Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі будаўнік дома зарабляе 300 даляраў, у Расеі — 2000


Зьніжэньне заробкаў у выніку істотнай дэвальвацыі рубля прымушае дзясяткі тысяч беларусаў шукаць магчымасьці зарабіць за мяжой. Галоўным напрамкам працаўладкаваньня традыцыйна застаецца Расея, аднак многія жыхары памежных зонаў едуць і ў Польшчу.

У сярэдзіне ліпеня набыло моц міждзяржаўнае пагадненьне аб прававым статусе працоўных мігрантаў у рамках Мытнага саюзу, якое спрашчае працаўладкаваньне грамадзянаў Расеі, Беларусі і Казахстану на тэрыторыі кожнай з гэтых краінаў. Так, цяпер працадаўца можа запрашаць людзей на працу, абмінаючы працэдуру атрыманьня дазволу і без уліку штогадовых квотаў. Дазвол на працу ня трэба атрымліваць і самім мігрантам.

Гэткую палёгку, асабліва ва ўмовах вострага фінансава-эканамічнага крызісу, намагаюцца скарыстаць тысячы грамадзянаў Беларусі. Доказам таму — адсутнасьць квіткоў на цягнікі, якія адбываюць у Маскву ды Санкт-Пецярбург. Па падліках расейскіх чыгуначнікаў, нягледзячы на нятанную дарогу, штодня толькі ў расейскую сталіцу прыяжджаюць больш за 6 тысяч беларусаў, бальшыня якіх ужо там працуе ці толькі спрабуе працаўладкавацца.

Жыхар Петрыкава Вячаслаў Герасіменка сам доўгі час адпрацаваў на будоўлях у Маскве і кажа, што для жыхароў невялікіх гарадоў, вёсак цяпер гэта амаль адзіны шанец не памерці з голаду:

"Ну дык куды тут падзенесься? Таму з гарадоў, зь сяла едуць хлопцы масава. Ня раз такіх бачыў, як сам у Расею матаўся. А куды падацца — у калгас на 100 тысяч рублёў?".

Карэспандэнт: "Якія сярэднія заробкі на будоўлі ў Расеі?".

"Ніхто ня скардзіцца, што паганыя заробкі. Хоць, праўда, двое маіх
тысяча даляраў — гэта мінімум, сама бедна ...

суседзяў прыехалі, іх не пасьпелі да канца разьлічыць, але два тыдні пабылі і зноў паедуць. А што да заробкаў, то тысяча даляраў — гэта мінімум, сама бедна. Як мае суседзі, дык хваляцца, што меней чым на 2 тысячы даляраў ня езьдзяць. І толькі гэтым разам нейкая там тысяча атрымалася. Па іх замашках — "усяго толькі" тысяча, за месяц. Дзе ў Беларусі такія заробкі?".

У аршанкі Людмілы Клімавай Расею асвоіла ўся мужчынская палова сям'і. Значная частка жыхароў Воршы, карыстаючыся блізкасьцю да Расеі, пасьпяхова выкарыстоўвае такое геаграфічнае становішча. Па словах суразмоўніцы, досыць складана перажываць адсутнасьць мужа і сына, якія па месяцу-паўтара знаходзяцца па-за домам, але ў горадзе такіх грошай дакладна не зарабіць:

"Муж доўга рабіў, а цяпер і сын зьехаў. На будоўлі робяць. Прыедуць,
Тут зарабіць нерэальна нават на сьціплае жыцьцё ...

пабудуць і зноў ад'яжджаюць. Не заўсёды атрымліваецца, каб месяц там і потым месяц дома: хтосьці іх прывозіць, адвозіць, карацей, нейкая свая сыстэма. Але іншага выйсьця няма. Тут зарабіць нерэальна нават на сьціплае жыцьцё. Ну вось нам дадалі да пэнсіі: было амаль 700 тысяч, зараз стала на 100 тысяч болей. Дадаў, каб яшчэ і пэнсіянэры не пачалі абурацца, каб не кіпелі. Таму што цэны завоблачныя. Але што гэта за грошы? І тым ня меней — у Воршы ўсё спакойна. Нават у крамах ніхто асабліва не вядзе размовы пра кошты. Напэўна, зьмірыліся. Нейкае суцэльнае зацішша".

Нават афіцыйная статыстыка вымушаная прызнаць: у выніку дэвальвацыі і згортваньня камэрцыйнай актыўнасьці імпартэраў з-за немагчымасьці набыць валюту больш за 600 тысяч беларусаў будуць вымушаныя шукаць іншую працу. Колькі зь іх паспрабуюць шукаць шчасьця па-за межамі Беларусі — невядома, але тэндэнцыя на ад'езд ужо прасочваецца. Прычым ня толькі ў напрамку Расеі. Пінчук Зьміцер Шульпін часта выяжджае на працу ў Польшчу і кажа, што гэтая краіна нашмат больш папулярная ў жыхароў памежных Берасьцейшчыны і Гарадзеншчыны, чым Расея:

"Я рабіў візу ў ліпені, дык людзі ў чарзе са слоў консульскіх работнікаў
беларусам выдалі 180 тысяч працоўных візаў ...

казалі, што на той момант беларусам выдалі 180 тысяч працоўных візаў. І падставаў сумнявацца ў лічбах няма, паколькі ахвотных выехаць у Польшчу насамрэч вельмі шмат".

Карэспандэнт: "То бок — кірунак запатрабаваны?".

"Ну, калі такая вялізная колькасьць людзей езьдзіць цяпер, то няма асаблівых падставаў меркаваць, што гэтая тэндэнцыя раптам зьменіцца. Вядома, шмат будзе залежаць ад таго, як тут, у Беларусі, надалей будзе з працай, наколькі прымальны будзе заробак. Пакуль жа ўсё сьведчыць на тое, што станоўчых зьменаў ня будзе, таму альтэрнатыва ў выглядзе Польшчы ці Расеі будзе заставацца актуальнай".

Жыхар Баранавічаў Алег Калмыкоў зарабляе і ў Польшчы, і ў Расеі. Кажа, што працаваць даводзіцца шмат, але высілкі цалкам апраўдваюцца. Мінімальны заробак — тысяча даляраў. Для тых жа расейскіх працадаўцаў гэта невялікія грошы, бо запатрабаваньні мясцовых спэцыялістаў нашмат вышэйшыя. Беларусы ж, пазбаўленыя магчымасьці добрай аплаты на радзіме, такую суму лічаць высокай:

"Выяжджаюць — і скажу шчыра, што афармляецца гэта як афіцыйна, так і
Фармуюцца цэлыя брыгады і едуць на заробкі ...

падпольна. Фармуюцца цэлыя брыгады і едуць на заробкі. Нават у мяне, як у чалавека бывалага, часта запытваюць, ці ёсьць такія і такія спэцыялісты. Але я асабліва не рэкамэндую, бо спэцыяліст можа быць на словах, а потым да мяне будуць прэтэнзіі — каго я падсватаў? Але сапраўды езьдзяць многія знаёмыя — Масква, Піцер і далей. Ня толькі дамы будуюць, але і дарогі кладуць, вельмі шмат хто на дарожных працах. Хтосьці — на Польшчу, едуць садавіну зьбіраць. Дарэчы, шмат і жанчын, ня толькі мужчыны. Парадкам народу едзе. Там, вядома, трэба "ўкалваць", але людзі адпаведна і прывозяць. Добрыя працаўнікі патрэбныя ўсюды, таму ім і плацяць нармальна".

Адток кваліфікаваных кадраў ужо адчулі будаўнічыя фірмы Беларусі. Немагчымасьць канкураваць у заробках прывяла да таго, што кампаніі-забудоўшчыкі ня могуць утрымаць супрацоўнікаў, якія ў той жа Расеі за аналягічную працу будуць мець прыбыткі як мінімум утрая большыя. Калі да дэвальвацыі сярэднія заробкі ў будаўнічай галіне дасягалі 700—800 даляраў, то цяпер за цяжкую фізычную працу будаўнікі маюць у сярэднім 300 даляраў. Кампаніі яшчэ спрабуюць завабіць новых працаўнікоў бясплатнымі абедамі, жыльлём і сацыяльным пакетам, аднак супрацьстаяць расейскім прапановам усё больш складана.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG