Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міжнародны валютны фонд (МВФ) увязвае пачатак перамоваў аб новым крэдыце для Беларусі з наяўнасьцю ва ўладаў выразнага і публічнага пляну выхаду з крызісу, – заявіла агенцтву "Интерфакс-Запад" сталы прадстаўнік Фонду ў Беларусі Натальля Калядзіна.

"Місія МВФ пакуль ня можа прыехаць, паколькі ўлады не сфармулявалі і не прадставілі грамадзкасьці выразны адзіны плян па выхаду з крызісу", – сказала сп-ня Калядзіна, камэнтуючы стан спраў са зваротам беларускіх уладаў у МВФ аб выдзяленьні новага крэдыту, які быў накіраваны 31 траўня.

Яна нагадала, што ў пачатку чэрвеня ў Менску працавала місія па постпраграмным маніторынгу, у рамках працы якой адбылося абмеркаваньне папярэдніх умоваў для пачатку перамоваў аб крэдыце. Місія прапанавала ўраду і Нацбанку падрыхтаваць і апублікаваць праграму па выхадзе з крызісу разам зь мерамі структурных пераўтварэньняў у эканоміцы.

"Прайшло ўжо паўтара месяца з часу заканчэньня працы місіі, але значнага прагрэсу ў гэтай галіне няма", – канстатавала прадстаўніца МВФ. – Фонд чакае далейшых дзеяньняў уладаў. Мы працягваем пастаянны дыялёг, вядзём кансультацыі."

Між тым, яна адзначыла "пэўныя станоўчыя крокі”, якія ўжо зробленыя ўладамі. У прыватнасьці, сп-ня Калядзіна вылучыла абмежаваньне эмісійнага крэдытаваньня для фінансаваньня дзяржпраграм, ўзмацненьне жорсткасьці працэнтнай палітыкі, выкананьне бюджэту ў першым паўгодзьдзі з прафіцытам і намер уладаў скараціць у параўнаньні зь плянам дэфіцыт бюджэту па выніках году.

“Але праблема палягае ў тым, што выразная адзіная праграма выхаду з крызісу і захадаў структурных пераўтварэньняў для забесьпячэньня ўстойлівага эканамічнага росту не сфармуляваная і грамадзкасьць пра яе не паінфармавалі. Таму час для місіі яшчэ не надышоў”, – адзначыла прадстаўніца МВФ ў Беларусі.
XS
SM
MD
LG