Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Руслан Усьціменка: "На маім прыкладзе хацелі запалохаць як мага больш народу"


Гомельскі грамадзкі актывіст Руслан Усьціменка (на здымку) за ўдзел у акцыях "Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку" адседзеў у ізалятары 30 сутак адміністрацыйнага арышту. Гэта найбольшы тэрмін пакараньня за "аплядысмэнты нязгодных". 22-гадовы студэнт-завочнік заплаціў за "Рэвалюцыю…" яшчэ і штраф — 770 тысяч рублёў.

Сёньняшняя серада для "рэвалюцыянэра" — на волі, папярэднія ж чатыры, калі ладзіліся акцыі пратэсту, прайшлі за кратамі.

Руслан кажа, што ў яго няма нейкага вялікага расчараваньня з прычыны такіх асабістых вынікаў масавай акцыі пратэсту:
Калі б вярнуць час назад, я зрабіў бы ўсё тое ж самае. Хіба толькі ў нейкіх выпадках больш абачліва сябе паводзіў

"Калі б вярнуць час назад, я зрабіў бы ўсё тое ж самае. Хіба толькі ў нейкіх выпадках больш абачліва сябе паводзіў. Але цярпець сілаў ужо не было.

Мая дзейнасьць пачалася, можна сказаць, 19 сьнежня — тады я езьдзіў у Менск. І калі пабачыў, што робіць рэжым, зразумеў, што заставацца надалей абыякавым ужо нельга. І калі крыху пазьней пачаўся рост цэнаў, зьніклі даляры, калі пачалася ўся гэтая неразьбярыха, наўпрост сядзець на месцы сілаў не было".

Спадар Усьціменка лічыць "Рэвалюцыю праз сацыяльную сетку" даволі ўдалай акцыяй. Не было б яе — шукаў бы нейкі свой мэтад пратэсту.

Пільную ўвагу міліцыі й спэцслужбаў да сваёй асобы Руслан тлумачыць гэтак:

"Альбо таму, што я адкрыта заяўляў у сацыяльнай сетцы, што іх не баюся, што я адкрыты іх праціўнік. Альбо таму, што калі мяне затрымалі першы раз, можна сказаць, выпадкова, і прысудзілі штраф, я моцна "засьвяціўся". Мне гуртам дапамаглі заплаціць штраф, падтрымалі маральна й матэрыяльна. І мяне, як без малога гомельскую зорку, вырашылі моцна пакараць, каб усім бачна было, што любога чалавека можна прыбраць з дарогі. Запалохаць як мага больш народу — такая, на мой погляд, у іх была мэта".

Паводле Ўсьціменкі, розгалас маўклівай акцыі пратэсту сярод розных слаёў насельніцтва абумоўлены сацыяльнымі прычынамі:

"Людзям хочацца свабоды, людзям хочацца добра жыць. Людзі, і асабліва маладыя, бачылі розныя краіны, бачылі нармальнае жыцьцё. У інтэрнэце ўсе чытаюць пра сярэдняя заробкі там і тут. Я некаторы час жыў у Санкт-Пецярбургу й бачыў, як пэнсіянэры прыяжджаюць на адпачынак. А ў нас пэнсіянэр можа іншы раз дазволіць сабе хіба кавалак каўбасы. Наўпрост барацьба ідзе як за цяперашняе жыцьцё, так і за будучыню. Усім хочацца быць упэўненымі ў заўтрашнім дні. А калі ты глядзіш афіцыйнае тэлебачаньне, то табе трэба перакладаць усё наадварот. Калі сказалі, што заўтра падаражэньня ня будзе, то, канечне, трэба бегчы ў краму, бо заўтра ўсё падаражэе".

Акцыі дасягнулі сваёй мэты: пра нязгодных даведаліся людзі
У ізалятары Руслану Ўсьціменку не дазвалялі карыстацца тэлефонам, хоць ён напісаў звыш дзясятка заяваў. Ужо цяпер ён даведаўся, што апошнія дзьве серады ў Гомелі людзі ніяк сябе не выяўлялі ў замоўленых месцах збору — ні аплядысмэнтамі, ні праз тэлефонныя званкі. Нягледзячы на гэткі фінал, грамадзкі актывіст лічыць: маўклівыя акцыі дасягнулі сваёй мэты — пра нязгодных даведалася грамада:

"Акцыі дасягнулі сваёй мэты: пра нязгодных даведаліся людзі. І калі арганізатары не даўмеліся своечасова яе спыніць, то гэта зрабілі самі людзі сваімі нявыхадамі. Бо сядзець 15 сутак ні за што (міліцыя груба прыпісвала арыштаваным лаянку) — па-першае, небясьпечна, а па-другое, няма сэнсу. Усе, хто хацеў і мог даведацца пра нязгодных, усе даведаліся. Калі раней была хваля абурэньня, то зараз будзе нейкае зацішша. Людзі крыху адпачнуць. Крыху пазьней усё адновіцца. І акцэнт ляжа на людзей старэйшага ўзросту. Яны ходзяць у крамы, бачаць кошты, яны плацяць крэдыты. Менавіта людзей з заводаў варта прасьвятляць, прыцягваць да актыўнага руху".

Бліжэйшым часам сам Руслан Усьціменка будзе імкнуцца не трапляць на вочы міліцыі:

"Я думаю, што мне на некаторы час трэба зьехаць. У Гомелі мне будзе цяжка знайсьці працу: каму патрэбны супрацоўнік, які можа ў любы дзень раптоўна зьнікнуць на 15 сутак? Апасаюся яшчэ й таго, што мяне ў любы час могуць схапіць на вуліцы, як гэта ўжо было, і прысудзіць ня суткі, а нешта большае. Ня ведаю, знойдуць у кішэні джынсаў 2 кілё гераіну ці што-кольвечы яшчэ".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG