Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кампанія "Гавары праўду" пасьля паўгадавога перапынку, выкліканага крымінальным ды іншым перасьледам яе прыхільнікаў, аднаўляе актыўную дзейнасьць. Пра гэта сёньня заявіў лідэр кампаніі Ўладзімер Някляеў, які прэзэнтаваў новую стратэгію пад назвай "Зратуем Беларусь".

У рамках стратэгіі "Зратуем Беларусь" актывісты кампаніі "Гавары праўду" ў адпаведнасьці з Канстытуцыяй, якая гарантуе грамадзянам права заканадаўчай ініцыятывы, пачнуць збор подпісаў пад трыма законапраектамі.

Законапраекты прадугледжваюць абавязковае дэкляраваньне даходаў і расходаў чыноўнікаў і іх сем'яў, усенароднае рашэньне грамадзянаў у справе прыватызацыі важных для бюджэту краіны прамысловых аб'ектаў, а таксама гарантаваньне права ўласнасьці грамадзян на зямлю і кампэнсацыю стратаў, абумоўленых эканамічным крызісам.

Уладзімер Някляеў назваў новы этап дзейнасьці кампаніі "стратэгіяй дзеяньняў":

"Пасьля нейкага перапынку на паўгода, які быў выкліканы тым, што актывісты кампаніі "Гавары праўду" хто сядзеў, хто быў пад хатнім арыштам, каго прэсавалі ўпотай, — зараз больш-менш маюць магчымасьць дзейнічаць, і мы ня сталі марудзіць з гэтымі дзеяньнямі".



Збор подпісаў пачаўся 3 жніўня. Першым падпісаўся сам Уладзімер Някляеў. Да 25 верасьня кампанія мяркуе сабраць 150 тысяч подпісаў, пасьля чаго будзе дамагацца разгляду сваіх законапраектаў у Палаце прадстаўнікоў. У цэлым жа новая стратэгія кампаніі разьлічаная да канца наступнага году, да меркаваных выбараў у Палату прадстаўнікоў. Аднак Уладзімер Някляеў адмовіўся прызнаць, што гэтая стратэгія можа стаць нейкім трамплінам перад выбарамі:

"Пры палітзьняволеных ніякай размовы пра ўдзел у нейкіх палітычных дзяржаўных акцыях ісьці ня можа. Гэта выключаецца. Але мы думаем — хоць мы, праўда, ужо ў гэтых прагнозах памыліліся, — але думаем, што ўжо гэтай восеньню палітзьняволеныя будуць вызваленыя. Такая сытуацыя, бо ўсё, што цяпер адбываецца, адбываецца ў рамках эканамічнага крызісу".

Уладзімер Някляеў заклікаў іншыя апазыцыйныя сілы далучыцца да стратэгіі "Зратуем Беларусь" і заявіў, што з гэтымі трыма законапраектамі ягоны рух прыйдзе на Народны сход 8 кастрычніка. Ён пазытыўна ацаніў маўклівыя акцыі пратэсту, якія арганізоўваліся праз сацыяльныя сеткі цягам двух месяцаў у многіх гарадах Беларусі:

"З гэтай акцыяй насамрэч трэба вельмі асьцярожна абысьціся. Яна вельмі эфэктыўная. Мне было б шкада, калі б гэты агеньчык, які паўлета прагарэў, пад восень, калі мы чакаем узмацненьня сацыяльных пратэстаў, узяў і затух".

Уладзімер Някляеў мяркуе, што ў маўклівых акцыях лепш зрабіць перапынак, чым нарабіць памылак. Спадар Някляеў разам з тым абвінаваціў у імпэрскасьці расейскага прэм'ера Ўладзімера Пуціна, які зрабіў заяву наконт пажаданасьці аб'яднаньня Расеі і Беларусі:

"Калі Пуцін пойдзе на выбары, то зразумела, што ў кантэкст ягонай палітыкі вельмі добра ляжа гэтае спрадвечнае жаданьне Расеі пашырацца і пашырацца".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG