Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Загад Аляксандра Лукашэнкі стварыць з 1 студзеня 2012 году Сьледчы камітэт, які будзе наўпрост падпарадкоўвацца яму асабіста, па-рознаму ўспрыняты ў грамадзтве.

У афіцыйных паведамленьнях праводзяцца аналёгіі з Фэдэральным бюро расьсьледаваньняў ЗША і Сьледчым камітэтам Расеі. "Сьвет даўно ўжо рэалізаваў гэта. Давайце возьмем лепшае", — сказаў Аляксандар Лукашэнка і ўсклаў пэрсанальную адказнасьць за стварэньне новай структуры на кіраўнікоў Савету бясьпекі і Камітэту дзяржкантролю.

Ці новая для Беларусі ідэя незалежнага ад традыцыйных сілавых ведамстваў Сьледчага камітэту? Былы сьледчы пракуратуры Алег Воўчак нагадаў, што ў сярэдзіне 1990-х экс-міністар унутраных спраў Юрый Захаранка таксама выказваўся за тое, каб перадаць усе сьледчыя дзеяньні з розных ведамстваў у асобны Сьледчы камітэт. Гэта неабходна, каб пазьбегнуць міжведамаснай вайны і эфэктыўна змагацца з карупцыяй, мяркуе Алег Воўчак:

"Згадайце хаця б апошнія 10 гадоў. Адны сілавікі садзяць другіх, тыя трэціх, звычайна сваіх канкурэнтаў. А ў сваім ведамстве хаваюць злачыннасьць і карупцыю. Да таго ж ідзе рознае фінансаваньне, грошы на адно і тое ж марнуюць".

Паводле прапаноў Юрыя Захаранкі, адзіная сьледчая структура павінна была падпарадкоўвацца не прэзыдэнту, а парлямэнту. З гэтым згодны былы сьпікер Вярхоўнага Савету, генэрал-лейтэнант міліцыі Мечыслаў Грыб:

"Сапраўды, каб было больш справядлівасьці і незалежнасьці сьледзтва, сьледчы камітэт павінен быць асобным. Яго трэба аддзяліць ад праваахоўных органаў, зрабіць самастойным. Прыкладам, КДБ сам і затрымлівае людзей, якія падазраюцца ў падведамных яму злачынствах, і
Трэба, каб усё было самастойна і незалежна: адны шукаюць і затрымліваюць, другія расьсьледуюць, трэція — таксама незалежныя — судзяць.

сам расьсьледуе гэтыя справы. Але гэта можа і замінаць высьвятленьню праўды па справе. Тое самае і адносна міліцыі: і шукаюць злачынцаў, і расьсьледуюць самі. А трэба, каб усё было самастойна і незалежна: адны шукаюць і затрымліваюць, другія расьсьледуюць, трэція — таксама незалежныя — судзяць. Чацьвёртыя — утрымліваюць падчас адбыцьця пакараньня. Гэтае пытаньне таксама сёньня ці заўтра ўзьнікне, бо органы ўтрыманьня злачынцаў не павінны знаходзіцца ў падпарадкаваньні міліцыі, пракуратуры ці каго яшчэ. Гэтак робіцца ўва ўсім сьвеце, і прыблізна так ужо ёсьць і ў Расеі".

Мечыслаў Грыб ставіць прынцыповую ўмову эфэктыўнасьці новаўвядзеньня: толькі калі сьледчыя функцыі забяруць ад усіх іншых сілавых структураў і перададуць Сьледчаму камітэту. "Інакш зьявіцца новая структура-канкурэнт, і парадку стане яшчэ меней", — кажа Мечыслаў Грыб.

Дзейнасьць незалежнага ад паліцыі Сьледчага камітэту Расеі, як і падпарадкаваньне расейскіх турмаў Міністэрству юстыцыі, не пазбавіла гэтую краіну шматлікіх фактаў злоўжываньняў з боку сьледчых і
У такой краіне, як Беларусь, дзе ўсе людзі ў пагонах скіраваныя на вырашэньне галоўнай мэты — гэта захаваньне ўлады любым коштам — няма чаго разьлічваць на лібэралізацыю ўлады.

турэмшчыкаў, заўважае лідэр АГП Анатоль Лябедзька. На думку палітыка, у беларускіх умовах таксама ня варта чакаць заўважных вынікаў ад стварэньня яшчэ адной праваахоўнай структуры. Што тычыцца ўплыву на палітычную сытуацыю, ён будзе мінімальны, мяркуе лідэр АГП:

"У такой краіне, як Беларусь, дзе ўсе людзі ў пагонах скіраваныя на вырашэньне галоўнай мэты — гэта захаваньне ўлады любым коштам — няма чаго разьлічваць на лібэралізацыю ўлады. На тое, што закон стане больш моцным у параўнаньні з загадам ці ўказам. Мяркую, на палітычным клімаце гэта ніяк не адаб'ецца і на лібэралізацыю сытуацыі ў Беларусі не паўплывае. Вядома, калі б у нас было вяршэнства закону, то стварыць такі сьледчы камітэт ды вывесьці яго з-пад усіх сілавых структураў — гэта дало б вынік, але агульная практыка на нас, на жаль, не распаўсюджваецца".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG