Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апетыты гродзенскай міліцыі зьменшыліся


Стыхійная акцыя пратэсту ў Брузгах

Стыхійная акцыя пратэсту ў Брузгах

Памер пазову да ўдзельнікаў несанкцыянаванай акцыі ў Брузгах зьменшыўся ў два разы. На пачатку судовага працэсу сёньня прадстаўнікі абласной міліцыі падалі хадайніцтва, каб зьменшыць памер прэтэнзіяў да 36 удзельнікаў акцыі на суму 5 837 409 рублёў. Гэта ўжо трэцяя зьмена сумы пазову.

Працэс над удзельнікамі несанкцыянаванай акцыі ў Брузгах, які адбываецца ў Ленінскім судзе Горадні, закрыты. З залі суду выйшаў адзін з адказчыкаў, спадар Валеры, і паведаміў журналістам, што УУС Гарадзенскага аблвыканкаму зьменшыла суму пазову.

Сума ў 5 837 409 рублёў у папярэднім пазове была выстаўлена за кампэнсацыю грашовага забесьпячэньня супрацоўнікам міліцыі, якія ў той дзень несьлі службу ў Брузгах.

Цяпер жа ў хадайніцтве гаворыцца, што грашовае забесьпячэньне для супрацоўнікаў міліцыі, згодна з адпаведным рашэньнем, выплочваецца штомесяц за каляндарныя дні.

Адвакат Аляксандар Бірылаў адмовіўся камэнтаваць падзеі ў судзе, а толькі распавёў, што сёньня адбывалася на працягу дня.

Бірылаў: "Апытвалі адказчыкаў і тых, хто выставіў пазоў, каб высьветліць пазыцыю па пазове, і болей нічога. Пакуль ня ўсе яшчэ адказчыкі апытаныя і нават ня скончана першапачатковая стадыя працэсу".

Спадар Валеры, які самастойна пакінуў залю суду, распавядае, што зрабіў гэта на знак пратэсту супраць рашэньняў судзьдзі. Ён некалькі разоў патрабаваў адводу судзьдзі.

Спадар: "Таму што судзьдзя аднабакова разглядае справу, увесь час займае бок пракуратуры і супрацоўнікаў міліцыі. У мяне нават адабралі матэрыялы справы, калі я рабіў выпіскі, і не далі магчымасьці зь імі азнаёміцца".

Яшчэ адзін спадар распавядае, што прыяжджае на паседжаньні суду з Ваўкавыску ў якасьці сьведкі. У той дзень, зь яго слоў, ён з сынам ехаў на мяжу, але ў акцыі ўдзелу яны ня бралі, а сына тым ня менш прыцягнулі да адказнасьці. Спадар вельмі абураны тым, што адбываецца.

Спадар: "Дзяцей тады адправіў, каб паглядзелі, што там робіцца. Вярнуліся і кажуць, што забастоўка, ну, мы і паехалі назад. І вось ужо пяты раз сюды на суд цёгаюць. Я ўжо 400 тысяч аддаў на паліва, мне туды і назад зьезьдзіць — 150 кілямэтраў. А толку тут ніякага, ніхто нічога ня кажа".

4 жніўня стала вядома, што суд зноў перанесены.

Першапачаткова УУС Гарадзенскага аблвыканкаму выставіла ўдзельнікам акцыі ў Брузгах пазоў на шэсьць з паловай мільёнаў рублёў, на другім паседжаньні павялічыла суму да дзесяці з паловай мільёнаў, і вось сёньня зноў зьнізіла.

Увечары 12 чэрвеня на памежным пераходзе "Брузгі" ў Гарадзенскай вобласьці каля 200 чалавек перакрылі дарогу, абураныя тым, што мытнікі не выпускалі на тэрыторыю Польшчы кіроўцаў, якія выяжджалі туды другі дзень запар.

Мытнікі матывавалі свае дзеяньні рашэньнем ураду пра абмежаваньне і забарону вывазу за мяжу аўтамабільнага паліва і шэрагу спажывецкіх тавараў. Інцыдэнт доўжыўся тры гадзіны. Стыхійную акцыю спыніў спэцназ. 22 чалавекі былі затрыманыя і аштрафаваныя.
XS
SM
MD
LG