Лінкі ўнівэрсальнага доступу

4 жніўня ў Беларусі прайшло некалькі судовых працэсаў над нібыта ўдзельнікамі маўклівых акцыяў пратэсту. Ва ўсіх выпадках затрыманыя адмаўлялі свой удзел у мерапрыемствах. Аднак судзьдзі не ўзялі гэтыя аргумэнты пад увагу.

Старшыня Менскай абласной арганізацыі Аб'яднанай грамадзянскай партыі Ўладзімер Малярчук, які жыве ў Вялейцы, сёньня сказаў "Свабодзе", што яго судзяць за ўдзел у мітынгу, якога насамрэч не было. Разам са спадаром Малярчуком судзілі яшчэ Маргарыту Селязьнёву і Зьмітра Капцюга. Спадарыня Селязьнёва падчас прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі зьбірала подпісы за вылучэньне Андрэя Саньнікава. А спадар Капцюг ужо адседзеў сем сутак за тое, што падчас адной з маўклівых акцыяў нібыта лаяўся матам.

Гэтым разам трох дэмакратычных актывістаў абвінавачваюць у правядзеньні несанкцыянаванага мітынгу ўвечары 3 жніўня. Уладзімер Малярчук абвяргае гэты факт і расказвае, што было насамрэч:

"Стаялі дзьве дзяўчыны. Да іх пасьля падышоў Зьміцер, а праз паўгадзіны — я. То бок сабраліся выпадкова. Мы не дамаўляліся пра сустрэчу, не абвяшчалі, як звычайна, пра акцыю. Гэта так спантанна атрымалася".

Актывіст АГП тлумачыць: Маргарыта Селязьнёва літаральна празь дзень зьбіралася назаўсёды зьяжджаць у Расею. Таму і завязалася размова пра жыцьцё — у беларусаў і ў расейцаў. І раптам наляцелі міліцыянты, схапілі людзей са словамі "тут забаронена праводзіць мітынгі".

Маладую маці з трохтыднёвым дзіцяткам, праўда, адпусьцілі. А астатніх трох адвезьлі ў міліцыю, дзе склалі пратакол пра нібыта несанкцыянаваны мітынг. Адтуль дакумэнты перадалі ў суд. І хоць гэта было ўжо а дзявятай гадзіне вечара, судовае паседжаньне адразу прызначылі на наступны дзень — 4 жніўня.

Судзьдзя Тацяна Борыс сёньня, калі ўжо пайшла дзявятая гадзіна вечара, вынесла такі вэрдыкт:

"Капцюгу – 7 сутак арышту, Малярчуку – 5, Селязьнёвай – штраф у памеры 10 базавых велічыняў".

4 жніўня абласны суд Берасьця разглядаў скаргі Аляксандра Марцэвіча і Паўла Жылінскага. Абодва яны першапачаткова былі асуджаныя судом Ленінскага раёну Берасьця за нібыта ўдзел у акцыях маўклівага пратэсту. Марцэвічу далі штраф у памеры 15 базавых велічыняў, Жылінскаму — 10.

Праваабаронца Ўладзімер Вялічкін кажа, што, зь яго пункту гледжаньня, абодва хлопцы не вінаватыя:

"Яны былі выпадковымі сьведкамі гэтай акцыі, але трапілі, як кажуць, пад раздачу. Таму яны вырашылі абскардзіць гэтае рашэньне. Але сёньня два судзьдзі, якія разглядалі гэтыя скаргі, правялі працэсы літаральна за некалькі хвілін. Прычым у абодвух выпадках былі працэсуальныя парушэньні: судзьдзі не пазнаёмілі прысутных зь іхнымі правамі.

А ў выпадку з Паўлам судзьдзя вынесла вэрдыкт, нават не зрабіўшы перапынку, каб прыняць рашэньне. І гэта сьведчыць пра тое, што рашэньні былі прадвызначаныя і напісаныя загадзя".

Абласны суд пакінуў у сіле рашэньні раённага суду.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG