Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Вясна": Арышт Бяляцкага — помста праваабаронцам


Алесь Бяляцкі

Алесь Бяляцкі

Праваабарончы цэнтар "Вясна" з нагоды арышту яго старшыні Алеся Бяляцкага выступіў з заявай, у якой абвінавачвае ўлады ў жаданьні запалохаць увесь праваабарончы рух у Беларусі.

Крымінальную справу ў дачыненьні да Алеся Бяляцкага праваабарончы цэнтар "Вясна" "адназначна ўспрымае як расправу і помсту за ягоную шматгадовую праваабарончую дзейнасьць, а таксама як імкненьне зьнішчыць праваабарончы цэнтар "Вясна" і запалохаць увесь праваабарончы рух у Беларусі".

"Вясна" патрабуе неадкладнага вызваленьня Алеся Бяляцкага і спыненьня крымінальнага перасьледу ў адносінах да яго, заяўляе пра намер працягваць сваю працу, выказвае жаль, што дзяржаўныя органы Літоўскай Рэспублікі стварылі спрыяльныя ўмовы для зьяўленьня гэтай крымінальнай справы.

"Праваабарончы цэнтар "Вясна" канстатуе, што рэпрэсіўныя дзеяньні беларускіх уладаў вядуць да далейшай ізаляцыі краіны і ставяць Беларусь пад пагрозу магчымых эканамічных санкцый, віна за ўвядзеньне якіх цалкам кладзецца на ўрад", — гаворыцца ў заяве.

4 жніўня 2011 году ў межах крымінальнай справы, заведзенай паводле ч.2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь ("утойванне прыбыткаў у асабліва буйным памеры") быў затрыманы старшыня праваабарончага цэнтру "Вясна", віцэ-прэзыдэнт FIDH Алесь Бяляцкі. Санкцыя ў межах артыкула, які інкрымінуецца Алесю Бяляцкаму, прадугледжвае пазбаўленьне волі на тэрмін да сямі гадоў з канфіскацыяй маёмасьці.

Затрыманьню вядомага праваабаронцы папярэднічалі ператрусы ў яго дома і на лецішчы, на офісе ПЦ "Вясна".
XS
SM
MD
LG