматна падышлі да гэтага працэсу, здольныя перажыць крызіс і кампэнсаваць сваім супрацоўнікам фактар інфляцыі банальна за кошт росту даходаў сваім падначаленым. Аднак малыя канторы, вядома ж, не маглі гэтага гарантаваць, і з гэтай прычыны можна казаць пра натуральны адбор".

Узрушэньне пануе і ў навуковым асяродку. Колішні кіраўнік Інстытуту эканомікі Акадэміі навук Беларусі Генадзь Лыч кажа, што бальшыня акадэмічных устаноў існавала коштам дзяржаўнай падтрымкі. Цяпер жа і без таго сьціплае фінансаваньне зьвялося да мінімуму, што прымушае разглядаць варыянты заробкаў ня толькі ў Беларусі:

"Базавае фінансаваньне складае ў якіхсьці інстытутах 50%, а дзесьці ўжо нават болей. Я, напрыклад, памятаю, калі быў дырэктарам Інстытуту эканомікі, то ў апошні год базавае фінансаваньне па нашай установе складала 27%. Астатнія сродкі мы зараблялі самі. Але пры сёньняшняй сытуацыі, калі прадпрыемствы бяз грошай аказаліся, я нават не ўяўляю, як гэтыя сродкі па-за базавым фінансаваньнем акадэмічным інстытутам здабываць. Таму, натуральна, усе вельмі насьцярожаныя і знаходзяць выйсьце з амаль тупіковага становішча хто як можа".

Навуковец, колішні супрацоўнік Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту спадар Міхаіл кажа, што беларуская навука паступова можа перайсьці "на падножны корм". Найлепшыя кадры пад любой зручнай прычынай намагаюцца зьехаць зь Беларусі, а іх месца займаюць "двоечнікі", якія калі куды і прывядуць, то хіба што ў багну:
Сытуацыя для тых, хто ня мае магчымасьці працаўладкавацца дзесьці за мяжой, амаль безвыходная

"Ёсьць такая несуцяшальная тэндэнцыя, гэта відавочна. Ва ўнівэрсытэце хоць нейкі мізэрны заробак, але ж плацяць, а ў некаторых акадэмічных інстытутах увогуле адпраўляюць у адпачынак, сродкаў ні на якую дасьледчую працу няма абсалютна. Таму ўнутраны попыт на выпускнікоў унівэрсытэту ёсьць, бо кваліфікаваныя кадры зьяжджаюць за мяжу, а працаваць у акадэміі некаму ж трэба. Вось і бяруць нашых выпускнікоў, якія пры іншым раскладзе так высока не ўзьляцелі б. І хоць іх кар'ерны рост не на такім герархічным узроўні, як тут, але ж сытуацыя для тых, хто ня мае магчымасьці працаўладкавацца дзесьці за мяжой, амаль безвыходная".

Гарантыі пасьпяховага працаўладкаваньня за мяжой прэтэндэнтам ніхто не дае. Віцяблянін Ігар Райзман — сам у мінулым кампутаршчык — з марамі падзарабіць на гістарычнай радзіме падаўся ў Тэль-Авіў. Аднак праца знайшлася толькі на заводзе, і неўзабаве ён вярнуўся назад фактычна ні з чым:

"Вядома, не заўсёды ўсё складаецца гладка. У мяне адзін са знаёмых некалі скончыў прэстыжны Маскоўскі авіяцыйны інстытут, а працаваў простым рабочым на заводзе. Іншы вучыўся ва Ўкраіне, па спэцыяльнасьці фізык-ядзершчык, і зноў жа вымушаны працаваць на звычайным заводзе сьлесарам. То бок у тым жа Ізраілі прыежджым кудысьці прабіцца па спэцыяльнасьці вельмі складана. За мяжой ты асабліва нікому, нават бліжэйшым сваякам, часам ня вельмі патрэбен. У тым пляне, каб табе нехта дапамог, паклапаціўся пра тваё працаўладкаваньне, проста працягнуў руку дапамогі. Трэба быць гатовым да таго, што давядзецца спадзявацца на ўласныя сілы".

Экспэрты лічаць: пакуль беларускія ўлады будуць дэманстраваць няздольнасьць справіцца з глыбокім крызісам, які апанаваў усе галіны жыцьця, плынь ахвотных паспрабаваць уладкавацца па-за межамі Беларусі будзе толькі мацнець. Па некаторых ацэнках, блізу мільёна грамадзянаў краіны хоць сёньня гатовыя ад'ехаць зь Беларусі, бо апынуліся на мяжы беспрацоўя ці ня могуць існаваць на абясцэненыя заробкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG