Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У крызіс колькасьць прыхільнікаў незалежнасьці Беларусі будзе зьмяншацца»


Яўген Мінчанка
Яўген Мінчанка
«У момант крызісу відавочна, што карабель знакамітага беларускага эканамічнага цуду дае цечу і можа наагул патануць,» - кажа расейскі палітоляг, дырэктар Міжнароднага інстытуту палітычнай экспэртызы Яўген Мінчанка, камэнтуючы заявы расейскага прэм'ера Ўладзімера Пуціна наконт пажаданасьці аб'яднаньня Беларусі і Расеі.

Мінчанка: Тэма магчымага аб'яднаньня Расеі і Беларусі дастаткова даўно прысутнічае ў ідэалёгіі расейскага кіраўніцтва, яна ўзьнікла яшчэ пры Ельцыне. Сучасная саюзная дзяржава можа і далей паглыбляцца, але праблема ў тым, што прынцып парытэту пры несупастаўнасьці эканамічных патэнцыялаў і насельніцтва дзьвюх краін стварае пэўныя складанасьці. Так што тэма ўваходжаньня Беларусі ў Расею існуе. Але я не выключаю, што могуць пайсьці іншым шляхам -- стварэньня наднацыянальных органаў Мытнага саюзу і ЭўрАзЭС, не выключаю, што ў пэўны момант гэтае новае інтэграцыйнае ўтварэньне можа ўзначаліць Уладзімер Пуцін.

Дракахруст: А гэтыя заявы ня могуць быць проста перадвыбарчым піярам?

Мінчанка: Гэта не падыходзіць як перадвыбарчы піяр. У расейскай масавай сьвядомасьці сёньня тэма імпэрыі, пашырэньня межаў прадстаўленая дастаткова слаба. Зразумела, ёсьць рэшткавая настальгія па распаду СССР, балазе спаўняецца 20 гадоў, але я ня думаю, што такога кшталту заявы прынясуць Пуціну і "Адзінай Расеі" колькі-небудзь прыкметныя электаральная дывідэнды.

Дракахруст: А як з Расеі бачыцца ступень гатоўнасьці беларусаў да аб'яднаньня Беларусі і Расеі? У Расеі, праўда, зь Беларусі чутны пераважна адзін голас – Аляксандра Лукашэнкі, але тым ня менш.

Мінчанка: У момант крызісу відавочна, што карабель знакамітага беларускага эканамічнага цуду дае цечу і можа наагул патануць. Таму колькасьць людзей у Беларусі, якія зьяўляюцца прыхільнікамі незалежнасьці любой цаной, непазьбежна будзе зьніжацца. Да таго ж у Беларусі, у адрозьненьне ад Ўкраіны ці краін Балтыі, даволі слабая традыцыя этнічнага нацыяналізму. Таму я мяркую, што пры правядзеньні агітацыйнай кампаніі колькасьць людзей, якія выступаюць за максымальную інтэграцыю з Расеяй, можа рэзка павялічыцца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG