Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі пройдзе інвэнтарызацыя зямель у пацярпелых ад Чарнобылю раёнах з мэтай павелічэньня плошчаў, уцягнутых у абарот. Аб гэтым паведаміў сёньня начальнік дэпартамэнту ліквідацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС Міністэрства надзвычайных сытуацый Уладзімір Чэрнікаў.

Як падае БЕЛТА, рашэньне аб правядзеньні інвэнтарызацыі зямель у пацярпелых рэгіёнах прынятае па выніках паседжаньня прэзыдыюму Савету міністраў і па даручэньні прэм'ер-міністра Беларусі.

Як патлумачыў Уладзімір Чэрнікаў, на працягу двух месяцаў спэцыялістам зацікаўленых міністэрстваў і ведамстваў, а таксама навукоўцам Нацыянальнае акадэміі навук трэба будзе вывучыць стан зямель у пацярпелых рэгіёнах і ўнесьці прапановы аб магчымасьці іх выкарыстаньня ў далейшым.

Па яго словах, трэба будзе вырашыць пытаньне аб магчымым выкарыстаньні тэрыторыі плошчай каля 10-15 тыс. гектараў. За 25 гадоў, якія прайшлі пасьля катастрофы на ЧАЭС, ужо адбыўся паўраспад такіх элемэнтаў, як цэзій і стронцый, якімі ў асноўным і заражаныя тэрыторыі. Таму цяпер становіцца актуальным пытаньне аб мэтазгоднасьці выкарыстаньня такіх зямель. Паводле меркаваньня спэцыялістаў, некаторыя з гэтых зямель можна выкарыстоўваць пад пасадку лесу, травяных культур, магчыма, не для вырошчваньня харчовай прадукцыі, а для вырошчваньня прадукцыі насеньняводзтва, тэхнічнага выкарыстаньня.

У той жа час Уладзімір Чэрнікаў падкрэсьліў, што некаторыя з тэрыторый заражаных раёнаў не падлягаюць апрацоўцы. Напрыклад, тэрыторыя Палескага запаведніка выведзена з абароту не на адну сотню гадоў.

Начальнік дэпартамэнту зьвярнуў увагу, што працэс увядзеньня зямель у абарачэньне ня будзе аднамомантным, многае будзе залежаць ад эканамічнай мэтазгоднасьці іх выкарыстаньня.

Паводле энцыкляпэдыяў, пэрыяд паўраспаду радыяактыўнага ізатопу стронцыя 90Sr, які ўтвараецца пра ядзерных выбухах і падчас працы ядзерных рэактараў, – 28,9 года. Пэрыяд паўраспаду цэзія-137 складае 30 гадоў. Стронцый адкладаецца у касьцях чалавека і аказвае выключна нэгатыўны ўплыў на задроўе, аж да злаякасных хваробаў касьцей і крыві.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG