Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палажанка: "Я гатовая адседзець і болей, абы да Дашкевіча дапусьцілі адваката"


Горацкі раённы суд пакараў адміністрацыйнымі арыштамі ад 5 да 17 сутак дзесяцярых актывістаў, якія 2 жніўня ля папраўчай калёніі № 9 дамагаліся, каб са зьняволеным у ёй лідэрам "Маладога фронту" Зьмітром Дашкевічам сустрэўся адвакат. Трое актывістаў запатрабавалі адвакатаў. Цяпер яны на волі. Разгляд іх справы адбудзецца 8 і 9 жніўня. Яшчэ аднаго актывіста пакаралі штрафам у памеры 30 базавых велічыняў.

Разглядалі справы судзьдзі Горацкага раённага суду ў Горках і Дрыбіне. У Дрыбінскі ізалятар часовага ўтрыманьня дзесяцярых зьняволеных ля горацкай турмы актывістаў прывезьлі позна ўвечары 2 жніўня. Як тлумачылі дрыбінскія міліцыянты, горацкі ізалятар быў перапоўнены, таму актывістаў прывезьлі да іх. У Горках тым часам засталіся ў няволі чацьвёра актывістаў.





Разгляд адміністрацыйных спраў пачаўся 3 жніўня нечакана — пасьля 18 гадзіны. У Дрыбін з Горак прыехалі двое судзьдзяў — Аляксандар Зайцаў і Віктар Ясковіч. Невялікімі групамі ў Дрыбінскі суд зь мясцовага ізалятара пачалі вазіць актывістаў. Разглядалі справы хутка. За першыя дзьве гадзіны прысуды вынесьлі шасьцярым актывістам. Сярод іх была й будучая жонка Зьмітра Дашкевіча Наста Палажанка. Судзьдзя Зайцаў прысудзіў ёй 12 сутак.

"Калі трэба, каб быў розгалас, і калі трэба даказаць беззаконьне, ці прачнулася ў кагосьці сумленьне, ці трэба, каб адміністрацыя калёніі выконвала закон, то я гатовая адседзець і больш. Калі дапусьцяць адваката, то ўсе праблемы скончацца", — заявіла адразу пасьля суду Наста Палажанка.

Самым працяглым быў разгляд справы незалежнай журналісткі Тацяны Шапуцькі. Віктар Ясковіч судзіў яе больш за паўтары гадзіны. Вырак — 10 сутак арышту:

"Я патрабавала ўсе пісьмовыя доказы, апытвалі сьведак, слухалі ўсе дыктафонныя запісы, што я рабіла й якія пацьвярджалі, што я сапраўды выконвала працу журналіста".

Карэспандэнт: "Судзьдзя не зьвярнуў на гэта ўвагі?"

Шапуцька: "Ён гэта ўлічыў, і ўсё".

Доказам віны Тацяны Шапуцькі быў аркуш паперы, які яна трымала ў руках. Суд палічыў, што гэта партрэт Дашкевіча, а значыць, яна ўдзельнічала ў несанкцыянаваным мерапрыемстве. Супраць журналісткі сьведчылі міліцыянты й супрацоўнікі калёніі. На судзе былі бацькі Тацяны й муж — Глеб Лабадзенка.

Тацяна Шапуцька і Юлія Міхайлава

За пяць гадзін суд прысудзіў арышты, акрамя Палажанкі й Шапуцькі, — Юлію Міхайлаву (10 сутак), Ганне Шарубе (13 сутак), Мікалаю Дземідзенку (17 сутак), Яўгену Скрабцу (10 сутак), Аляксею Санчылу (7 сутак), Раману Паншыну (5 сутак), Вячаславу Раманаву (10 сутак). Раман Васільеў запатрабаваў адваката. Разгляд яго справы адбудзецца 9 жніўня. Усе асуджаныя, паводле прысудаў, удзельнічалі ў несанкцыянаваным пікеце і не падпарадкоўваліся патрабаваньням міліцыі.

Асуджаныя ў Дрыбіне будуць адбываць свае пакараньні ў мясцовым ізалятары.

Таксама пасьля 18-й гадзіны судзілі й чатырох хлопцаў у Горках. Іван Шыла й Зьміцер Шурхай запатрабавалі адвакатаў, і іх адпусьцілі на волю да 8 жніўня. Сямёну Максімаву далі 10 сутак. Іх ён адбудзе ў горацкім ізалятары. Аляксандру Велічэнку судзьдзя Ірына Чаплыгіна спачатку дала сем сутак, але пазьней прысудзіла штраф — 30 базавых велічыняў. Аляксандар — адзіны з асуджаных, хто атрымаў адносна мяккае пакараньне. Ён студэнт і знаходзіцца на ўтрыманьні маці. Ён не адмаўляў, што ўдзельнічаў у пікеце ля турмы.

"Яны садзяць адразу на шмат "сутак", каб запалохаць, каб адбіць у людзей жаданьне наведваць такія, як наша, мерапрыемствы. Нельга быць абыякавым, калі ў краіне такая сытуацыя, калі Дашкевіч сядзіць, а мы ня ведаем, што зь ім, як ён. Да яго не пускаюць адваката. Мо ён там зьбіты, а мо яшчэ чаго горай", — кажа Аляксандар Велічэнка.

2 жніўня больш за тры дзясяткі актывістаў прыехалі ў горацкую турму, каб дамагчыся сустрэчы адваката са Зьмітром Дашкевічам. Пасьля таго як кіраўніцтва не дазволіла адвакату сустрэцца са зьняволеным актывістам, яго паплечнікі зладзілі пікет. Фармальная прычына адмовы — маўляў, Дашкевіч пісьмова не паведаміў кіраўніцтву, што хоча сустрэцца з адвакатам. Перш чым пікет разагналі, актывісты перадалі адміністрацыі турмы ліст, у якім выказалі асьцярогу, што з Дашкевічам у турме адбываецца нешта нядобрае, і ўсклалі віну за гэта на турэмшчыкаў.

Арышты за салідарнасьць з Дашкевічам
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:13 0:00
Наўпроставы лінк
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG