Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракуратура зрабіла заўвагу міліцыі адносна затрыманьняў журналістаў


Рэспубліканская пракуратура высьветліла, што падчас адной з маўклівых акцый міліцыянты пры затрыманьні журналістаў "Эўрапейскага радыё" парушылі закон, і запатрабавала ад МУС прыцягнуць вінаватых да дысцыплінарнай адказнасьці.

Таксама генпракуратура ўказала Міністэрству ўнутраных спраў на неабходнасьць дадатковага вывучэньня супрацоўнікамі міліцыі беларускага заканадаўства.

Пра гэта 3 жніўня ў пракуратуры Беларусі паведамілі журналістам, якія ў ліпені падпісалі зварот з просьбай забясьпечыць ім умовы для працы падчас масавых акцый. Нагадаем, усяго зварот падпісалі 30 супрацоўнікаў мэдый, якія заявілі, што пацярпелі ад дзеяньняў міліцыі. На сустрэчы ў пракуратуры 3 жніўня было 7 прадстаўнікоў мэдый.

Супрацоўнікі пракуратуры Беларусі ў размове з журналістамі нагадалі ім пра неабходнасьць таксама выконваць закон падчас працы на масавых акцыях. Асобна было нагадана пра права міліцыянтаў абмяжоўваць доступ грамадзянаў да пэўных месцаў у мэтах бясьпекі ў адпаведнасьці з 25 артыкулам Закону аб міліцыі. Журналісты ў адказ нагадалі прадстаўнікам пракуратуры, што ўсе затрыманьні, пашкоджаньні працоўнай тэхнікі ды іншыя дзеяньні адносна іх праводзілі людзі, якія не былі ў міліцэйскай форме, не называлі сябе і не зьвярталі ўвагі на пасьведчаньні супрацоўнікаў мэдый. У Генэральнай пракуратуры параілі, каб журналісты не пакідалі бяз скаргаў дзеяньні адносна сябе, якія яны лічаць незаконнымі.
XS
SM
MD
LG