Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пераводы з-за мяжы як паказьнік працоўнай міграцыі


З прычыны адсутнасьці пашпартнага кантролю паміж Беларусьсю і Расеяй, а таксама больш лібэральных, чым для грамадзянаў іншых дзяржаваў, умоваў пражываньня беларускіх грамадзянаў у Расеі, дакладныя лічбы аб маштабах працоўнай міграцыі атрымаць даволі складана.

Магчымыя толькі ўскосныя ацэнкі, якія даволі моцна розьняцца.
Адзін з такіх ускосных паказьнікаў – гэта аб'ёмы грашовых пераводаў з-за мяжы. Зразумела, далёка ня ўсе грошы, якія беларусы зарабляюць у Расеі, яны пераводзяць дадому праз пошту, да таго ж гэтыя пераводы могуць адлюстроўваць адносіны, не зьвязаныя зь міграцыяй – дапамога сваякам, аплата прыватных даўгоў і г.д.

Тым ня менш прынамсі дынаміка аб'ёмаў гэтых пераводаў да пэўнай ступені зьяўляецца такім паказьнікам.

Цікавыя дадзеныя на гэты конт прыведзеныя на сайце дасьледчага цэнтру міграцыі і грашовых пераводаў МІРПАЛ.

Грашовыя пераводы фізычных асобаў у Рэспубліку Беларусь, млн. даляраў

2007 2008 2009 2010 2010, студзень-сакавік 2011, студзень-сакавік
Усе замежныя краіны 128.3 164.0 165.2 241.9 46.6 71.9
Расея 84.5 117.1 109.9 165.7 32.7 43.8


Калі ў 2008-2009 гадах аб'ем пераводаў з Расеі і з-за мяжы наагул заставаўся прыблізна на адным ўзроўні, то ў 2010 годзе назіраўся рэзкі (у параўнаньні з 2009 годам) рост пераводаў з-за мяжы і з Расеі ў прыватнасьці. Параўнаньне аб'ёмаў пераводаў за першы квартал мінулага і бягучага гадоў (рост на 54% з усяго астатняга сьвету, на траціну – з РФ), дазваляе меркаваць, што і па выніках году будзе назірацца рост аб'ёмаў гэтых пераводаў.

Калі разглядаць гэтыя аб'ёмы, як ускосны паказьнік працоўнай міграцыі, то прыведзеныя лічбы пацьвярджаюць рост гэтай міграцыі, у тым ліку і ў расейскім кірунку.

Паводле апытаньня http://www.svaboda.org/content/article/24093757.html
5% беларусаў атрымліваюць дапамогу ад некага, хто працуе за мяжою.
Іншыя постсавецкія краіны ў гэтай статыстыцы выглядаюць наступным чынам – Малдова (24%), Таджыкістан (21), Кіргізстан (15%), Армэнія (13%), Грузія (9%), Літва (7%), Латвія (6%), Эстонія (5%); астатнія – менш чым 5%.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

XS
SM
MD
LG