Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рада дырэктараў Міжнароднага валютнага фонду мяркуе разгледзець вынікі місіі па постпраграмным маніторынгу 29 жніўня.

Пра гэта паведамілі карэспандэнту "Свабоды" ў прадстаўніцтве МВФ у Беларусі.

"Ня выключана, што нехта з дырэктараў можа ўзьняць пытаньне пра крэдыт для Беларусі. Але гэта пакуль невядома. У дырэктарат уваходзяць прадстаўнікі шэрагу краінаў", сказалі ў прадстаўніцтве МВФ.

Таксама ў прадстаўніцтве ўстрымаліся ад камэнтароў адносна ліста шасьці амэрыканскіх сэнатараў. Сталая прадстаўніца МВФ у Беларусі Натальля Калядзіна сказала, што гэта не ў яе кампэтэнцыі, яна не працуе на ЗША.

Місія скончыла працу ў Беларусі 13 чэрвеня. На выніковай прэс-канфэрэнцыі ў Менску кіраўнік місіі МВФ па Беларусі Крыс Джарвіс адзначыў, што пытаньні пра канкрэтныя памеры і тэрміны магчымага крэдыту Міжнароднага валютнага фонду для Беларусі яшчэ не разглядаліся. А абмеркаваньню павінны папярэднічаць сур’ёзныя эканамічныя і фінансавыя пераўтварэньні ў Беларусі. На пытаньне, ці можа паўплываць на рашэньне МВФ наконт выдзяленьня Беларусі крэдыту палітычная сытуацыя ў краіне, Крыс Джарвіс адказаў, што "МВФ не выстаўляе палітычныя ўмовы для сваіх крэдытаў".

У межах новай праграмы супрацоўніцтва з МВФ афіцыйны Менск разьлічвае прыцягнуць ад 3,5 да 8 мільярдаў даляраў. Заяўку ў МВФ, каб той выдзеліў стабілізацыйны крэдыт, урад і Нацыянальны банк Беларусі накіравалі 31 траўня.
XS
SM
MD
LG