Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску адзначаецца сэзонны рост папуляцыі блох. Жывуць яны пераважна ў падвалах.

Як паведаміла БелаПАН намесьнік галоўнага лекара УП "Цэнтар прафіляктычнай дэзынфэкцыі" Сьвятлана Лабадзенка, падобная сытуацыя назіраецца штогод улетку, калі ствараюцца спрыяльныя ўмовы для размнажэньня блох. Узімку цыкл разьвіцьця кузуркі зь яйка можа расьцягвацца на некалькі месяцаў, а ўлетку ён скарачаецца да 15—30 дзён.

Блохі пераносяцца на катах і сабаках, але могуць кусаць і людзей. Блохі таксама могуць пераносіць узбуджальнікаў шэрагу захворваньняў.

"Цэнтар прафіляктычнай дэзынфэкцыі" па дамовах з ЖЭСамі ў цёплы час году абсьледуе падвальныя памяшканьні дамоў, а пры выяўленьні блох іх зьнішчаюць адмысловымі бэнзінавымі і электрычнымі ўстаноўкамі.

Акрамя таго, спэцыялісты цэнтру рэагуюць на скаргі, якія паступаюць непасрэдна ад жыхароў альбо ад ЖЭСаў. Тэрмін выкананьня заяўкі — на працягу тыдня: установак па зьнішчэньні блох у горадзе толькі чатыры, і існуе графік іх выкарыстаньня.

Паводле слоў спэцыяліста, у ліпені колькасьць апрацаваных супраць блох жылых дамоў у Мінску ўзрасла амаль да 2 тыс., тады як у чэрвені гэты паказчык складаў крыху больш за 1 200 (усяго цэнтар абслугоўвае больш за 5 тыс. жылых дамоў). Скаргаў на няякасную апрацоўку не паступала, у адрозьненьне ад мінулага года, калі з-за высокіх тэмпэратур прэпараты часта не аказвалі жаданага дзеяньня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG