Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Някляеў за «віртуальную рэч»


Уладзімер Някляеў

Уладзімер Някляеў

Уладзімер Някляеў падтрымлівае ідэю стварэньня рады па арганізацыі грамадзянскага пратэсту, аднак лічыць, што гэта павінна быць не якая-небудзь арганізацыя, а "віртуальная рэч" у форме нарады. Аб гэтым ён заявіў 3 жніўня на прэс-канфэрэнцыі ў Менску.

Кандыдат у прэзыдэнты на выбарах 2010 году, лідэр кампаніі "Гавары праўду!" расцэньвае акцыі маўклівага пратэсту як "вельмі эфэктыўныя". Але цяпер, лічыць Някляеў, з гэтай ідэяй трэба "абысьціся ашчадна", каб яна "канчаткова ня згасла". На думку палітыка, ня трэба даваць уладам падставы канчаткова задушыць пратэст, у сувязі з чым ён прапануе зрабіць у акцыях перапынак да восені.

У арганізатараў маўклівага пратэсту былі "відавочныя памылкі", аднак, падкрэсьліў Някляеў, ён "не хацеў бы гнобіць гэтых хлопцаў".

Цягам апошніх двух месяцаў у розных гарадах Беларусі па серадах адбываліся акцыі маўклівага пратэсту, ініцыяваныя інтэрнэт-супольнасьцю "Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі". Іх фармат неаднаразова мяняўся. Напярэдадні чарговай акцыі ў інтэрнэце зьяўлялася інструкцыя, якой прытрымліваліся ўдзельнікі.

Першыя акцыі зьбіралі тысячы людзей у Менску і сотні - у рэгіёнах, пасьля колькасьць удзельнікаў стала скарачацца. Апошняя акцыя, 27 ліпеня, стала самай нешматлікай і непрыкметнай.

Зьніжэньню грамадзянскай актыўнасьці шмат у чым спрыялі жорсткія дзеяньні ўладаў: разгон і затрыманьне ўдзельнікаў акцый і выпадковых мінакоў, штрафы і працяглыя адміністрацыйныя арышты найбольш актыўных грамадзян.

29 ліпеня ў сацыяльнай сетцы "Вконтакте" быў апублікаваны адкрыты ліст аднаго з адміністратараў інтэрнэт-супольнасьці "Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі" Вячаслава Дыянава, у якім ён прапанаваў стварыць раду па арганізацыі пратэстаў, у якую ўвойдуць палітыкі, аналітыкі, палітолягі і іншыя вядомыя асобы.

Як адзначалася ў лісьце, ёсьць рызыка таго, што ініцыятыва "Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі" можа зайсьці ў тупік. "Цяжка гэта прызнаваць, але мы імкнемся быць сумленнымі адзін з адным. Мы імкнуліся зрабіць усё, каб аб'яднаць беларускае грамадзтва, але ня ўлічвалі важны фактар - нам не хапала досьведу, дзесьці нашы ідэі былі максымалісцкімі. З-за гэтага мы сутыкнуліся з шэрагам праблем ", - прызнаў Дзіянаў.

На ягоную думку, рада па арганізацыі пратэстаў можа каардынаваць сваю дзейнасьць дыстанцыйна: "Скайп ёсьць ва ўсіх. Абярэм час, напрыклад, адзін раз на тыдзень, калі мы зможам абмеркаваць важныя пытаньні і прыняць рашэньні па акцыях і па далейшай дзейнасьці, а мы як інтэрнэт-актывісты зробім усё магчымае, каб увасобіць нашы агульныя пляны ў жыцьцё ".

У інтэрвію БелаПАН Дзіянаў паведаміў, што ідэю даверыць "плянаваньне акцый і стратэгіі прафэсіяналам і аўтарытэтным людзям" падтрымала больш за 80% тых, хто прыняў удзел у галасаваньні на старонцы інтэрнэт-супольнасьці "Вконтакте".

Ён таксама заявіў, што на яго ініцыятыву "адгукнуліся вельмі вядомыя людзі", прычым "іх сьпіс папаўняецца штодня". Паводле Дзіянава, першая інтэрнэт-нарада прайшла ўвечары 2 жніўня. Ён ня стаў называць прозьвішчы яе ўдзельнікаў, адзначыўшы толькі, што гэта "людзі, якія ўдзельнічаюць у палітыцы" і якія "самі могуць даць інтэрвію на гэтую тэму". На нарадзе абмяркоўваліся напрамкі далейшай дзейнасьці. Прынятае рашэньне неўзабаве будзе вывешана на старонцы групы "Вконтакте", - сказаў Дзіянаў.
XS
SM
MD
LG