Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка вызваліў міліцэйскага карупцыянэра ад адказнасьці


Спыненая крымінальная справа ў дачыненьні да былога начальніка УУС Гарадзенскага аблвыканкаму Генадзя Хацько. Пра гэта паведаміла "Гродзенская праўда" са спасылкай на пракурора вобласьці Віктара Марозава.

Рашэньне аб вызваленьні Хацько ад крымінальнай адказнасьці прыняў Аляксандар Лукашэнка, паколькі былы галоўны міліцыянт Гарадзенскай вобласьці кампэнсаваў шкоду, перадае БелаПАН. Ён ужо выплаціў каля 30 мільёнаў рублёў. Уся арыштаваная маёмасьць вернутая ўладальніку.

Хацько інкрымінавалася зьдзяйсьненьне злачынства, прадугледжанага арт. 424 КК (злоўжываньне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі). Адзін з эпізодаў гэтай справы тычыўся незаконнага будаўніцтва катэджа. 3 лістапада 2009 году ўказам прэзыдэнта Хацько быў вызвалены ад пасады начальніка УУС і звольнены з органаў унутраных спраў. У лютым 2010 году Генэральная пракуратура Беларусі завяла ў дачыненьні да яго крымінальную справу і перадала яе для расьсьледаваньня ў пракуратуру Гарадзенскай вобласьці, але Хацько зьнік.

У абласную пракуратуру ён зьявіўся сам 5 лістапада 2010 году, прызнаў факты злоўжываньняў і заявіў, што гатовы пакрыць шкоду. Абраная на пачатку расьсьледаваньня ў дачыненьні да яго мера стрыманьня ў выглядзе заключэньня пад варту была заменена на падпіску аб нявыезьдзе.

Затым былы начальнік УУС напісаў хадайніцтва на імя Аляксандра Лукашэнкі з просьбай вызваліць яго ад крымінальнай адказнасьці ў сувязі зь вяртаньнем шкоды.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG