Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнта Эгіпту даставілі ў суд на насілках


Хосьні Мубарак у судзе

Хосьні Мубарак у судзе

У Эгіпце пачаўся судовы працэс над былым прэзыдэнтам краіны Хосьні Мубаракам, які абвінавачваецца ў карупцыі і датычнасьці да гібелі сотняў дэманстрантаў сёлета ў лютым. Па другім абвінавачаньні прадугледжанае сьмяротнае пакараньне.

83-гадовага Мубарака даставілі ў будынак суда на насілках. Яго перавезьлі верталётам у Каір з Шарм-аш-Шэйха, дзе экс-прэзыдэнт ад красавіка знаходзіўся на лячэньні. Паводле адвакатаў, у яго сур'ёзныя праблемы са здароўем.

Працэс праходзіць у будынку паліцэйскай акадэміі ў прыгарадзе Каіру - пры ўзмоцненых мерах бясьпекі. Акрамя Хосьні Мубарака на лаве падсудных двое яго сыноў, экс-міністар унутраных справаў Хабіб аль-Адлі і шэсьць былых высокапастаўленых афіцэраў паліцыі.

83-гадовы Мубарак сышоў у адстаўку 11 лютага ў выніку масавых акцый пратэсту на плошчы Тахрыр у цэнтры Каіру, якія доўжыліся амаль тры тыдні. За гэты час у выніку сутыкненьняў з паліцыяй загінулі каля 850 дэманстрантаў.

Ад красавіка Мубарак знаходзіцца пад арыштам у клініцы курортнага гораду Шарм-эш-Шэйх.

Паводле назіральнікаў, многія эгіпцяне скептычна ставяцца да судовых слуханьняў і ня вераць, што часовы ўрад Эгіпту, які складаецца з армейскага камандаваньня, сапраўды пакарае Мубарака.

Гэта паваротны момант для Эгіпту, зазначаюць камэнтатары, і калі б Мубарак не паўстаў перад судом, незадаволенасьць эгіпцян зноў магла выліцца ў сур'ёзныя вулічныя канфрантацыі. Сёньня ўжо паведамлялася аб нядоўгачасовай сутычцы паміж прыхільнікамі і праціўнікамі Мубарака ля будынка акадэміі.

XS
SM
MD
LG