Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адвакаты чакаюць ад Мін'юста "пасьлядоўнасьці і прыпыненьня ціску"


Мікіта Ліхавід з адвакаткай Дар'яй Ліпкінай

Мікіта Ліхавід з адвакаткай Дар'яй Ліпкінай

Міністэрства юстыцыі заявіла, што ня будзе забіраць ліцэнзіі ў адвакатаў Ганны Бахцінай і Дар'і Ліпкінай. Маўляў, інфармацыя, пададзеная ў звароце праваабаронцаў да спэцдакладчыка ААН у пытаньнях незалежнасьці судзьдзяў і адвакатаў Габрыэлі Кнаўль, мае нібыта паклёпніцкі характар. Мін'юст патрабуе тлумачэньняў ад Беларускага Хэльсынскага камітэту, які зьмясьціў тэкст звароту на сваім сайце.

Адвакаты Ганна Бахціна і Дар'я Ліпкіна абаранялі ўдзельнікаў Плошчы Ірыну Халіп і Мікіту Ліхавіда. 26 ліпеня яны не прайшлі пазачарговую атэстацыю, ініцыяваную Мін'юстам. Праваабронцы былі занепакоеныя пагрозай незалежнасьці адвакацкай супольнасьці Беларусі і зьвярнуліся да спэцдакладчыка ААН. У выніку Мін'юст вымушаны быў публічна заявіць, што ня будзе пазбаўляць ліцэнзій адвакатаў Ганну Бахціну і Дар'ю Ліпкіну, і выказаў прэтэнзіі да праваабаронцаў. Дар'я Ліпкіна сказала, што ёй пакуль нічога невядома пра намеры Мін'юста.
Я сёньня працягваю актыўна практыкаваць і спадзяюся, што буду практыкаваць і потым

"Правядзеньне атэстацыі і неатэстацыя так званая не вядзе да аўтаматычнага спыненьня дзейнасьці адваката. Бо атэстацыйная камісія не кампэтэнтная спыніць дзейнасьць і спыніць дзеяньне ліцэнзіі. Таму я сёньня працягваю актыўна практыкаваць і спадзяюся, што буду практыкаваць і потым. А рашэньне атэстацыйнай камісіі я абскардзіла".

Ганна Бахціна таксама абскардзіла рашэньне атэстацыйнай камісіі. І сёньня ўжо кваліфікацыйная камісія Мін'юста, якая мае паўнамоцтва пазбаўляць адвакатаў ліцэнзіі, павінна вынесьці канчатковае рашэньне. Адвакат Бахціна адзначае, што выснова атэстацыйнай камісіі — толькі першы крок на шляху да пазбаўленьня ліцэнзіі.

"Я заяўляла і заяўляю, што рашэньне гэтай тэрытарыяльнай камісіі насамрэч незаконнае і ніякага дачыненьня да мяне ня мае. Ні што, ні як, ні чаму — вось проста так некаму захацелася. Гэта несправядліва, няправільна. Я не пагадзілася з рашэньнем атэстацыйнай камісіі і яго абскардзіла. Калі мяне 26 ліпеня не атэставалі, я адразу ведала, што буду адстойваць свае правы на прафэсію і змагацца за тое, каб у прафэсіі застацца. Вялікі дзякуй усім, хто мяне падтрымлівае".

Ганна Бахціна зьвязвае рашэньне атэстацыйнай камісіі з тым, што абараняла Ірыну Халіп.

Кіраўнік Цэнтру прававых трансфармацый Алена Танкачова, чый подпіс таксама значыцца ў звароце да спэцдакладчка ААН у абарону адвакатаў, адзначае, што Мін'юст ня меў падставаў вінаваціць праваабаронцаў у распаўсюдзе інфармацыі, якую называе паклёпам.

"Мы атрымлівалі трывожныя паведамленьні ад цэлай групы адвакатаў, якія чакалі дадатковых адміністратыўных мераў узьдзеяньня з боку Мін'юста. Для нас гэта было трывожным сыгналам, які мы характарызавалі як другую хвалю адміністрацыйнага ціску".
Будзем чакаць ад Мін'юста пасьлядоўнасьці і прыпыненьня практыкі ціску

Паводле Алены Танкачовай, у выніку звароту да спэцдакладчка Мін'юст мусіў заявіць, што пытаньне адносна Ліпкінай і Бахцінай не стаіць на парадку дня.

"Цудоўна, значыць нашы апераджальныя дзеяньні, а менавіта зварот да спэцдакладчыка, як мінімум, не засталіся без увагі з боку Мін'юста. І пазытыўная навіна — тое, што Мін'юст не зьбіраецца ісьці далей па шляху адміністрацыйнага перасьледу адвакатаў, якія былі актыўна ўключаныя ў працэс прававой дапамогі для асуджаных па падзеях 19 сьнежня. Як гэта будзе ў рэальнасьці, мы зможам назіраць цягам бліжэйшых трох месяцаў. Будзем чакаць ад Мін'юста пасьлядоўнасьці і прыпыненьня практыкі ціску".

Алена Танкачова адзначае, што Мін'юст ня згадвае пра Паўла Сапелку, пра сям'ю адвакатаў Агеевых, пра Ўладзімера Тоўсьціка, якіх "проста выкінулі з прафэсійнай дзейнасьці".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG