Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жана Літвіна пракамэнтавала затрыманьне сябра арганізацыі, праваабаронца Алеся Бяляцкага.

«Тое, што праваабаронцы, сьледам з палітыкамі і журналістамі, сёньня апынуліся ў эпіцэнтры рэпрэсій, выглядае абсалютна лягічным. Менавіта яны ўзялі на сябе клопат пра сотні беларускіх палітрэпрэсаваных і іх сваякоў, не даўшы людзям застацца сам-насам зь бядой, разгубленасьцю, бездапаможнасьцю… Гэта самаахвярная праца, якая вымагае высокага прафэсіяналізму, і нашы праваабаронцы выдатна з ёй спраўляюцца.

Праваабарончы цэнтар „Вясна“ — гэта арганізацыя, якую добра ведаюць ва ўсім сьвеце. З 2004 года яна ўваходзіць у Міжнародную Фэдэрацыю Правоў Чалавека, а кіраўнік „Вясны“ Алесь Бяляцкі зьяўляецца віцэ-прэзыдэнтам МФПЧ.

Алесь — бясстрашны і прынцыповы чалавек. Ні ён, ні яго калегі ніколі не баяліся публічна адстойваць свае перакананьні, за што не раз былі прыцягнутыя да адказнасьці. Гэтыя адкрытасьць і цьвёрдасьць даюць надзею, што Алесь дастойна справіцца і з гэтым чарговым выпрабаваньнем.

Мы заклікаем улады неадкладна вызваліць Алеся Бяляцкага і спыніць перасьлед беларускіх праваабаронцаў. Сёньня ўся праваабарончая супольнасьць павінна кансалідавацца вакол гэтых патрабаваньняў», — цытуе прэсавая служба БАЖ Жанну Літвіну.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG