Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Словы Пуціна – перадвыбарчая рыторыка»


Міхал Пагрэбінскі
Міхал Пагрэбінскі
Так камэнтуе заявы расейскага прэм'ера Ўладзімера Пуціна наконт пажаданасьці аб'яднаньня Беларусі і Расеі дырэктар Кіеўскага інстытуту палітычных дасьледаваньняў і канфлікталёгіі Міхаіл Пагрэбінскі.

Пагрэбінскі: Што да фразы Пуціна, што Аляксандар Лукашэнка пасьлядоўна ідзе шляхам інтэграцыі з Расеяй, то яе варта было б успрымаць у іранічным духу. Што да астатніх яго выказваньняў наконт Беларусі, то ва Ўладзімера Ўладзімеравіча не было іншага адказу на пытаньне. Яго філязофія дзяржаўніцкай пазыцыі палягае ў тым, што Расея павінна пашыраць свой уплыў туды, куды магчыма, альбо яна губляе энэргетыку, губляе сэнс існаваньня як вялікай дзяржавы.

І зразумела, што Беларусь - гэта першы накірунак, куды можна пашырыць расейскі ўплыў. Але там насамрэч у гэтай палітыкі больш няўдачаў, чым дасягненьняў. І за апошнія гады ў Беларусі істотна зьменшылася колькасьць людзей, якія хацелі б аб'яднаньня з Расеяй у адзіную дзяржаву.

Так што я мяркую, што гэта больш рыторыка, зьвязаная з выбарчай кампаніяй. Гэта больш ідэалягічнае пазыцыянаваньне, чым практычная палітыка.

Дракахруст: А ці можа цяперашні эканамічны крызіс у Беларусі зрабіць для беларусаў пэрспэктыву аб'яднаньня з Расеяй больш прывабнай? Такую думку выказваюць некаторыя расейскія экспэрты. Паводле іх, матывацыя беларусаў да незалежнасьці прагматычная: калі яна забясьпечвае добрае жыцьцё - яны за. Калі не - магчымыя варыянты.

Пагрэбінскі: Мне гэта лёгіка падаецца сумнеўнай. Мне здаецца, што ў Беларусі ўжо шмат моладзі пабывала ў Эўропе і наўрад ці яны будуць успрымаць сытуацыю менавіта так. Калі б такая сытуацыя была гадоў 10 таму, магчыма, і сапраўды ўзмацнілася б пазыцыя інтэграцыі з Расеяй. Але я мяркую, што зараз "цягнік сышоў".

Дракахруст: Які ўплыў падобныя заявы расейскага прэм'ера могуць зрабіць на ўкраінска-расейскія адносіны? Пуцін гэтай заявай фактычна паказаў, што далёкія пляны Масквы адносна суседзяў -- гэта ўсё ж рэінтэграцыя ў нешта, кшталту СССР. І гэтыя пляны маюць на ўвазе ня толькі Беларусь, але і Ўкраіну таксама.

Пагрэбінскі: Я гэта так не ўспрымаю. Я успрымаю гэта як рыторыку, зьвязаную ў тым ліку і з будучай выбарчай кампаніяй у Расеі. А ва Ўкраіне толькі ўнутраныя працэсы могуць зьмяніць стаўленьне да незалежнасьці. Сёньня большасьць падтрымлівае незалежнасьць. Але у нас ёсьць праблемы ўнутрыўкраінскай інтэграцыі. Калі будзе паглыбляцца раскол паміж часткамі краіны, і эліта ня зможа нічога гэтаму супрацьпаставіць, магчыма, мы будзем сьведкамі іншага трэнду.
А пакуль я ня думаю, што словы Пуціна варта ўспрымаць як пэўную пагрозу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG