Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абяцаюць, што будзем жыць, як да крызісу. За кошт чаго?


Калі першы віцэ-прэм'ер Сяргей Румас заклікае адмовіцца ад палітыкі беспадстаўнай крэдытнай эмісіі, то кіраўнік ураду Міхаіл Мясьніковіч абяцае захаваць прыбыткі беларусаў на ўзроўні мінулага году. Якім чынам можна пакінуць нязьменнымі сацыяльныя гарантыі для грамадзянаў Беларусі пры цяперашнім эканамічным становішчы? Экспэрты канстатуюць: толькі друкаваньнем нічым не падмацаваных грошай.

Міхаіл Мясьніковіч падчас паседжаньня Савету міністраў заявіў, што рэальныя прыбыткі насельніцтва ў 2011 годзе павінны быць не ніжэйшыя за ўзровень мінулага году. Зазначым, што ад пачатку году беларускі рубель абясцэніўся на 75%, тым часам як індэксацыя заробкаў бюджэтнікам вагаецца ў межах 10—15%. Якім чынам можна выканаць падобныя абяцаньні? Сваё меркаваньне выказвае доктар эканамічных навук Уладзімер Кулажанка:

"Справа ў тым, што прыбыткі мінулага году захаваць ня ўдасца ні пры якім раскладзе. Калі наш эканамічны рост вылічваецца на аснове бягучых цэнаў сёньняшняга дня і параўноўваецца з аб'ёмам вытворчасьці мінулага году пры цэнах, якія былі значна ніжэйшыя, то мы сапраўды атрымліваем эканамічны рост. Таму што, па сутнасьці, у нас ня вызначаныя каэфіцыенты ацэнкі. Прыкладам, у савецкай эканоміцы да пэўнага пэрыяду быў такі паказьнік: рост вытворчасьці ў цэнах 1913 году, да І Усясьветнай вайны, потым у цэнах 1929 году, калі эканоміка была адноўленая. А цяпер на базе якога году вызначаецца рост? Няма гэтага паказьніка! Можна пісаць усялякую лухту. Таму гэта абсалютна папулісцкія заявы".

Агучваючы гадавыя заданьні, спадар Мясьніковіч падкрэсьліў: галоўны акцэнт у сваёй працы ўрад павінен зрабіць на "праблемах чалавека, на ўзроўні яго жыцьця". У 2011 годзе, па словах кіраўніка ўраду, рэальныя даходы насельніцтва павінны быць не ніжэйшыя, чым летась. Варта нагадаць, што акрэсьленая летась задача давесьці сярэднія прыбыткі беларусаў да ўзроўню 500 даляраў праваліліся з прычыны амаль 60-працэнтнай дэвальвацыі. Таму, на думку эканаміста Сяргея Балыкіна, заявы чыноўнікаў ня маюць нічога супольнага з рэаліямі:

"Лепш нешта падобнае заявіць пазьней, чым ніколі, але ж тут ёсьць некалькі іншых пытаньняў. Найперш — за якія сродкі плянуецца арганізаваць такі дабрабыт? І што гэта ўрэшце за сабой пацягне? Справа ў тым, што мы бярэм для сябе язвы як капіталізму, так і сацыялізму. Так атрымліваецца, што ў сваіх так званых рэформах Беларусь ідзе нейкім трэцім шляхам, але ж гэты трэці шлях вядзе толькі ў трэці сьвет. На жаль, асобнага шляху ва ўмовах рынкавай эканомікі не існуе, мы можам ісьці альбо ў сацыялізм, альбо ў капіталізм, альбо ў сьвет нейкіх непрадказальных афрыканскіх краінаў. Хоць апошнія, па справядлівасьці, самі ўжо ідуць да капіталізму. Таму, калі нешта зробяць, тады і будзем казаць — зрабілі. Пакуль жа, апроч заяваў, не зрабілі нічога".

Урадавыя чыноўнікі хваляцца: у параўнаньні з 2010 годам палепшыліся паказьнікі рэнтабэльнасьці, што павінна дадатным чынам адбіцца на эканамічным становішчы беларусаў. Маўляў, упершыню за многія гады рост экспарту тавараў у першым паўгодзьдзі перавысіў рост імпарту.

Між тым, на думку экспэртаў, дадзеная прапорцыя тлумачыцца досыць проста: многія імпартэры вымушаныя згарнуць дзейнасьць, бо ня маюць легальнага доступу да валюты. Але, як кажа фінансавы аналітык Сяргей Чалы, калі трымацца падобнай лёгікі, то статыстыка наступных месяцаў будзе яшчэ больш аптымістычная. Па яго словах, спыненьне прытоку замежных аўтамабіляў пасьля ўвядзеньня непад'ёмнага для спажыўцоў расейскага мыта зробіць агульную карціну ўвогуле ідэальнай:

"Як ні дзіўна, з гледзішча макраэканомікі ледзьве ня ўсе выгады ад Мытнага саюзу, якія атрымлівала Беларусь, хаваліся якраз у скарачэньні імпарту ўжываных аўтамабіляў з-за мяжы. Практычна цалкам усе тыя "вясёлыя" лічбы, якія выходзілі з-пад пяра чыноўнікаў, зыходзілі з таго, што гандлёвы балянс паляпшаўся за кошт аднае рэчы: імпарт падаў у фізычным выражэньні дзякуючы спыненьню аўтамабільных паставак. Наколькі гэта "добра" для насельніцтва — пытаньне спрэчнае. Але з пункту гледжаньня макраэканомікі — гэта ў пэўнай ступені адносна станоўчы вынік".

Аналітыкі перакананыя: абяцаньне беларускіх уладаў забясьпечыць дабрабыт насельніцтва на ўзроўні дакрызіснага 2010 году можа падмацоўвацца толькі такімі непапулярнымі эканамічнымі мэтадамі, як уключэньне друкарскага станка. А гэта якраз тая прычына, чаму міжнародныя інстытуцыі не сьпяшаюцца адкрываць Беларусі крэдытныя лініі. Чым больш будзе непадмацаваных грошай, якія ланцуговай рэакцыяй спараджаюць некантраляваную інфляцыю, тым меней падставаў, каб спрабаваць уратаваць прыгнечаную эканоміку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG